Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

    На мінулым тыдні, з 16 па 19 ліпеня, на Валожыншчыне з чарговым візітам пабываў унук мастака Фердынанда Рушчыца. Разам з ім з Варшавы прыбылі яшчэ тры члены рабочай групы (з польскага боку) па аднаўленню сядзібы і мясцін, звязаных з імем мастака.

17 ліпеня ў Мінскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне рабочай групы. Вызначаны віды работ у памяшканні дзіцячай школы мастацтваў у Багданаве, дзе плануецца адкрыццё музея, рамонтныя работы прадугледжаны і на могілках, дзе пахаваны Ф. Рушчыц. Вядомы фатограф Чэслаў Чаплінскі правёў выязную сесію ў мясцінах, звязаных з жыццём мастака. Пры жыцці Ф. Рушчыца ў пачатку ХХ стагоддзя гэтыя мясціны здымаў Ян Булгак. Ёсць задума праз фотаздымкі правесці паралель паміж мінулым і сучаснасцю. Арганізацыя фотавыставы запланавана ў Нацыянальным мастацкім музеі, у Польшчы і ЗША. Падчас візіту госці пабывалі таксама ў Гальшанах па запрашэнні тамтэйшага ксяндза.

 

    Актыўны член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Дзмітрый Геранімавіч Краскоўскі не так даўно прыняты ў рады Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён стаў шостым па ліку “рунеўцам”, які ўдастоены такога гонару. Адну з рэкамендацый для ўступлення ў Саюз яму давала кіраўнік “Руні” Валянціна Гіруць-Русакевіч. Ад арганізацыі – абласны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, членам якога ён таксама з’яўляецца.

Д. Г. Краскоўскі жыве і працуе ў Івянцы. Вершы пачаў пісаць усяго 6 гадоў таму, у даволі сталым узросце – у 57 гадоў. Але мае на сваім рахунку ўжо два паэтычныя зборнікі. Значна раней пачаў пісаць музыку, што звязана з яго прафесіянальнай дзейнасцю. Пісаў спачатку да вершаў сваёй сястры Зінаіды Гасціловіч, потым – Міхася Курылы, цяпер на ўласныя.

 

    З сённяшняга дня на базе Івянецкай СШ адкрылася другая змена летніка з дзённым знаходжаннем, якая працягнецца да 16 жніўня. Адпачывае там 31 вучань. З 1 жніўня такі ж летнік адкрыецца на базе Сівіцкага ВПК дзіцячы сад-базавая школа.

З 2 па 10 жніўня пачне працаваць кругласутачны лінгвістычны раённы лагер “Дыялог” на базе Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Там адпачнуць 34 вучні. Займацца англійскай мовай з імі будуць настаўнікі Івянецкай СШ. А з 4 жніўня 25 школьнікаў раёна паедуць на аздараўленне ў стацыянарны лагер “Дружба” ў Дзяржынскі раён.

 

    На балконе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ФАЦ раёна аформіў кардыязону, дзе ў летні час літаральна на свежым паветры наведвальнікі могуць займацца на трэнажорах. Там устаноўлены бегавая дарожка, вела- і эліпсоідны трэнажоры. Гадзіна заняткаў каштуе 1 рубель. Для альтэрнатывы на бегавых дарожках жадаючыя могуць займацца і ў зале.

Арганізавана група для падлеткаў з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Вядзе заняткі інструктар-метадыст па фізкультурнаму аздараўленню і лячэбнай фізкультуры Максім Цімаховіч. У запасе ў школьнікаў ёсць яшчэ цэлы месяц канікул.

 

    З 13 па 15 ліпеня ў Вілейскім раёне прайшоў турыстычны злёт УП “Мінскаблгаз”, у якім удзельнічалі 11 каманд. Зводная каманда Дзяржынскага райгаза заняла 5 месца, у яе складзе былі прадстаўнікі Узды і Валожынскага раёна газазабеспячэння.

Значны ўклад у агульную скарбонку ўнеслі старшы майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Віталій Міснікевіч, майстар службы ўліку газу Святлана Рэут, кантралёр СУГ Вераніка Шырокава, слесар АДС Аляксандр Барадака і рабочы Сяргей Журкевіч. Наша каманда заняла першае месца ў конкурсе “Мама+папа і я”, другое – у прыгатаванні турыстычнай стравы, плаванні на байдарцы ў пары з перашкодамі, трэцяе – у прыгатаванні юшкі, картачнай гульні “дурань”, выкананні хітоў 90-х гадоў.

 

    Да Міжнароднага дня шахмат у Валожыне быў прымеркаваны турнір, у якім прынялі ўдзел 10 аматараў гэтай старадаўняй гульні рознага ўзросту.

Першае месца заняў Вячаслаў Косік, другое і трэцяе – Андрэй Кашкан і Міхаіл Шыян. Тройка прызёраў узнагароджана граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і грашовымі прэміямі. Удзельнічаў у спаборніцтвах і расіянін, які гасцяваў у гэтыя дні ў райцэнтры. Аляксандр Аўсіенка заняў сёмае месца.



Добавить комментарий