Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

    Надвор’е практычна штодзень падносіць нам сюрпрызы. Спачатку лета стаяла невыносная спёка, цяпер жа зарадзілі дажджы і грозы. Па даных метэастанцыі “Валожын”, за некалькі ліпеньскіх дзён у райцэнтры выпала месячная норма ападкаў. Няўстойлівае надвор’е працягваецца.

Так, напрыклад, 13 ліпеня выпала 26,5 міліметра ападкаў, што склала 106 працэнтаў ад дэкаднай нормы. Толькі за ноч 13 ліпеня выпала 17,1 міліметра ападкаў. За суткі 16 ліпеня яшчэ больш – 29 міліметраў, ці 116 працэнтаў ад дэкаднай нормы. А 17 ліпеня падчас гразы назіралася ўзмацненне ветру да 20 метраў у секунду. Відавочныя факты такога разгулу стыхіі – паваленыя дрэвы, пашкоджаныя пабудовы, пажары.

 

За 6 месяцаў бягучага года Прадстаўніцтвам Дзяржстраху па Валожынскім раёне сабрана больш за 884 тысячы рублёў страхавых узносаў, што на 35 тысяч больш, чым за такі ж час летась. За першае паўгоддзе заключана 16230 дагавароў – на 170 больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года.

Выплаты па розных відах страхавання склалі 373 тысячы рублёў. Самыя большыя выплаты назіраліся па дабравольным страхаванні транспарту КАСКА: у сярэднім каля 700 рублёў на адзін дагавор. Самы папулярны від страхавання ў раёне – комплекснае страхаванне кватэр. У параўнанні з мінулым годам ён вырас на 116,3 працэнта. Страхаванне ад няшчасных выпадкаў вырасла на 123 працэнты. Цяперашнія буры і грозы ўдарылі па бюджэту страхаўшчыкоў. Апошнімі днямі назіраецца да 20 і больш зваротаў у дзень: пацярпела тэхніка, маланкі спалілі дамы, а таксама іншыя страхавыя выпадкі.

 

    З 11 па 14 ліпеня ў Варшаве праходзіў чэмпіянат свету па фехтаванню сярод юніёраў да 17 гадоў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. У фехтаванні на шпагах катэгорыі “А” нашу краіну прадстаўляла выхаванка Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната – 15-гадовая Кацярына Мышко.

    Дзяўчына ўпершыню ўдзельнічала ў спаборніцтвах такога высокага рангу і заняла там 5-е месца. У Кацярыны вялікі патэнцыял, яе перавага над сапернікамі ў тым, што яна ляўша. Спартсменка ў пачатку сваёй спартыўнай кар’еры. Наперадзе ў яе новыя спаборніцтвы і больш высокія вынікі.

 

    З музейна-выставачнай экспазіцыяй “Родам з СССР”, размешчанай у райцэнтры ў будынку па вуліцы Партызанскай, дзе знаходзіцца аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”, працягваюць знаёміцца дарослыя і дзеці, госці горада. У апошнія месяцы яна папоўнілася новымі экспанатамі.

Сям’я Гладчанка з Валожына перадала посуд часоў СССР і ваенны кіцель з капітанскімі пагонамі і ўзнагародамі. Жыхарка райцэнтра Данута Канстанцінаўна Шарко – разнастайныя сталярныя інструменты, жаночае адзенне, тканыя палавікі. Жыхарка вёскі Нямоні Галіна Мікалаеўна Адамовіч перадала ў музейны пакой жаночае паліто 50-х гадоў і насценны гадзіннік.

 

    У Мядзелі прайшоў адкрыты асабіста-камандны чэмпіянат Мінскага абласнога таварыства выратавання на водах па выратавальнаму шматбор’ю. У ім бралі ўдзел каманды 21 раёна Міншчыны, у складзе кожнай было па тры чалавекі.

Праграма чэмпіянату ўключала плаванне на дыстанцыі 100 метраў з перашкодамі і на дыстанцыі 50 метраў, падачу выратавальнага круга і грэблю на выратавальнай лодцы. Каманда нашага раёна ўвайшла ў дзясятку лепшых – заняла 8 месца. У асабістым заліку дружыннік-выратавальнік Уладзіслаў Бараноўскі заняў 6 месца.

 

    На мінулым тыдні раённы Цэнтр культуры арганізаваў для жыхароў горада паездку ў музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна. Людзям рознага ўзросту было цікава ўбачыць сабраныя там экспанаты, многія з якіх вярнулі іх у гады дзяцінства і маладосці.

У Год малой радзімы культработнікі далучаюць гараджан да знаёмства з гістарычнымі мясцінамі, што знаходзяцца непадалёк. Такім чынам пабывалі ўжо на радавой сядзібе М.-К. Агінскага Залессе ў Смаргонскім раёне, у сядзібна-паркавым комплексе “Панскі маёнтак Сула” на Стаўбцоўшчыне. Цікавай была паездка і ў новы Музей Вялікай Айчыннай вайны.



Добавить комментарий