Рознакаляровыя фарбы яе жыцця

Культура

   У цёплай, сяброўскай атмасферы ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” прайшла творчая сустрэча з аўтарам выставы “У любым узросце тварыце” Аленай Іванаўнай Рамановіч.

Наведвальнікі могуць убачыць прадстаўленыя ёй вышытыя гладдзю ручнікі, навалачкі, абрусы, а таксама падузорнікі, карункі. На бялюткім палатне рознакаляровымі фарбамі зіхацяць кветкі. Гэта хараство нельга апісаць словамі.

Гледзячы на прыгожыя вырабы, адразу разумееш, што працаваў над імі не мясцовы майстар. Вышыўка значна адрозніваецца ад валожынскай і прыцягвае ўвагу яркасцю і каларытнасцю. Сапраўды, Алена Іванаўна нарадзілася і вырасла на Браншчыне ў Расіі. У шматдзетнай сям’і акрамя яе выхоўваліся чатыры старэйшыя браты. З мастацтвам вышывання наша гераіня пазнаёмілася яшчэ ў раннім дзяцінстве. Спачатку назірала за працай матулі, а пасля і сама пачала патрохі асвойваць гэту хітрую навуку. У дванаццацігадовым узросце дзяўчынка ўжо добра вышывала. Некаторыя з дзіцячых работ Алена Іванаўна захоўвае да гэтага часу.

Калі наступіла пара сталення, лёс закінуў Алену ў Беларусь. Яна ўладкавалася на завод у Маладзечне. Менавіта тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пасля вяселля маладая сям’я асталявалася ў вёсцы Дайнава, адкуль быў родам абраннік жанчыны. Неўзабаве пайшлі дзеткі, іх у Алены Іванаўны трое.

Мясцовыя жыхары і асабліва родныя мужа хутка палюбілі прыгожую працавітую дзяўчыну. Жылося ў той час нялёгка. На кволыя плечы нашай гераіні лёг клопат аб паралізаванай свекрыві. Калі пайшла працаваць даяркай на мясцовае сельгаспрадпрыемства, то малога сыночка прыходзілася браць з сабой на дойку. Час быў складаны, зарплату не атрымлівалі месяцамі. Выжывалі толькі за кошт уласнай гаспадаркі і прысядзібнага ўчастка. Алена Іванаўна, якая вырасла ў працавітай сям’і, годна пераадольвала ўсе цяжкасці, ніколі ні на што не скардзілася. Застаецца толькі здзіўляцца, як пры такой загружанасці жанчына знаходзіла час на любімую справу. Яна старалася кожны дзень урваць хвілінку і позна вечарам ці ноччу заняцца рукадзеллем – павышываць замыславатыя ўзоры, кветкі родных палёў і лугоў. Гаворыць, што за гэтым заняткам забывалася пра ўсе клопаты, атрымлівала душэўную асалоду.

Сёння наша гераіня – шчаслівая жонка, маці, цешча, свякроў і бабуля. На вяселлях дзяцей выкарыстоўвалі толькі ручнікі, што былі вышыты рукамі Алены Іванаўны. Сыны і дачка беражліва захоўваюць падораныя матуляй цудоўныя вырабы. Жанчына радуецца, калі да яе прыязджаюць унукі, стараецца прыгатаваць для іх нешта смачненькае, надзяліць сваёй увагай. А яшчэ марыць, што і на іх вяселлях на сватоў павяжуць прыгожыя бабуліны ручнікі.

Са сваім мяккім, памяркоўным характарам А. І. Рамановіч не можа прайсці міма чужога болю, таму цяпер даглядае пажылога чалавека. Яшчэ яна – актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Жанчына паспявае ездзіць на рэпетыцыі ў мясцовы цэнтр культуры і на разнастайныя выступленні. Заўсёды вельмі турбуецца, каб усё атрымалася. Славіцца наша гераіня на ўсю акругу і як выдатны кулінар. З-пад яе рук выходзяць духмяныя пірагі, мяккі хлеб, што пячэ па рэцэпту сваёй маці, і розныя іншыя стравы. Любімаму ж свайму занятку не здраджвае – вышыўцы гладдзю і сёння аддае кожную вольную хвілінку.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Рознакаляровыя-фарбы-яе-жыцця-1

Рознакаляровыя-фарбы-яе-жыцця-2



Добавить комментарий