Спраўляла свята яцкава…

Культура

Па добрай традыцыі, мерапрыемствы накшталт таго, што прайшло нядаўна ў вёсцы Яцкава-Замосныя і Карчомныя, збіраюць шмат людзей. Кожны лічыць абавязкам лішні раз прызнацца ў любові да малой радзімы і яе добрых людзей, а разам з гэтым атрымаць зарад бадзёрасці і пазітыву, палюбаваўшыся на падораныя артыстамі нумары…

Адзін з ініцыятараў і арганізатараў свята вёскі – старшыня Валожынскага сельвыканкама Віктар Аляксандравіч Комель – таксама па той жа добрай традыцыі прывёз падарункі. Падчас мерапрыемства ён уручыў іх самым старэйшым жыхарам Яцкава – выдатнай гаспадыні і майстрысе, вязніцы часоў Вялікай Айчыннай вайны Ніне Фёдараўне Іода і Уладзіміру Купрыянавічу Барадаку, а таксама тым, хто надоечы адсвяткаваў дзень нараджэння. Не абышоў кіраўнік сельвыканкама ўвагай і гаспадароў лепшых падворкаў. Імі заслужана лічацца Надзея Іванаўна Іода і Яніна Мацвееўна Барадака.

Віншавальная праграма таксама выдалася насычанай. Дарэчы, сярод выступоўцаў быў і ўраджэнец Яцкава-Замосныя, удзельнік літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» РЦК Аляксандр Кулак. Таленавіты паэт падарыў радзіме свае творы. Шматлікія песні, гумарыстычныя пастаноўкі, мініяцюры стваралі цудоўную атмасферу еднасці, сяброўства, душэўнага цяпла і ўсёабдымнага замілавання роднай вёсачкай – самым дарагім сэрцу месцам на планеце…

Сяргей САДОЎСКІ

Спраўляла-свята-Яцкава-1

Спраўляла-свята-Яцкава-2

Спраўляла-свята-Яцкава-3



Добавить комментарий