“ЗНАЁМАЯ І НЕЗНАЁМАЯ ДУБІНА”

Официально

    Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага,  цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Дубіна.

ШТО Ў НАЗВЕ МНЕ ТВАЁЙ?

Дубіна… Першыя ўпамінанні маёнтка з такой назвай датуюцца, згодна з раённай кнігай “Памяць”, 1496 годам. І належаў ён Мсціслаўскаму князю Івану Юр’евічу Лінгвіневічу. Назву вёскі часцей за ўсё звязваюць з вялікім дубам, вакол якога сяліліся першыя жыхары будучай вёскі.

Сёння ўспрыняць гэты населены пункт як нешта цэласнае, адназначнае немагчыма. З аднаго боку – вялікае сяло, што стварае прыход царквы святога Георгія Перамоганосца, з іншага – чатыры асобныя вёскі. Пра кожную так і хочацца сказаць: са сваім характарам.

Дубіна Вяршыцкая ці Вяршыццы… Хутчэй за ўсё, назву ёй дало прозвішча пана Вяршыцкага, які калісьці ўладарыў на гэтай зямлі.

Дубіна Баярская… Баяры! Так з гонарам называюць яе самі жыхары. Ёсць меркаванне, быццам ранейшая назва гучала інакш – Ваяры. Насялялі яе вайскоўцы. Калі дапусціць, што гэта праўда, становяцца зразумелымі ваяўнічасць і тэмперамент дубінцоў. Гэтыя іх рысы адзначаў у сваіх працах яшчэ Стары Улас.

Дубіна Юрздыцкая… Што такое “юрздыка”, наўрад ці возьмецца патлумачыць хтосьці з вяскоўцаў, але калі зазірнуць у кнігі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, можна знайсці слова “юрыдыка” (польс. Juridicus ад лацінскіх iuris – судовы і dicere – гаварыць) і даведацца: так называлі незалежныя, адасобленыя прадмесці (мястэчкі), на якія не распаўсюджвалася адміністрацыйная і судовая ўлада мясцовага самакіравання.

І яшчэ адна частка Дубіны. У апошнія гады яна страціла сваю назву ў афіцыйных дакументах (з’яўляецца часткай Дубіны Юрздыцкай), але ж для жыхароў і іх суседзяў па-ранейшаму засталася Канчаннямі. Слова, як кажуць, гаворыць само за сябе. Тут заканчваўся цэлы кангламерат з розных вёсак, з аднаго боку аб’яднаных агульнай назвай, з іншага – адметных сваімі звычаямі. Цікава, што, як раней, так і зараз, зберагаецца інтрыга: дзе ж, у якіх месцах знаходзяцца межы між Вяршыццамі, Баярамі, Юрздыкамі і Канчаннямі?

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-1

 

УРАЖАННІ І ЎСПАМІНЫ

     Найбольш цікава пра дубінцоў расказваюць прыезджыя. Калісьці яны атрымалі незабыўныя ўражанні ад адметнай гаворкі, своеасаблівых дыялектных выразаў, звычак, а пасля прывыклі і ўжо нічым не адрозніваюцца ад мясцовых. Гэтак жа называюць фасолю шальбабонам, а пярлоўку – груцай, веласіпед – роварам, а лаву – зэдалем. Вось толькі адметнае дубінское “кага” ці “чага” амаль страцілася.

Добра ведае гісторыю вёскі і яе жыхароў не карэнная жыхарка Тамара Каляда. Жанчына пачынала як спецыяліст-пчаляр у калгасе “Зара”. Пасля шмат гадоў працавала ў культуры, з’яўляецца захавальніцай музея сялянскага побыту (хата настаўніка Васіля Рагеля). Яна стаяла ля вытокаў стварэння гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”, які сёння вядомы далёка за межамі раёна. Неаднаразова самадзейныя артысты ўдзельнічалі ў фестывалі ў Аўцюках. Іх выступленні ў канцэртах успрымаюцца гледачамі як сапраўдная “бомба”. З лёгкай рукі гумарыстаў-аматараў у вёсцы праводзіцца ўласнае свята гумару “Дубінскія жартачкі”.

Цікава пра дубінцоў расказвае і Лілія Дзмітрыеўна Рамановіч, якая маладым спецыялістам прыехала сюды з Барысаўшчыны. “Ужо некалькі гадоў, як дзеці школьнага ўзросту вучацца ў Гародзьках. А раней Дубінская васьмігодка славілася на ўвесь раён. Мы трымалі высокі адукацыйны і выхаваўчы ўзровень, як і суседняя Узбалацкая школа, – успамінае былая настаўніца. – Калектывы былі адначасова і канкурэнтамі, і партнёрамі. Я прыкіпела душой да школы, палюбіла вёску. Тут стварыла сям’ю, таму засталася назаўсёды. Пад строгім, але справядлівым кіраўніцтвам Васіля Антонавіча Рамановіча давялося працаваць з выдатнымі прафесіяналамі педагагічнай справы – Верай Лявонцьеўнай Кароль, Вандай Іосіфаўнай Ліштван, Галінай Міхайлаўнай Вяршыцкай, Антанінай Аляксандраўнай Вяршыцкай. На жаль, няма ўжо Франі Адамаўны Рамановіч, Кацярыны Андрэеўны Скляповіч, якіх вельмі паважала, з якімі сябравала…”

З цяплом успамінае Лілія Дзмітрыеўна дубінскія сем’і, што давалі прытулак маладым настаўнікам. Ёй, напрыклад, пашанцавала кватараваць у цудоўных людзей – Рыгора і Зінаіды Іванчыкаў, Васіля і Надзеі Мучынскіх. Цяпер паважаная жанчына на пенсіі, але працягвае працаваць у цэнтры культуры. Клопаты культработнікаў ёй зразумелыя. Яна заўсёды ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Калісьці нават спявала ў гурце пад кіраўніцтвам самога Валерыя Хахлова. Квартэт быў першым выканаўцам знакамітай “Песні пра Валожын”.

 

ПАСПЯХОВАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА

Зараз Дубіна – аграгарадок. Цэнтральная вуліца шырокая, прасторная. Абапал яе шмат добраўпарадкаваных дамоў, якімі гаспадарка забяспечвае сваіх работнікаў.

У савецкі час тут таксама існавала нядрэнная інфраструктура: сельскі савет, школа, дзіцячы сад, камбінат бытавога абслугоўвання, сталовая, магазін, пошта, ФАП, кантора калгаса “Зара”. Кіраўнікі Дзмітрый Якімавіч Васьковіч, Сцяпан Барысавіч Молчан, Іосіф Іосіфавіч Ключнік клапаціліся пра дабрабыт калгаснікаў. Дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзій Вацлававіч Каспяровіч і яго каманда старанна зберагаюць лепшыя традыцыі калгаса. Паспяховае прадпрыемства – адно з самых буйных на Валожыншчыне. Яго землі прасціраюцца і па тэрыторыі былой гаспадаркі з цэнтрам у вёсцы Сугвазды. Калі аб’ехаць на аўтамабілі ўсе 11 фермаў, спідометр “наматае” каля 75 кіламетраў. Працоўны калектыў у пастаянным пошуку. Ганарыцца ёсць чым, але і цяпер тут не забываюць папярэднікаў – тых, чыімі стараннямі стваралася слава дубінскіх сельгасвытворцаў. Гэта Надзея Мучынская, Галіна Вяршыцкая, Галіна Палонская, Браніслава і Пётр Макар, Васіль Конан, Марыя і Іван Іванчыкі і многія іншыя.

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-2

 

ДБАЙНЫЯ ГАСПАДАРЫ

Вяскоўцы здаўна вызначаліся працавітасцю і акуратнасцю. Многія дамы маглі б стаць упрыгожаннем любога друкаванага выдання, што спецыялізуецца на добраўпарадкаванні.

Адна з лепшых сядзіб належыць Зінаідзе Антонаўне Чабай – карэннай жыхарцы Дубіны. Тут яна нарадзілася, тут выйшла замуж. Усё жыццё працавала ў калгасе. Спачатку паляводам, пасля адказвала за кармы. Муж Міхаіл Мікалаевіч быў механізатарам. Яны разам выгадавалі двух сыноў. Зінаіда Антонаўна ўдава. Верны спадарожнік жыцця даўно пакінуў яе. Жыве для дзяцей, унукаў. Каб не сумаваць, займаецца добраўпарадкаваннем падворкаў пры двух дамах (суседняя хата – таксама частка яе гаспадаркі). Тут усё на сваіх месцах, чысціня проста зашкальвае. Звычайна яе “гародчыкі” патанаюць у кветках. Сёлетняе засушлівае лета не спрыяе заўзятаму кветкаводу, але ж, дзякуючы яе намаганням, грады абяцаюць даць добры ўраджай. З вясны да позняй восені гаспадыня ў хаце не затрымліваецца. Жыўнасць, палеткі патрабуюць пастаяннага клопату, а вось зімой максімум часу прысвячае рукадзеллю: вяжа, шые, вышывае. Раней выконвала больш тонкую работу, цяпер баляць рукі, таму часцей пляце палавікі. Цудоўная матуля, свякроў і бабуля з задавальненнем расказвае пра сваіх родных, ганарыцца нявесткай Таццянай Іосіфаўнай – апошнім дырэктарам Дубінской школы, якая зараз узначальвае педагагічны калектыў у Гародзьках. Дарэчы, дубінскія жанчыны нават прыблізна не разумеюць, што такое не ўмець гатаваць. Іх прысмакі славяцца далёка за межамі вёскі. Зінаіда Антонаўна менавіта з такіх самадзейных кухарак.

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-3

 

СЯМЕЙНАЯ ГІСТОРЫЯ, ЦІ НАШЫ Ў АМЕРЫЦЫ

Васіль Антонавіч РАМАНОВІЧ шмат гадоў быў дырэктарам Дубінской васьмігадовай школы. Многія ведаюць яго як чалавека, чый лёс непарыўна звязаны з роднай вёскай. Але далёка не кожны здагадваецца аб тым, што гісторыя яго сям’і быццам сюжэт галівудскай драмы…

Продкі Рамановічаў спрадвек – жыхары Дубіны. Дзед з боку маці – Васіль Мучынскі – быў удзельнікам руска-японскай вайны 1904-1905 гг. Калі вяртаўся ў Беларусь да жонкі, выпадкова сустрэўся з людзьмі, што вербавалі працаздольных маладых людзей на заробкі ў Амерыку. Пабыў дома, параіўся са сваёй палавінай і… рушыў у дарогу. Жонка праз дзевяць месяцаў нарадзіла дачку Еву. Невядома, чаму было прынята такое рашэнне, аднак немаўля яна пакінула на бабулю з дзядулем, а сама накіравалася ўслед за мужам. Напэўна ведала: надта ж цяжка пераносілі малыя вандроўку праз акіян, многія не выжывалі падчас гайданкі.

Месцам жыхарства дубінскія эмігранты абралі горад Стэнфард. Муж капаў руду, жонка, як толькі з’явіліся першыя грошы (шахцёры зараблялі нядрэнна), займела харчовую лаўку. Моўны бар’ер праблемы не стварыў – хутка загаварылі па-англійску. З першай дачкой, што нарадзілася на амерыканскай зямлі, яшчэ размаўлялі на роднай мове (яна на ўсё жыццё захавала цікаўнасць да беларускай і рускай моў), астатніх дзяцей выхоўвалі як стапрацэнтных амерыканцаў. Усяго ж у новым свеце ў пары з’явіліся дзве дачкі і тры сыны.

А што ж дачка-беларусачка? Пра яе не забылі. Пасля Першай сусветнай вайны нашы землі адышлі пад Польшчу. Дыпламатычныя зносіны між краінамі былі на добрым узроўні, таму з’явілася магчымасць забраць дзіця. Першая спроба аказалася няўдалай з-за нерашучасці знаёмых. Прыбыўшы з Амерыкі на радзіму ў госці, тыя падрадзіліся даставіць малую бацькам, а пасля з’ехалі, нават не папярэдзіўшы аб тым, што перадумалі. Праз нейкі час родны дзядзька Евы вырашыў сам адвезці пляменніцу сястры. Былі сабраны грошы на білеты. Праз Польшчу выехалі ў Куінстаўн (Ірландыя), дзе павінны былі сесці на “Тытанік”. Але ж малады чалавек пакінуў у Дубіне нявесту. Тая, як толькі жаніх знік з яе поля зроку, зразумела, што, хутчэй за ўсё, нарачоны не вернецца, і памчала за ім услед. Дзе яна дагнала “ўцекача” з дзяўчынкай, невядома, але вярнула дадому. Аднак і тады надзея ўз’яднання з амерыканскімі роднымі не згасла. Ах, як Ева марыла аб сустрэчы з сям’ёй! Тыя таксама пастаянна звярталіся ў пасольства. Напэўна, урэшце праблема вырашылася б. Але ж дарослая ўжо дзяўчына па нязнанні зрабіла адзін неабдуманы крок, які не дазволіў яе спадзяванням збыцца – выйшла замуж. Калі ў нашай мясцовасці ўсталявалася Савецкая ўлада, у яе было ўжо іншае прозвішча і на ўсе запыты прыходзіў адмоўны адказ. Так і пражыла жанчына, ніколі не ўбачыўшы бацьку і маці. Толькі ў 70-х гадах па запрашэнні сясцёр і братоў здзейсніла жыхарка Дубіны вандроўку за акіян. Сваякі на працягу ўсяго часу старанна фатаграфавалі падарожніцу і ў дзень ад’езду ўручылі на памяць спецыяльна аформлены альбом. Пагартаць гэту сямейную рэліквію цікава нават старонняму чалавеку. Безумоўна, Ева адрознівалася ад сваіх замежных сваякоў. Нават на тых здымках, дзе яна з прычоскай і ў дарагіх уборах, простую сялянку з Дубіны не зблытаеш з выхаленымі сваячкамі. Дарэчы, бацькі Евы змаглі ператварыць невялічкую лаўку ў салідны магазін, які прыносіў нядрэнны даход, пабудавалі дом. Калі сястра з мужам прыехалі наведаць родных у Беларусь, моцна здзівіліся, наколькі сціпла жыве іх сястра, стараліся дапамагчы. Нават набылі дзве машыны “Волга” ў падарунак пляменнікам. Шмат клопату меў Васіль Антонавіч з тым падарункам. Ён, член партыі, дырэктар школы, прымае ў дар ад амерыканцаў дарагую рэч! Былі ананімкі ў адрас райкама і пасяджэні бюро, але за таленавітага настаўніка і кіраўніка заступіўся першы сакратар.

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-4

 

ЁСЦЬ ТАКАЯ ВУЛІЦА

Назвы вуліц у Дубіне – асобны аповед. Тут не абавязкова можна знайсці прамую сувязь між словам і сэнсам.

Напрыклад, вуліца Гагарына. Здавалася б, што можа быць не так, аднак неадпаведнасць ёсць. Справа ў тым, што вуліца названа не ў гонар першага чалавека, які здзейсніў палёт у космас. Непадалёк жыла сям’я, дзе выхоўваліся два хлопчыкі – Міша і Коля. З маленства яны былі моцна “лятонцыя”, увесь час кудысьці залазілі, падалі. Вось празвалі іх Гагарынымі. Калі вяскоўцы збіраліся зайсці ў гэту сям’ю, казалі: “Пайду да Гагарыных”. Пазней сталі даваць вуліцам назвы. У гэтым выпадку сумненняў не было. Так і з’явіўся адрас, які ёсць амаль ва ўсіх гарадах былога СССР – вуліца Гагарына ў Дубіне.

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-5

 

СПЯВАЙ, ЦАРКОЎНЫ ХОР

Дубіна – край легенд, што на працягу стагоддзяў перадаюцца ад старэйшых пакаленняў нашчадкам. Паводле самай распаўсюджанай, калісьці на месцы царквы Святога Георгія Перамоганосца расло шмат дрэў.

Аднойчы падчас моцнай навальніцы на адным з іх з’явіўся абраз Божай Маці Ціхвінскай. Гэта падзея стала нагодай для будаўніцтва першага (драўлянага) храма. Абраз і зараз лічыцца заступнікам вёскі ад розных напасцяў.

Дубінская царква заўсёды славілася сваім хорам. У многіх прыхаджан, што спявалі тут у розныя часы, захоўваюцца старыя фотаздымкі.

У савецкі час будынак не дзейнічаў як культавы, тут размяшчаўся калгасны склад. У 90-я гады яго зноў перадалі вернікам. Сёння пад кіраўніцтвам святара Валерыя Яроміча царква працуе для прыхаджан з усяго наваколля. Літаральна ў бліжэйшыя дні вяскоўцы адзначаць 150-годдзе храма.

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-6

Знаёмая-і-незнаёмая-Дубіна-7

Матэрыял падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ.

Фота аўтара і з архіва.



Добавить комментарий