Што ні дзень – то подзвіг

Официально

“Самыя галоўныя якасці, якія павінны быць у характары кожнага выратавальніка – гэта смеласць, уменне прыняць правільнае рашэнне ў любой стрэсавай сітуацыі і жорсткі кантроль эмоцый. Да гэтага я імкнуся”, – расказвае Яўген Уладзіміравіч Матлашук, які ўжо два гады працуе ў пажарнай часці № 1 Валожынскага РАНС. Першага ліпеня яму было прысвоена званне старшага лейтэнанта.

Яўген нарадзіўся ў Слоніме. З 5-га класа бацькі аддалі яго ў мясцовы кадэцкі корпус. З маленства хлопца вабіла ваенная справа, таму і адукацыю выбіраў у гэтым напрамку. У 2012 годзе паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь. Да вучобы быў добра падрыхтаваны папярэдняй школай. Часам было складана, але заўсёды цікава, асабліва на старэйшых курсах, калі пачаліся выезды, каравулы, многа практычных заняткаў. Пасля заканчэння навучальнай установы ў 2016 годзе атрымаў размеркаванне ў Валожын. Тэрмін адпрацоўкі ў выпускнікоў інстытута МНС доўгі – 5 гадоў.

За два гады працы малады чалавек ні разу не пашкадаваў, што звязаў жыццё з прафесіяй выратавальніка. Ён – начальнік варты, у абавязкі якога ўваходзіць кіраваць зменай, арганізоўваць працу. Ён павінен першым прыехаць на выклік, сабраць інфармацыю і вывучыць абстаноўку, каб скласці план дзеянняў. Кожны новы пажар не падобны на папярэдні, таму штораз даводзіцца шукаць другі падыход. І гэта праца не аднаго чалавека, а цэлага калектыву. Расказвае, як пашанцавала з калегамі – усё разам яны зладжана працуюць, дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго.

Вядома, быць выратавальнікам – справа небяспечная. Бывае і страшна, і жудасна, але такія моманты ў нашага героя наступаюць усё радзей. Калі ў руках лёс людзей – неабходна кантраляваць эмоцыі і думаць. «Іншы раз напрыканцы рабочых сутак стаіш на разводзе, пасля таго, як выратаваў дом або выцягнуў чалавека, і нават ганарышся сваёй справай», – прызнаецца Яўген.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий