Паспрабаваць і выжыць

Калі асноўная місія чалавека – штодзень сутыкацца з небяспекай і ліквідаваць агонь, пажары, крытычныя сітуацыі, ён павінен быць вынослівым, хуткім і моцным.

Таму пастаянныя трэніроўкі – менавіта тое, чым займаюцца работнікі МНС, калі знаходзяцца ў часці. Яны заўсёды падтрымліваюць добрую фізічную форму, каб у патрэбны момант прыйсці на дапамогу. Супрацоўнікі Валожынскага РАНС не выключэнне: амаль 6 гадзін на дзень яны прысвячаюць фізкультуры і праходжанню паласы псіхалагічнай падрыхтоўкі.

Аднойчы мне пашанцавала паназіраць, як пажарныя адпрацоўваюць адно з практыкаванняў – самавыратаванне з пажарнай вежы. Яны спрытна і хутка спускаліся з вышыні па выратавальнай вяроўцы, адштурхваючыся нагамі ад сцяны, акуратна мінуючы аконныя праёмы. Гледзячы на іх, стала зразумела: наш раён у моцных руках. Калі прапанавалі паспрабаваць тое ж самае, я адразу пагадзілася. Гэта, як мінімум, цікавы вопыт. Са мной правялі абавязковы інструктаж, выдалі баявую вопратку, пальчаткі і шлем. Пажарную «баёўку» я бачыла і раней, але апрануць давялося ўпершыню. Дапамаглі замацаваць страховачную сістэму для максімальнай бяспекі, трос. «Галоўнае – правільна зрабіць першы крок, а далей будзе лёгка», – запэўнілі пажарныя.

Спачатку крок з акна вежы зрабіць было страшна, але мяне страхавалі і рамяні, і выратавальнікі, таму боязь хутка прайшла. Першы блін выйшаў камяком: не атрымлівалася паставіць ногі на паверхню і ўправіцца з вяроўкамі. Наступныя спробы дапамаглі знайсці свой тэмп і спусціцца. Але ў мяне атрымалася не так, як у пажарных.

Па выніках гэтага эксперыменту скажу, што працаваць у МНС дакладна не змагу. Затое цяпер я захапляюся падрыхтоўкай выратавальнікаў і разумею, што яны могуць і на што гатовыя. Супрацоўнікі МНС – людзі трывалай загартоўкі!

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars