Кіраўніку – заслужаны медаль

Общество

Дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінаблгаз” Генадзь Уладзіміравіч БЫЧКОЎСКІ ўшанаваны медалём “За працоўныя заслугі”.

Спецыяліст з дыпломам інжынера-электрамеханіка 37 гадоў жыцця прысвяціў сельгасвытворчасці. Прызнаецца: іншым шляхам пайсці не мог – праца на зямлі вабіла з дзяцінства. За столькі часу “з галавой” акунуўся ва ўсе нюансы кожнай аграрнай галіны. Веды па аграноміі і эканоміцы ў свой час даліся даволі лёгка, спасціжэнне азоў жывёлагадоўлі праходзіла больш складана. Хоць даўно з гэтымі навукамі на “ты”, пастаянна падкрэслівае важнасць для гаспадаркі вузкіх спецыялістаў, цэніць прафесіяналаў на любым узроўні – ці то выпускнік ВНУ, ці механізатар, ці падвозчык кармоў. Упэўнены: у любой рабоце можна годна праявіць сябе, мець павагу ад людзей і, што не менш важна, добрыя заробкі.

Кіраўнік са стажам даражыць кожным чалавекам са сваёй каманды. “Я не дапускаю думкі, што адзнака, якую атрымаў ад кіраўніцтва рэспублікі, належыць толькі мне. За ёй –  напружаная праца цэлай каманды”, – так рэагуе Генадзь Уладзіміравіч на віншаванні. Яму няпроста выдзеліць кагосьці з работнікаў. “У нас гультаёў няма, старанна працуюць усе”, – папярэдзіў адразу. Тым не менш, шчыра і з удзячнасцю расказаў пра тых, хто нясе найбольшы цяжар адказнасці за кожны дзень гаспадаркі. Гэта правераныя буднямі, выпрабаваннямі і дасягненнямі людзі: інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі, старшыня прафкама Леангіна Эдвардаўна Ражанская, галоўны ветэрынарны ўрач Вольга Віктараўна Гумоўская, галоўны аграном Карына Юльянаўна Дэйка, механік Сяргей Анатольевіч Найдзён, начальнікі сельскагаспадарчых участкаў Раіса Іванаўна Навіцкая і Аляксандр Лявонцьевіч Рубацкі, галоўны інжынер Віталь Генадзьевіч Бычкоўскі, заатэхнік аддзялення Уладзімір Вадзімавіч Гламбоцкі. Кожны з гэтых спецыялістаў разам з падначаленымі штодзённа ўносіць важкі ўклад у агульную справу. Напэўна таму прадпрыемства славіцца не толькі паказчыкамі, якія ўражваюць, але і выдатнымі ўмовамі і аплатай працы, забяспечанасцю жыллём.

Бягучы год для бабровіцкіх аграрыяў выдаўся няпростым. Месцамі вымерзла кукуруза, затым засушлівае надвор’е прымусіла выбарачна скасіць частку пасеваў на зернесянаж. Але, нягледзячы на гэта, ёсць усе падставы спадзявацца на тое, што ўраджай рапсу, кукурузы, ячмяню, трыцікале і пшаніцы будзе на ўзроўні, парадуюць вынікі касавіцы. Апошнімі днямі вядзецца актыўная ўборка рапсу, толькі дажджы пакуль не дазволілі завяршыць першае жніво. Убрана большая частка пасеваў, намалот – 275 тон пры ўраджайнасці каля 19 ц/га. Галоўны клопат сёння – нарыхтоўка кармоў, ад якіх залежыць выніковасць працы жывёлаводаў. Ужо назапашана 11 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву (сянаж, сілас). У сельгаспрадпрыемстве 4238 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх дойны статак – 1200 галоў (мінулы год – 1106 галоў). Надоі павялічаны да ўзроўню мінулага года на 153,9% і складаюць 19 літраў на адну карову. За 6 месяцаў продаж малака павялічаны на 111,7%.

Як адзначыў на развітанне Генадзь Уладзіміравіч, калектыў жыве ў нармальным рытме. Ёсць цудоўныя людзі, хапае тэхнікі. Хацелася б толькі, каб “нябесная канцылярыя” падтрымала вяскоўцаў і падарыла добрае надвор’е. Тады рупліўцы забяспечаць намалоты, укосы і, як вынік, надоі і прывагі, а кіраўніцтва – прэміі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий