У мінулую пятніцу на базе КСУП «Пяршаі-2014» прайшла выязная нарада Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Кіраўнік сталічнага рэгіёну заслухаў даклады старшынь райвыканкамаў і іх намеснікаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аб стане эканомікі сельгаспрадпрыемстваў, ходзе ўборачнай кампаніі, забяспечанасці ўгнаеннямі, выплатах заработнай платы і інш. Не ўсё пачутае задаволіла: па выніках атрыманай інфармацыі і тлумачэнняў Анатоль Міхайлавіч прыняў кадравыя рашэнні.
Валожыншчына не ўваходзіць у лік праблемных рэгіёнаў Міншчыны, крытычных заўваг у адрас нашай малой радзімы не паступала. Аднак у некаторых іншых кутках вобласці сітуацыя не такая «гладкая». У прыватнасці, губернатар указаў кіраўнікам некалькіх раёнаў на правалы ў атрыманні асноўнага прадукту жывёлагадоўчай галіны – малака, засяродзіў увагу на змяншэнні пагалоўя кароў у асобных гаспадарках. Таксама старшыню Мінаблвыканкама цікавіла, чаму 6 раёнаў дагэтуль не прыступілі да ўборачнай кампаніі, як працуе на палетках вобласці атрыманая новая сельскагаспадарчая тэхніка і г. д. Быў абмеркаваны і шэраг іншых важных пытанняў.
У завяршэнне нарады Анатоль Міхайлавіч аўтарытэтна адзначыў: для плённай працы ёсць усе неабходныя рэсурсы. Задзейнічаць іх – абавязак кожнага кіраўніка на месцах.
Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА