Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва да 1 верасня праводзяць дабрачынную акцыю “Чароўны рукзачок”.

Вызначаны 11 дзяцей са шматдзетных сем’яў і дзяцей-інвалідаў, якія сёлета пойдуць у першы клас. Менавіта ім будзе ўручаны гэты галоўны атрыбут школьніка.

 

Музей ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў Вішневе папоўніўся новымі цікавымі экспанатамі.

Па ініцыятыве Тарэсы Бітэль, якая курыруе работу музея, працягвае фарміравацца беларускамоўная бібліятэка. Дзве свае кнігі падарыла вядомы літаратар з Гродна Данута Бічэль-Загнетава, Іосіф Бойса з Ліды перадаў часопісы і кнігі. Найбольш каштоўным набыткам з’яўляецца кніга ўнучкі Пятра Бітэля Тамары Бярэзінай “Рэха спадчыны”. Яна складаецца з двух раздзелаў: паэтычнага і мемуарна-празаічнага. Сярод вершаў ёсць і прысвячэнні П. І. Бітэлю, а таксама  ўспаміны пра яго і М. Ермаловіча, даследванне пра жыццё і творчы шлях беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), які таксама быў звязаны з Валожыншчынай. У кнізе сабраны цэлы пласт народнай мудрасці, лексікі ў выглядзе загадак, казак, замоў, пацешак, абрадавых песен, занатаваных аўтаркай ад бабулі і дзядулі, бацькоў, сваякоў, суседзяў. Пры гэтым захаваны аўтэнтычнасць і моўныя асаблівасці жыхароў нашай мясцовасці.

 

У рамках праекта “Папярэджанне ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей, якія пражываюць у Валожыне і Валожынскім раёне”, што фінансуецца нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня”, падрыхтаваны 20 валанцёраў. 13 валанцёраў з ліку членаў дзённага аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра і 7 прадстаўляюць Беларускі саюз жанчын.

Вызначаны 12 пажылых мужчын і жанчын у райцэнтры, з якімі пачалі працаваць валанцёры. Створана мабільная група з 12 чалавек, што наведваюць заняткі ў тэрытарыяльным цэнтры. Раз у месяц валанцёры выязджаюць у Валожынскі, Ракаўскі сельсаветы, Івянецкую зону, дзе працуюць з адпаведнай катэгорыяй пажылых людзей – іх там каля 25 чалавек. Для папярэджання кагнітыўных змяненняў закуплены сучасныя настольныя гульні, а таксама шашкі, шахматы, лато, і валанцёры такім чынам прымушаюць людзей “шавяліць мазгамі”. Таксама ўцягваюць у творчы працэс: ужо распісвалі талеркі, наступны крок – дэкупаж раздзелачных дошак, затым вязанне і інш. Вельмі зацікавіў падапечных альбом з савецкімі акцёрамі: разам успамінаюць фільмы з іх удзелам, трапныя выразы, эпізоды, песні.

 

19 ліпеня ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры віталі сямейную пару з Германіі, для якой па просьбе беларускіх сяброў ладзілі абрад “Залатое вяселле”.

Анеліза і Вільфрыд больш за 20 гадоў прыязджаюць у Беларусь. Спачатку прывозілі гуманітарны груз у Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат, цяпер наведваюць сем’і, з якімі пасябравалі за гэтыя гады. Па традыцыі залатых юбіляраў сустракалі з хлебам-соллю, музыкай, асыпалі зернем, каранавалі вянкамі з жыта. Для іх быў вытачаны гліняны гаршчок, на якім усе прысутныя напісалі свае імёны і пажаданні. Юбіляры запалілі свечкі на наступныя 50 гадоў сумеснага жыцця. А на развітанне ўсе разам спелі “Сто лят!”. Нямецкія госці нават не ўяўлялі, наколькі цікава і запамінальна адзначаць сваё залатое вяселле.

 

22 ліпеня Свята вёскі гуляла Сівіца. Падрыхтавалі яго работнікі Суднікаўскага сельскага клуба з дапамогай работнікаў Івянецкага пасялковага Дома культуры. Выступленне іх знакамітых калектываў стала ўпрыгажэннем свята. Падарунак для сваіх землякоў зрабіў арганізатар і саліст групы “Дразды” Віталь Карпанаў, які таксама ўдзельнічаў у святочнай праграме.

Зараз у культработнікаў адказны час – кожная ўстанова падрыхтавала тэматычныя праграмы для выступленняў перад удзельнікамі жніва. А на 5 жніўня запланаваны таксама святы вёсак Запур’е і Новы Двор, якія правядуць работнікі Вішнеўскага і Пугачоўскага СДК.

 

180 членаў міжнароднага дзіцячага лагера “Фэнтэзі-камп”, што размешчаны пад Радашковічамі, на мінулым тыдні ўпершыню пабывалі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

У лагеры разам з носьбітамі англійскай мовы сабрана моладзь з Беларусі, Расіі, Літвы, Германіі і іншых краін. Для гасцей правялі экскурсію па музеі і ўсіх майстэрнях. Завяршылася знаёмства з пасёлкам агульным чаяпіццем з блінамі, што таксама вельмі ўразіла замежную моладзь.



Добавить комментарий