Таленты і адкрыцці

Таленты-і-адкрыцці

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама распачынае творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

 

ТАЛЕНТЫ І АДКРЫЦЦІ

    Выпускніца Івянецкай СШ Дар’я БІБІК прызнана пераможцай сярод вучняў 9-11 класаў у намінацыі “Лепшы ў вучэбнай дзейнасці”. На абласной прадметнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, якая  прайшла напачатку года, яна атрымала дыплом 3-яй ступені.

Дашу рыхтавала ўлюбёная ў свой прадмет настаўніца – Аліна Генадзьеўна Ярмак. Пачынаючы з пятага класа, яна адшуквае сапраўдныя таленты і, так бы мовіць, робіць на іх стаўку. Гэта дзяўчынкі, якія вельмі цікавяцца беларускай літаратурай, вучаць на памяць творы, у многіх з іх ёсць здольнасці да напісання вершаў. Роднай мове яны надаюць шмат увагі: займаюцца на факультатывах, дадаткова, самастойна вывучаюць без перабольшвання “горы” розных публікацый, даследаванняў, гістарычных дакументаў.

У таленавітага педагога Дар’я Бібік стала пятай па ліку вучаніцай, якая паказала трывалыя веды і ўвайшла ў тройку лідараў у вобласці. Сярод пераможцаў прадметных алімпіяд па беларускай мове і літаратуры ёсць і стыпендыяткі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітых і адораных вучняў – Кацярына Скурат і Ірына Багдановіч, і Даша, па словах Аліны Генадзьеўны, мае ўсе шансы патрапіць у іх кола.

Сама ж Д. Бібік з настаўніцкай сям’і – як і яе матуля, складае вершы, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх конкурсах. Што тычыцца абласных спаборніцтваў, то за перамогу разам з ёй змагаліся яшчэ 24 вучні, якія сталі лепшымі ў іншых рэгіёнах Мінскай вобласці. Самым складаным аказаўся этап вуснага выказвання – было вельмі цяжка эмацыянальна, успамінае Даша, бо перад табой прадстаўнічае журы, глядзіш яму ў вочы і адразу ж даеш адказ на пытанні. А колькі было радасных хваляванняў, калі даведалася пра перамогу, цяжка перадаць – адразу нават не магла паверыць!

Поспех не прыходзіць сам па сабе, яму папярэднічае настойлівая і напружаная работа. Дзяўчыне давялося перачытаць шмат матэрыялаў, твораў літаратуры, не проста азнаёміцца, але і добра ведаць біяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго, неабходна веданне новых плыняў у сучаснай літаратуры: якія кнігі, зборнікі, слоўнікі выйшлі ў свет; нават праблемы экалогіі, грамадства і ўрбанізацыі таксама патрэбна ведаць. Падрыхтоўка да абласной алімпіяды займала ўвесь вольны час – як зазначыла Дар’я, паглядзець тэлебачанне не было калі. Але самае важнае, што настойлівасць і імкненне прынеслі плён.

У будучым Д. Бібік хоча стаць дэфектолагам-лагапедам ці паспрабуе сябе ў алігафрэнапедагогіцы. І хоць зносіны з дзецьмі ў гэтым кірунку ў асноўным вядуцца па-руску, Даша не супраць увесці заняткі на беларускай мове. У паўсядзённым жыцці ў коле сваіх сяброў яна размаўляе, як і большасць, “на трасянцы”, але ёсць у яе асяроддзі і людзі, што самі патрабуюць таго, каб з імі размаўлялі па-беларуску, ёсць і тыя, хто мовы не ведае і не разумее, тады даводзіцца гаварыць па-руску.

Самой жа пераможцы наша родная мова вельмі падабаецца: сваёй мілагучнасцю, часам незвычайнасцю, бо некаторыя словы пры вымаўленні проста зачароўваюць. “І гэтыя пачуцці нельга перадаць”,  – кажа вучаніца года.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars