Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    Лясгас – адно з прадпрыемстваў раёна, якое шмат гадоў мае ўласны пчальнік. Сёлета ў ім налічваецца 131 сям’я. Некалькі гадоў таму набыты 4 перасоўныя платформы, якія дазваляюць пчаліным сем’ям вандраваць па раёне ў пошуках мёданосных траў.

Ужо адпампавана 930 кілаграмаў мёду, але гэта не канчатковы вынік. Наперадзе самае масавае жнівеньскае адпампоўванне. Зараз платформы з вуллямі ўстаноўлены ля пасеваў грачыхі. А першы мёд рэалізоўваюць сваім работнікам. Невялікую партыю набыў дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”.

 

    РУП “Валожынскі жылкамунгас” у гэтыя дні распрацоўвае праектна-вышукальную дакументацыю на капітальны рамонт двух жылых дамоў у гарадскім пасёлку Івянец.

А ў Валожыне завяршаюцца будаўніча-рамонтныя работы па капітальным рамонце двух дамоў на вуліцы Чапаева – двухпавярховага № 33 і пяціпавярховага № 39. Зроблена замена мяккага даху і парапетаў, уцяпленне. У месцах агульнага карыстання пастаўлены новыя вокны і дзверы. У доме № 33 арганізаваны водаадвод даху – павешаны водасцёкавыя трубы. Капітальны рамонт гэтага дома абышоўся ў 95 тысяч рублёў, № 39 – у 116 тысяч. Зараз працуе прыёмачная камісія па ўводзе аб’ектаў у эксплуатацыю.

 

    На працягу чатырох дзён і трох начэй, з 26 па 29 ліпеня, у Віцебскай вобласці на мяжы трох краін працаваў міжнародны маладзёжны лагер “БЕ-ЛА-РУСЬ”. У 27-мы раз летнік сабраў 500 актывістаў маладзёжнага руху з Беларусі, Расіі і Латвіі. Сёлета краінай-арганізатарам выступала Латвія.

У складзе каманды Мінскай вобласці былі і прадстаўніцы нашага раёна – Алена Жданюк і Надзея Вяршыцкая. У першы раз дзяўчаты паехалі туды як актывісты БРСМ у 2012 годзе. На сёлетнім свяце Надзея атрымала медаль удзельніка, які наведаў фестываль у пяты раз, Алена была ў чацвёрты. Праграма кожнага дня была настолькі насычанай рознымі цікавымі справамі і мерапрыемствамі, што светлавога дня не хапала. У праграме работы лагера адбыўся і майстар-клас па вырабе нацыянальных беларускіх лялек-абярэгаў. Алена Жданюк навучыла сваіх равеснікаў вырабляць ляльку “Падарожніца”.

 

    Прыемнай аб’явай сустракае сваіх наведвальнікаў раённая бібліятэка. Кожны першы і трэці чацвер месяца ў вызначаны час, з 15 да 19 гадзін, тут будуць праводзіць бясплатныя кансультацыі работнікі натарыяльнай канторы.

Можна будзе прама ў бібліятэцы атрымаць кваліфікаваныя адказы на пытанні па афармленні спадчынных правоў, складанні завяшчанняў, шлюбных дагавораў, па афармленні прыватызацыі і іншым. Цяпер ад наведвання бібліятэкі можна атрымаць двайную карысць. Не толькі абмяняць кнігі, але і адначасова вырашыць нейкія свае праблемныя пытанні, і для гэтага не патрэбна спецыяльна наведваць натарыяльную кантору. Варта толькі папярэдне запісацца на кансультацыю па тэлефоне: 54-2-40.

 

    Для 13 валанцёраў, якія ўдзельнічаюць у праекце “Папярэджанне ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей, якія пражываюць на тэрыторыі горада Валожына і Валожынскага раёна”, закуплены і ўручаны абанементы на наведванне басейна. Чатыры разы ў жніўні яны змогуць наведваць басейн бясплатна.

 

    29 ліпеня на пляцоўцы ў зоне адпачынку Гардынава быў разыграны Кубак раёна па пляжным валейболе. Адначасова быў праведзены навучаючы майстар-клас, які даў госць з Маладзечна Валерый Лях.

Першае месца ў спаборніцтвах заняла каманда ў складзе Аляксандра Фіялкі і Аляксандра Даніка. Другое месца – валейбольны дуэт у складзе Юрыя Петрашкевіча і Анатоля Пукалы. На трэцім месцы – Валерый Карцялёў і Дзмітрый Пашкоўскі. Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ўзнагародзіла пераможцаў і прызёраў граматамі і грашовымі прызамі.

 

    Яшчэ ідуць канікулы, а ДЮСШ Валожынскага раёна ўжо праводзіць набор у спартыўныя секцыі. Сёлета з адкрыццём басейна стала на адну секцыю больш. Аб’яўлены прыём хлопчыкаў і дзяўчынак з 7-мі гадоў у секцыю плавання. Заняткі ў секцыях баскетбола, дзюдо і настольнага тэніса праводзяцца на бясплатнай аснове, а вось наведванне секцыі плавання будзе як бясплатным, так і платным.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars