В Воложине прошёл традиционный фестиваль-конкурс военно-патриотической песни «Виктория»

Общество

Лірычныя і задушэўныя, вясёлыя і задорныя, новыя і ўжо добра вядомыя песні гучалі ў нядзелю, 20 лютага, на сцэне раённага цэнтра культуры. Тут адбыўся традыцыйны фестываль-конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Вікторыя”.

З усіх куткоў нашага раёна з’ехаліся ў райцэнтр лепшыя выканаўцы, якія змагаліся за званне дыпламантаў у 6 намінацыях: “Выканальніцкае майстэрства”, “Адлюстраванне ваеннай тэмы”, “Аўтарская песня”, “Яркае адлюстраванне тэмы Радзімы”, “Прапаганда армейскай песні” і за прыз глядацкіх сімпатый. І хоць кожны год фестываль адкрывае новыя маладыя імёны, многія песні па-ранейшаму застаюцца нязменнымі яго “ўдзельніцамі”. “На безымянной высоте”, “Эх, путь-дорожка фронтовая”, “Журавли” зноў нагадалі слухачам балючыя эпізоды той далёкай вайны.

Першапачаткова былі пададзены 22 заяўкі, аднак у самім конкурсе ўдзельнічалі толькі 15 музычных нумароў. Крытэрыі ацэнкі аказаліся дастаткова сур’ёзнымі: журы ў першую чаргу ўлічвала выканальніцкае майстэрства, раскрыццё сцэнічнага вобраза, артыстызм і якасць музычнага суправаджэння. Многія з удзельнікаў, каб ацаніць свае сілы і магчымасці, перад выхадам на сцэну сядзелі ў зале і слухалі таварышаў па цэху. Парадавала і тое, што юныя артысты, у большасці сваёй школьнікі і навучэнцы, з адказнасцю падышлі да выбару рэпертуару. Шмат прагучала песень беларускіх аўтараў, былі і на роднай мове. Удзельнікі не абмежаваліся толькі песнямі ваеннай пары ці пра вайну, гучалі жыццесцвярджальныя творы пра нашу прыгожую краіну, яе жыхароў – беларусаў, пра малую радзіму.

Высока ацаніла журы песню “Беларусь” у выкананні квартэта з Ракаўскай СШ Ганны Бандаровіч і сясцёр Алены, Марыі і Дар’і Русецкіх. Яе аўтар Дар’я Русецкая атрымала дыплом у намінацыі “Аўтарская песня”. Толіку гумару ўнеслі выканаўцы з СШ № 2 райцэнтра Юлія Пракаповіч, Генадзь Буракоўскі і Юрый Зарубежнаў, якія прадставілі на суд гледачоў вясёлую песню “Салдат”. Юнакі выйшлі на сцэну ў ваеннай форме і навыперадкі спрабавалі “пакрасавацца” перад дзяўчынай.

Яны патлумачылі свой музычны выбар тым, што самі вясёлыя, жыццярадасныя, таму і публіку хацелі, як кажуць, “запаліць”. “Памылкова думаюць некаторыя, – зазначыла Юля, – што патрыятычная песня павінна быць толькі лірычнай, павольнай. Нават у тыя далёкія гады ваеннага ліхалецця знаходзілася месца гумару, трапным і дасціпным жартам”. А “Салдата”, які аказаўся зусім не на слыху, адшукалі ў Інтэрнэце. Дарэчы, менавіта яны сарвалі шквал апладысментаў і атрымалі дыплом глядацкіх сімпатый.

Пра тых, хто не вярнуўся з крывавых палёў Вялікай Айчыннай, спявалі салісты  Пяршайскага СДК Яўген Астапенка і Андрэй Несцер. Знакамітая лірычная песня Я. Фрэнкеля і Р. Гамзатава “Журавли” прынесла выканаўцам дыплом у намінацыі за яркае адлюстраванне ваеннай тэматыкі. Бурнымі апладысментамі сустракалі гледачы і вакальнае трыо юнакоў з СШ № 1 Сяргея Менцюка, Паўла Скапца і Аляксея Іоды з песняй “Беларусы”, Мікалая Заня з Івянецкага дома-інтэрната, шматгадовага ўдзельніка фестывалю і сёлетняга дыпламанта ў намінацыі “За прапаганду армейскай песні”.

Шмат цудоўных патрыятычных песень прагучала тым нядзельным ранкам. Сімвалічна, што праходзіў конкурс напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, а ў зале прысутнічалі ваеннаслужачыя тэрміновай службы мясцовай воінскай часці. Таму гэты канцэрт стаў юнакам добрым падарункам да свята. Зарад бадзёрасці і добрага настрою на працягу двух гадзін дарылі Анастасія Шугля з Гародзькаў, івянчанін Кірыл Арэшка, Маргарыта Каравайская з Вішнева, Алена Канановіч з Суднікаў, вучаніцы Пральніцкай БШ Наталля Сабалеўская і Дорскай СШ Дар’я Шэўчык, Павел Кацура з Гарадзечна, салісткі Бабровіцкага і Падбярэзскага СДК Яўгенія Басарановіч і Ксенія Гурбан. Кожны нумар быў па-свойму адметны і непаўторны.  А галоўны прыз і дыплом за выдатнае выканальніцкае майстэрства атрымала гімназістка-адзінаццацікласніца Крысціна Салаўцова. Песня на роднай мове “К табе, Беларусь” у яе выкананні закранула самыя патаемныя ноткі душы. Ды і артыстызм юнай спявачкі аказаўся на высокім узроўні – Крысціна займаецца ў эстраднай студыі пры РЦК. На пытанне, што самае галоўнае ў выкананні, яна шчыра адказала:

– Я заўсёды стараюся пець ад душы. Любую песню трэба пражыць, прапусціць праз сябе, і толькі тады выканаўца зможа закрануць глядацкія сэрцы…

Віншаванне канкурсантаў праходзіла пад гарачыя апладысменты груп падтрымкі. Дыпломы фестывалю пераможцам і ўдзельнікам уручыла старшыня журы – выкладчыца Валожынскай ДМШ А. М. Лаўрыновіч, а памятныя падарункі – начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий