Таленты сабраліся ў Iвянцы

Шаснаццаць гадоў запар моладзь з усёй Беларусі і блізкага замежжа збіраецца летам у Івянцы, каб паўдзельнічаць у «Музычнай майстэрні» – серыі майстар-класаў па касцёльнай музыцы і спевах.

Сёлета падзея праходзіла з 21 па 29 ліпеня і сабрала паўтары сотні аматараў. Жыллё для ўдзельнікаў было арганізавана ў палатачным лагеры, які размясціўся недалёка ад кляштара францішканаў на маляўнічым беразе Валмянкі.

На працягу тыдня дзяўчаты і хлопцы вучыліся спяваць паасобку і ў хоры, асвойвалі ігру на інструментах, наведвалі тэатральныя і харэаграфічныя заняткі, актыўна займаліся мастацтвам і інтэнсіўна працавалі. Майстар-класы і лекцыі праводзілі вядомыя замежныя майстры: музыкант, журналіст, тэлевядучы Ян Паспяшальскі, кампазітар літургічнай музыкі, дырыжор, кантрабасіст і спявак Хуберт Кавальскі, піяніст, акцёр, кампазітар Марцэль Баліньскі, скрыпачка Зузанна Іваньска, гітарыст і кантрабасіст Кшыштаф Бараноўскі.

На завяршэнне майстэрні Івянец наведаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У прамове перад вернікамі распавёў аб важнасці «Майстэрні», падзякаваў арганізатарам за яе падрыхтоўку і правядзенне.

Скончыўся форум традыцыйным гала-канцэртам. Тут прагучалі і літургічныя спевы, і аўтарская песня, і імправізацыйныя нумары, паказалі тэатральную пастаноўку. Маштабная для Івянца падзея прыцягнула шмат гледачоў, сярод якіх былі як сталыя людзі, так і самыя маленькія. Нягледзячы на ўзрост, усе танцавалі, спявалі, атрымлівалі асалоду.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars