Пабагацеў дзіцячы храм ведаў

Культура

    Паважаныя чытачы! У дзіцячую бібліятэку паступілі новыя кнігі з займальнымі прыгодамі! Развіваць пазітыўны погляд на свет лепш з ранняга дзяцінства. І без пачуцця гумару тут не абысціся. У новых кнігах шмат смеху і весялосці, а значыць, і добрага настрою. Кнігі дапамогуць развіць пачуццё гумару, якое паскорыць інтэлектуальнае развіццё дзіцяці і дапаможа стаць выдатным суразмоўцам у будучыні.

Серыя «Прыгоды мядзведзяняці Расмуса» Карла і Вільгельма Хансен для малодшага школьнага ўзросту – гэта кнігі дацкіх пісьменнікаў пра адважнага і добрага маленькага мішку і яго вясёлых і знаходлівых сяброў – Пінга, Пелле і Цюленя, якія ўжо даўно заваявалі сусветнага чытача. Кожная гісторыя – займальныя прыгоды, пацешныя сітуацыі, а часам і фантастычныя падзеі. Цыкл графічных гісторый з добра адаптаваным для дзяцей тэкстам чытаецца гэтак жа лёгка, як і ўспрымаецца на слых, і цалкам супадае з сюжэтнымі малюнкамі. Вясёлыя ілюстраваныя гісторыі зможа зразумець нават той, хто яшчэ не ўмее чытаць. А для тых, хто гэта ўжо ўмее, кнігі стануць выдатнай трэніроўкай. Палёт фантазіі і бура станоўчых эмоцый забяспечаны і тым, і другім!

Галоўнага героя серыі «Прыгоды Пеці Рыжыка» і яго сяброў, сабак Міка і Мука, прыдумаў галоўны рэдактар дзіцячага ілюстраванага часопіса «Вясёлыя карцінкі», геніяльны мастак Іван Сямёнаў. Пеця Рыжык заўсёды хацеў стаць падарожнікам, і яго мара здзейснілася. Разам з вернымі сябрамі ён пабываў у многіх цікавых месцах нашай планеты, пад вадой, пад зямлёй і нават у космасе! Яны часта траплялі ў неверагодныя і нават небяспечныя сітуацыі, але заўсёды знаходзілі нестандартны выхад. Ды і сам Пеця ва ўсіх адносінах станоўчы герой. Ён кемлівы, смелы, надзейны сябар, добра ведае гісторыю і геаграфію, валодае шматлікімі навыкамі па зборцы, канструяванні і мадэляванні.

Серыя кніг «Лес Сяброўства. Чароўныя гісторыі аб звярках». Казачны свет Лесу Сяброўства, населенага ветлівымі жывёламі і каварнымі тролямі, быў прыдуманы Дэйзі Медоус, аўтарам звышпапулярнай серыі Rainbow Magic пра прыгоды фей. Галоўныя гераіні яе новай серыі для дзяцей ад 5 да 9 гадоў – сяброўкі Лілі і Джэс. Абедзве дзяўчынкі так любяць жывёл, што гатовы ўвесь вольны час праводзіць, дапамагаючы падапечным ветэрынарнай клінікі. Іх прыгоды пачынаюцца, калі незвычайная кошка Голд прыводзіць іх у чароўны лес… Мілыя калматыя сябры з чароўнага лесу не пакінуць абыякавымі ні маленькіх чытачоў, ні іх бацькоў!

Серыя кніг «Прыгоды чароўных лялек». Холі Вебб – англійская пісьменніца, аўтар бэстсэлераў для дзяцей і падлеткаў. Папулярнасць ёй прынеслі выдатныя кнігі пра хатніх любімцаў – кацянят і шчанюка. Гэтыя кранальныя гісторыі вучаць юных чытачоў добраму стаўленню да жывёл, чуласці, адказнасці і клопату. Сотні дзяцей ва ўзросце 6-11 гадоў палюбілі кнігі Холі Вебб і сталі сапраўднымі фанатамі яе творчасці.

Фонд бібліятэкі працягвае папоўняцца добрымі гісторыямі пра звяроў: «Шчанюк Кнопачка або Разумная малая», «Шчанюк Сэм, або Скрадзенае шчасце», «Молі маленькая чараўніца», «Шчанюк Люсі, або Перапалох на вакацыях» і інш.

Сью Бэнтлі – сусветна вядомая дзіцячая пісьменніца, яе творы перакладзены больш чым на дваццаць моў. У Вялікабрытаніі яе ведаюць і любяць не менш за Холі Вебб, а цяпер кнігі ўпершыню выйшлі і ў Расіі. «Прыгоды чароўных звяркоў» – адна з самых любімых серый у дзяцей розных краін. Яе тыраж ужо перавысіў тры мільёны асобнікаў! Кнігі можна падзяліць на 4 цыклы, кожны з якіх прысвечаны аднаму звярку. Чароўныя героі ратуюцца ў нашым свеце ад злых чар, жывуць у звычайных дзяцей і дапамагаюць ім справіцца з рознымі цяжкасцямі. У кожнай кнізе ёсць гульні (лабірынт, знайдзі словы) і часткі паслання, якое можна прачытаць, сабраўшы ўсе кнігі цыклу.

Серыя «301 гісторыя». Зручныя кнігі для загружаных бацькоў! Яны працягваюць серыю казак, якія можна чытаць доўга-доўга – цэлы год. Дзецям спадабаюцца добрыя і павучальныя гісторыі, разбітыя на маленькія ўрыўкі. З гэтымі творамі дзецям не давядзецца адпускаць ўпадабаных герояў, таму што кожная кніга – казка з працягам.

Усе пералічаныя серыі напоўнены непадробнай шчырасцю, захопленасцю, лёгкасцю апавядання і ненадакучлівым элементам выхавання важных чалавечых якасцяў: адказнасці, чуласці, працавітасці, гатоўнасці прыйсці на дапамогу і бескарыслівасці. Менавіта гэтым яны пакараюць дзяцей ва ўсім свеце. Праз займальныя і хвалюючыя тэмы аўтары знаходзяць «ключык» да сваіх чытачоў, прывіваючы ім любоў да кніг.

Выдатныя кнігі чакаюць маленькіх дапытлівых чытачоў!

Святлана ЯНКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Валожынскай дзіцячай бібліятэкі



Добавить комментарий