Дзіцячы садок горада Валожына «Расінка»

Официально

Дзіцячы садок для хлопчыкаў і дзяўчынак – гэта маленькая чароўная краіна. Яна за адну хвіліну можа ператварыцца і ў гульнёвую пляцоўку, і ў тэатр, і ў танцавальную залу. Але неаспрэчны той факт, што ўсё гэта дастаўляе дзеткам радасць толькі тады, калі яны здаровыя і жыццярадасныя. І таму сёння найбольш папулярнымі сталі тыя выхаваўчыя ўстановы, якія ператвараюцца ў першую чаргу ў краіну здароўя…
Бадзёрымі, упэўненымі крокамі спяшаюцца кожную раніцу ў свой любімы дзіцячы садок маленькія непаседы. І не страшныя ім ні восеньскія дажджы з пранізлівым ветрам, ні зімовыя маразы з мяцеліцамі. А ўсё таму, што пра здароўе і выдатнае самаадчуванне малых паклапаціліся ў выхаваўчай установе загадзя. Менавіта тут, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка”, ужо не першы год працуюць санаторныя групы для дзяцей. За перыяд іх існавання курс аздараўлення прайшлі прыкладна 300 дзетак. Задаволены вынікамі ўсе: і выхавальнікі, і медыкі, і бацькі, і нават самі маленькія гарэзы. Вядома ж, лепш сонечнымі марознымі днямі коўзацца на горцы з сябрамі або ляпіць снежную бабу, чым ляжаць з высокай тэмпературай у ложку і прымаць горкія лякарствы. Зразумеўшы простую ісціну, што лепш быць здаровым, выхаванцы ахвотна крочаць на масаж і працэдуры, прымаюць вітаміны і імунамадулятары, за абедзве шчакі ўплятаюць смачныя збалансаваныя і вітамінізаваныя сняданкі і абеды.
Першыя санаторныя групы для аслабленых, часта і доўга хварэючых дзяцей былі адкрыты ў “Расінцы” ў студзені 2004 года. Сюды прымаліся па накіраванню педыятраў і выхаванцы з іншых дашкольных устаноў горада. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што эксперымент, на які пайшлі аддзел адукацыі, кіраўніцтва і выхавальнікі цэнтра, удаўся. Вопыт па арганізацыі аздараўлення і харчавання пераймалі ў санаторных дзіцячых садках Маладзечна, а таксама з літаратуры. Рашэннем райвыканкама на пачатковым этапе былі выдаткаваны грошы на набыццё неабходнага аснашчэння. У першую чаргу       купілі ультрагукавы апарат, апарат ультрафіялетавага апрамянення. Інгалятар і лямпу інфрачырвонага апрамянення дапамаглі набыць калегі з Германіі. Пазней за сродкі пазабюджэтнай дзейнасці дакупілі кварцавыя лямпы, апарат для дарсанвалізацыі, магнітатэрапіі, інгалятары. Адной з апошніх у цэнтры з’явілася лямпа шырокага спектра дзеяння “Біяптрон”, якая выкарыстоўваецца не толькі для прафілактыкі захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, але і для лячэння ўдараў, сінякоў і інш.
Два гады таму ў цэнтры адкрылі трэцюю санаторную групу. Цяпер аздараўленне праходзяць дзеці не толькі старэйшых узроставых груп, якія рыхтуюцца да школы, але і трох-чатырохгадовыя. Кожнае дзіця мае права адзін раз на працягу года прайсці курс аздараўлення. Складаецца індывідуальная праграма – так званы індывідуальны аздараўленчы маршрут. Пасля паглыбленага медыцынскага абследавання яго састаўляе ўрач-педыятр. Дарэчы, з адкрыццём такіх груп у штат цэнтра ўведзены і дадатковыя стаўкі медыцынскіх работнікаў: урача-педыятра, медсёстраў па фізіятэрапіі і масажу. Але варта ўдакладніць, што санаторныя групы носяць аздараўленчы, а ні ў якім разе не лячэбны характар.
Для больш эфектыўнага аздараўлення дзяцей у “Расінцы” абсталяваны фізіятэрапеўтычны кабінет і інгаляторый, у спальных памяшканнях санаторных груп устаноўлены масажныя кушэткі. На працягу года кожнае дзіця такой групы атрымлівае прафілактычныя і аздараўленчыя працэдуры накшталт інгаляцый, масажу, магніта-, арома-, фіта- і вітамінатэрапіі, дарсанвалізацыі. Акрамя таго, дзецям, якія перанеслі прастудныя захворванні, назначаюцца дадатковыя працэдуры ў якасці рэабілітацыі пасля хваробы. Маленькія прыхільнікі здаровага ладу жыцця, акрамя фізіяпрацэдур, атрымліваюць вітаміны, імунамадулятары (імунал, эхінацэю, лакрычны корань), фітачай.
На ўзроўні ў санаторных групах цэнтра і харчаванне. Пяціразовы рацыён дыетсястра Таццяна Аляксееўна Трапашка складае так, каб кожны дзень у дзетак на сталах былі мяса і рыба вышэйшага гатунку, свежыя садавіна і агародніна, сокі і малочныя прадукты. Папулярны сярод дзетак і кісламалочны прадукт “Біфідзін”, насычаны жывымі бактэрыямі, які прывозяць з Беразіно. А захаваць як мага больш вітамінаў і карысных рэчываў у стравах дапамагае набытая нядаўна параканвекцыйная печ. Поўны кошт абедаў у дзень складае 4600 рублёў, 60 працэнтаў кошту аплачваюць бацькі (2760 рублёў).
Аналіз стану здароўя выхаванцаў, якія ў мінулым годзе наведвалі санаторныя групы, паказаў станоўчую дынаміку. Павялічыўся працэнт дзяцей, якія перайшлі з другой групы здароўя ў першую і з трэцяй у другую. Колькасць дзяцей, стан здароўя якіх палепшыўся, склала 17 працэнтаў, застаўся без змяненняў – 82 працэнты.
Сёлета дзеткі ўжо паспелі прайсці першапачатковы этап аздараўлення: з верасня наведвалі працэдуры, масаж, медсястра закапвала ім носікі маркоўным сокам. Напэўна, многім гэта дапаможа супрацьстаяць эпідэміі грыпу і іншым вірусным захворванням, якія не на жарт палохаюць дзяцей і дарослых у гэтым сезоне.

Святлана СУХАДОЛЕЦ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *