Каб не згасала свечка памяці…

Культура

    15 ліпеня споўнілася б 85 гадоў слыннаму чалавеку, аднаму з самых адукаваных жыхароў Валожынскай зямлі – вядомаму краязнаўцу, былому дырэктару Шыкуцёўскай васьмігодкі Генадзю Антонавічу Равінскаму.

З гэтай нагоды кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Валянціна Гіруць-Русакевіч сабрала ў літаратурнай гасцёўні людзей, якія добра ведалі Г. А. Равінскага пры жыцці, а таксама маладое пакаленне “Руні”. Юнакі і дзяўчаты ўпершыню чулі гэта прозвішча, але ў той дзень усвядомілі, які гэта быў неардынарны чалавек. Настаўнік, краязнаўца, пісьменнік, паэт, рамантык і летуценнік… І ў сталым узросце Генадзь Антонавіч заставаўся летуценнікам, што мог вітаць дзесьці ў сваіх думках і забыцца пра неадкладныя бытавыя справы.

Нарадзіўся Г. А. Равінскі ў вёсцы Баравікоўшчына непадалёк Івянца ў такой простай сялянскай сям’і, што нават невядома, адкуль узялася ў яго прага да вучобы, да ведаў, што павяла за сабой у далёкае мінулае. Ён ведаў да дробязяў гісторыю Беларусі, роднага краю. У сваіх краязнаўчых нарысах, якія спачатку з’яўляліся на старонках раённай газеты, а потым увайшлі ў кнігу “Млын жыцця” (яна ўбачыла свет ужо пасля смерці аўтара), узгадаў шмат гістарычных падзей, што закранулі Валожыншчыну. Факты вывучаў скрупулёзна, аднак ніколі і нічога не прысвойваў сабе, а калі карыстаўся якімі крыніцамі, абавязкова даваў зноскі, указваў на гэта. Родныя мясціны, непаўторныя краявіды натхнялі Генадзя Антонавіча і на паэтычныя радкі. Свае вершы ён сціпла называў “наіўнымі”.

Пра сустрэчы з Г. А. Равінскім узгадалі ў той дзень многія з прысутных. Марыя Антонаўна Шакун працавала ў аддзеле адукацыі, а Генадзь Антонавіч быў дырэктарам васьмігадовай школы. Калегі параілі ёй звярнуць увагу на гэтага чалавека, бо ён не такі, як усе. Найперш у тыя гады Генадзь Антонавіч выдзяляўся тым, што пастаянна размаўляў на роднай мове. Яна прыгадала экскурсійную паездку Вільнюс-Панявежыс-Тракай, калі сціплы кіраўнік маленькай вясковай школкі раскрыўся ва ўсёй сваёй велічы. Не карыстаючыся ніякімі паперамі ці запісамі, ён усю дарогу расказваў пра гісторыю тых мясцін, якія праязджалі і якія намерваліся наведаць. Яго аповед быў цікавейшы і больш грунтоўны за расказ прафесіянальных экскурсаводаў. Прыгадалі прысутныя змаганні Генадзя Антонавіча за ліпу Дуніна-Марцінкевіча і многае іншае. Сваімі ўспамінамі дзяліўся Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, які пазнаёміўся з Равінскім, калі працаваў інструктарам райкама партыі, а той узначальваў партарганізацыю саўгаса “Радзіма”. Дарэчы, усе партыйныя сходы, а таксама ўсе паперы Равінскі вёў і пісаў выключна на беларускай мове. Мелі гонар сустракацца з гэтым чалавекам і цяперашнія жыхары Івянца Дзмітрый Краскоўскі і Валерый Мазура. Апошні больш сустракаўся з юбілярам у неафіцыйнай абстаноўцы і ведаў такога Равінскага, якога, магчыма, ведалі не ўсе. А як пранікнёна прачытаў ён апавяданне “Ой, рэчанька, рэчанька…”! Расказаў, што жывы і будынак Шыкуцёўскай школы, якому другое жыццё надалі новыя гаспадары, што займаюцца ёгай. Дзмітрый Краскоўскі даволі часта падвозіў Генадзя Антонавіча дадому, калі той галасаваў на дарозе. І тыя паездкі станавіліся для яго незабыўнымі ўрокамі гісторыі, якой таксама цікавіўся. Прачытаў ён свой верш, прысвечаны Генадзю Антонавічу.

Было што ўспомніць і мне, бо Г. А. Равінскі быў часты госць рэдакцыі. Хоць на пяць хвілін, хоць проста павітацца заходзіў ён да нас і… забываўся пра час. Дзяліўся планамі, расказваў, як ідзе работа над чарговым гістарычным нарысам. Ён быў членам літаб’яднання “Рунь”, якое ў тыя гады існавала пры рэдакцыі. Часта прасілі яго зрабіць агляд вершаў маладых паэтаў. Як жа беражліва адносіўся ён да тых спроб пяра, баяўся пакрыўдзіць моладзь, падбіраў выразы, даваў парады, узгадваў класікаў, у якіх трэба вучыцца. Ён ніколі не звяртаў увагу на свой знешні выгляд, таму і застаўся ў памяці ў старым паліто, нязменным берэце і са старым зашмальцаваным партфелем у руках. А колькі сапраўдных каштоўнасцей захоўвалася ў ім, разумееш толькі цяпер, праз гады. Перад вачамі стаяць лісты з яго артыкуламі, напісаныя роўнымі, акуратнымі, маленькімі літарамі. Іншы раз іх нават цяжка было чытаць…

Некаторыя вершы віноўніка ўрачыстасці прагучалі ў той дзень. Іх чыталі вядучыя гасцёўні Аляксей Пінчук і Кацярына Голуб, культработнікі Вольга Дзедуль і Уладзімір Ціханоўскі, школьнікі Маша Букліс і Ліда Русакевіч. І ўвесь гэты час разам з намі нябачна быў сам герой урачыстасці – Генадзь Антонавіч Равінскі, чый партрэт стаяў на століку, а дух вітаў у зале…

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий