Аператыўнае рашэнне на кожны запыт

Общество

На прыём грамадзян, які правёў на бягучым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ, запісаліся 5 чалавек, яшчэ адна жанчына завітала да парламентарыя з асабістай просьбай. Кожны зварот быў дэталёва разгледжаны, пісьмовыя адказы заяўнікі атрымаюць ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Усім, хто прыйшоў у той дзень да дэпутата за падтрымкай, быў на месцы «выдадзены» вычарпальны алгарытм дзеянняў для паспяховага вырашэння хвалюючых пытанняў.

Да першага наведвальніка, які вядзе спрэчку з РУП «Валожынскі жылкамунгас» па карыстанні вадой, падведзенай да дачнага жылога дома з парушэннем існуючых сёння правіл, па даручэнні Івана Станіслававіча выедзе спецыяльна створаная камісія. Яе члены правядуць рэвізію, разбяруцца з дакументацыяй, паставяць лічыльнік расходу вады, заключаць дагавор і такім чынам здымуць канфлікт.

З калектыўнай просьбай прыйшлі да дэпутата жыхары дамоў у межах горада, якія прызнаны непрыдатнымі для жыцця. Людзей у свой час запэўнілі, што пры здачы ў эксплуатацыю адной з новабудоўляў іх адселяць у забраніраваныя для гэтых мэт кватэры. Аднак апошняга не адбылося. Чаму, парламентарый высвятляў у загадчыка сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Аказваецца, тую шматпавярхоўку хоць і пабудавалі, аднак фінансаванне на браню не паступіла. Таму дом аўтаматычна атрымаў іншы статус і перасяліцца ў яго цяпер нельга.

І. С. Маркевіч узяў вырашэнне гэтага пытання пад асабісты кантроль. Ён параіў заяўнікам паўторна атрымаць пацвярджэнні на права адсялення. З гэтымі дакументамі ён звернецца ў аблвыканкам, каб пасадзейнічаць выдзяленню бюджэтных сродкаў на ўключэнне дадатковай мэтавай жылплошчы пры будаўніцтве ў райцэнтры новага шмакватэрнага дома.

Акрамя таго, дэпутат Палаты прадстаўнікоў даручыў работнікам жылкамунгаса правесці неабходны рамонт у цяперашніх кватэрах будучых перасяленцаў.

Чарговы раз было закранута пытанне пракладвання каналізацыйнай сеткі па вуліцах Валожына, размешчаных большай часткай за кірмашовай плошчай. Сёння такую патрэбу маюць 415 домаўладанняў на 18-і вуліцах. Як паведаміў галоўны інжынер РУП «Валожынскі жылкамунгас» Ігар Іванавіч Ляшкевіч, на гэтыя мэты, па папярэдніх разліках, патрабуецца 1 мільён 165 тысяч рублёў. Таму жадаючым трэба ў тэрміновым парадку ствараць кааператыў і ад яго імя аддаваць праект на экспертызу/дапрацоўку. Толькі ў гэтым выпадку стане вядома канкрэтная сума, якую неабходна будзе выдаткаваць кожнаму члену кааператыва.

Таксама да Івана Станіслававіча Маркевіча звярнуўся ўладальнік рэстарана-бара «Царскі двор» за кампетэнтнай парадай па некалькіх пытаннях. А ў завяршэнне прыёму грамадзян парламентарый аказаў дзейсную дапамогу пенсіянерцы з Валожына, якая сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў барацьбе за ўласнае здароўе.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий