У вёсцы яны не госці

Общество

  Цяпер многія вёсачкі набылі другое жыццё, дзякуючы прытоку дачнікаў. Нават тыя з гараджан, якія не маюць трывалых вясковых каранёў, ратуюцца ад мітусні і тлуму мегаполісаў у вясковай цішы. Тут не проста дыхаецца лягчэй, тут захаваліся іншыя адносіны паміж людзьмі, іншы ўклад…

  Стаяла тая восеньская пара, калі забыцца пра лета не давала цяпло, калі сонечныя промні казыталі твар і палісаднікі вабілі погляд стракатым кветкавым дываном. У вёсцы Раманаўшчына Дорскага сельсавета на рэдакцыйнай “Волзе” апынуліся зусім выпадкова, таксама ехалі далей ад цэнтральных сядзіб. У адным з двароў убачыла дзяўчынку і адчыніла брамку. На голас з дому выйшла настолькі маладжавая жанчына, што я нават прыняла яе за маці малой, аказалася – бабуля. Гаспадыня ціснула яблычны сок, яе муж у гэты час дапамагаў суседу капаць бульбу. Наталля Міхайлаўна гасцінна запрасіла на каву. За кубкам і пачалася шчырая размова пра жыццё.

  Сама гаспадыня родам з Лагойскага раёна. У Раманаўшчыне бацькаўшчына Валерыя Валянцінавіча. Але менавіта сюды, бы магнітам, цягне ўсю іх сям’ю. Калі едуць у вёску, не забываюцца ўзяць і старэйшую сястру Леаніду, якая таксама жыве ў Мінску. Даўно няма бацькі, 10 гадоў як пайшла з жыцця маці, а дом не пустуе. Наадварот, напаўняецца маладымі галасамі ўнукаў і праўнукаў.

  …Не апошнімі людзьмі былі ў вёсцы Валянцін Іванавіч і Ганна Іванаўна Ганчарыкі. Галава сям’і некаторы час узначальваў сельскі Савет дэпутатаў, а на пенсію пайшоў з пасады загадчыка фермы ў калгасе “Чырвоны сцяг”, пераемнікам якога цяпер з’яўляецца СВК “Дорскі”. Маці працавала галоўным бухгалтарам у тым жа калгасе. Выгадавалі траіх дзяцей. Дом мелі звычайны, драўляны, амаль адразу пры ўездзе ў населены пункт. Не тыя былі часы. Гэта пазней дамы кіраўнікоў у вёсцы сталі ўзводзіцца бы тыя панскія палацы. Ганчарыкі жылі, як і ўсе. Адной сям’ёй з суседзямі, сваякамі, далёкімі і блізкімі. І дзеці іх таксама былі змалку прывучаны да любой вясковай працы. І не проста ўмелі яе рабіць, навука тая і сёння трымае іх у добрай фізічнай форме.

  З надыходам вясны перасяляюцца ў Раманаўшчыну мінчане Ганчарыкі. Іх унучачка, трохгадовая Аляксандра, адчувае сябе тут паўнапраўнай гаспадыняй. У яе верных сябрах не толькі мясцовыя бабулькі, мужчыны, але і ўся жыўнасць, каты і сабакі. На прыродзе дзяўчынка нагульвае апетыт, шчочкі яе ружавеюць, у дом не загнаць да позняга вечара, столькі знаходзіцца спраў, пакуль бабуля з дзядулем займаюцца  звыклымі сялянскімі. Акрамя таго, што прывялі ў больш прывабны выгляд сам дом, зрабілі касметычны рамонт, садзяць градкі, самыя папулярныя сельгаскультуры, з якіх затым поўным ходам робяць нарыхтоўкі на зіму. Абнавілі фруктовы сад, бязлітасна павысякалі старыя дрэвы, што толькі стваралі цень і не давалі пладоў. Немалое месца ў двары цяперашняя гаспадыня адвяла кветкам. Толькі тут Наталля Міхайлаўна змагла канкрэтна рэалізаваць сваё даўнейшае захапленне, для якога ў горадзе не было размаху. Кветак высаджвае каля 250 відаў. У планах – дызайнерскі падыход да іх размяшчэння, каб колькасць пераходзіла ў якасць.

  Сапраўдны гонар Ганчарыкаў – парк, які сваімі сіламі пасадзілі на беразе рэчкі, якраз насупраць падворка. Стройнымі радкамі стаяць бярозкі, елкі, клёнікі, дрэўцы ўжо прыжыліся і набіраюць моц. А папярэдне гараджане ачысцілі ўчастак рэчкі, да якога прылягае будучы парк. Усё лета па меры неабходнасці Валерый па-гаспадарску абкошваў тую нічыйную тэрыторыю. За ўсё, што робіцца ў Раманаўшчыне, яму, карэннаму жыхару, баліць душа. Ён жадае, каб вёска жыла і працвітала, каб яго дзеці і ўнукі імкнуліся сюды, як сам. Ганчарыкі жывуць з поглядам у заўтра, і планаў у іх – на дзесяцігоддзі.

  Калісьці вёска была даволі буйным населеным пунктам. Праўда, усё менш застаецца карэнных жыхароў. Прыкладна дамах у 15 жывуць па аднаму-два чалавекі, і не ўсе застаюцца тут на зіму. Але і дачнікі, да іх ліку Ганчарыкі сябе ні ў якім разе не прылічваюць, Раманаўшчыну горшай не зрабілі. Яны ўсе добра ўпісаліся ў тутэйшы побыт, шануюць традыцыі. Наталля ж гаворыць, што шмат чаму вучыцца ў дачнікаў. І пра карэнных вяскоўцаў кажа, што яны вельмі сумленныя людзі. Чужое ніколі не возьмуць. Таму ў Мінску яны заўсёды спакойныя за сваё дабро, за сам дом. “Самыя лепшыя Канары, – сцвярджаюць муж і жонка Ганчарыкі, – гэта бацькаўшчына”. 40 хвілін язды ад сталіцы – і душа адпачывае, а рукі самі просяцца за работу.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий