Зноў і зноў прыходзяць успаміны…

    У Год малой радзімы хочацца расказаць аб былым і сучасным вёскі Сакаўшчына. Тут я нарадзіўся, правёў дзяцінства, вучыўся і працаваў, а цяпер знаходжуся на заслужаным адпачынку.

Старажылы сцвярджаюць, што ёсць некалькі варыянтаў паходжання назвы вёскі. Адны гавораць, што ў час вайны 1914 года ў вёсцы стаялі салдаты, а іх афіцэраў звалі Ахмет і Ісак. Другія ўпэнены, што ў тыя даўнія часы ў рэчцы было шмат рыбы, і вяскоўцы лавілі яе пры дапамозе сака. А трэція расказваюць, што назва пайшла ад травы асакі, якой зарасло ўсё наваколле.

Зямля была падзелена. Тыя, хто меў зусім малыя ўчасткі, наймаліся да пана або да тых, у каго яе хапала, каб зарабіць збожжа ці грошы. Панскі двор размяшчаўся на месцы, дзе пазней знаходзілася лодачная станцыя.

У лесе, у “горках”, жыў ляснічы, яго жонка трымала служанак. Па сённяшні дзень гэта месца называецца леснічоўкай. Каб схадзіць па ягады, вяскоўцы павінны былі мець на руках паперу, дзе ўказвалася, колькі ўплачана за карыстанне лесам. Самавольства каралася вялікім штрафам.

М. Я. Хаванская 1900 года нараджэння была ў час вайны 1914 года падлеткам. Яна ўспамінала, як хаваліся ў лесе, дзе цяпер пабудаваны комплекс па адкорме жывёлы. Помніла ваяроў з шашкамі вярхом на конях. Гаварыла, што тэрыторыю, дзе адбываліся баі, агароджвалі дротам, праз які ішоў электрычны ток. Насельніцтва галадала, елі траву, рыхтавалі з яе піражкі. Уздоўж Сакаўшчыны цягнуліся зямлянкі з печкамі. У іх жылі салдаты, яны, бывала, частавалі хлебам, супам, алеем.

У вялікім гумне бацюшка благаслаўляў салдат, даваў крыжыкі на Вялікдзень. У гэтым жа гумне свянцаў яйкі да свята.

На могілках ёсць невялічкая царква. Яна была пабудавана ў 1878 годзе. У 50-60-х гадах, калі разбуралі храмы, знайшліся людзі, якія прынялі ўсе меры, каб захаваць святыню. Цяпер яна дзейнічае, сюды наведваюцца прыхаджане з розных вёсак.

Пасля вайны вярнуліся мужчыны, сталі будавацца, араць, сеяць. У 1947 годзе пачалі пісаць заявы на ўступленне ў калгас. Некаторыя гэтага рабіць не хацелі,  узвешвалі ўсе “за” і “супраць”. Але праз год-два і яны сталі падаваць заявы, бо вельмі вялікія грошы трэба было плаціць за зямлю.

У 1955 годзе на плаціне ракі Заходняя Бярэзіна пад кіраўніцтвам старшыні калгаса А. П. Горскага была пабудавана адна з першых гідраэлектрастанцый. Яна мела вялікае значэнне для механізацыі многіх працэсаў, забяспечвала электраэнергіяй населеныя пункты, фермы. Быў пабудаваны млын, дзе малолі зерне для калгаса і для жыхароў навакольных вёсак.

Мы, дзеці ваенных гадоў нараджэння, ужо ў 50-60 гады прымалі ўдзел у развіцці гаспадаркі. Раніцай беглі да канюшні, каб узяць каня і адправіцца на працу ў калгас, дзе баранавалі і акучвалі бульбу, звозілі снапы збожжа ў адно месца (яго ўручную жалі сярпамі жанчыны, кожнай адводзілі дзялку), а затым малацілі і адвозілі на склад. За ўсю гэту работу налічвалі працадні. А ў канцы года разлічваліся зернем. Чым большы быў ураджай, тым больш плацілі. Усюды ездзілі на конях: вазілі збожжа ў Гародзькі на продаж, наведваліся ў Валожын па хлеб. Яго давалі ўсяго па адной булцы на рукі, а ў нашай сям’і, акрамя бацькоў, было пяць дзяцей.

Я ўзгадваю брыгадзіра І. Я. Ганько. Ён паказваў дзецям тэхналогію выканання розных работ. Асабліва запомнілася, як вучыў сеяць. Калі насенне буйное, пальчыкі на правай руцэ трэба было больш разгінаць, дробнае – вузей.

Падчас кіраўніцтва А. П. Горскага пабудавалі клуб на канцы вёскі. Яшчэ раней з ліку школьнікаў быў створаны духавы аркестр, пад гукі якога і адкрылі ўстанову культуры. Пры клубе ўзнік хор, у якім удзельнічалі калгаснікі і настаўнікі. Кіраваў ім ваеннаслужачы валожынскага гарнізона.

Пасля заканчэння школы ў 1959 годзе я спрабаваў паступіць вучыцца ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Са мной дакументы павезлі Я. В. Ракавец і М. Р. Ракавец. У той час існаваў закон, па якім для залічэння ў сельскагаспадарчыя ўстановы абітурыент павінен мець стаж работы не менш за два гады. Мае сябры паступілі, бо Яўген працаваў электрыкам у калгасе, Марыя – даяркай. А я – не, таму вярнуўся дадому і пайшоў у калгас. Затым, аж да прызыву ў армію, быў загадчыкам гаспадаркі ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе.

Служыць прыйшлося ў Бабруйскім артылерыйскім палку. Я, па накіраванні ваенкамата, яшчэ раней закончыў школу па падрыхтоўцы вадзіцеляў ДАСААФ у Маладзечне. Аднойчы ў лютым 1962 года мы, салдаты-шафёры, паехалі на палігон вучыцца кіраваць цягачом, з дапамогай якога перамяшчаюць гаўбіцу. Было нас сем чалавек. Калі вярталіся на абед, наш вадзіцель перад мастом, што перакінуўся праз рэчку Бярэзіну, заснуў, збіў парэнчы, і мы з вышыні 18,5 метра ўпалі ўніз. Зіма была суровая, таўшчыня лёду больш за 40 см, таму цягач пад ваду не пайшоў. З сямі чалавек жывым застаўся толькі я. Сярод загінуўшых – мой сябар з вёскі Цімкавічы. Хаваць яго прывозілі на радзіму. Я пазней пытаўся ў людзей, многія памятаюць гэты выпадак.

Пасля арміі працаваў настаўнікам у Запур’еўскай базавай школе, дырэктарам у Поцінскай, а з 1971-га кіраваў Сакаўшчынскай сярэдняй школай. Адначасова завочна вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага па спецыяльнасці “Біёлаг”. Наша навучальная ўстанова рыхтавала механізатараў і поўнасцю забяспечвала імі гаспадаркі. Многія выпускнікі атрымлівалі бухгалтарскую спецыяльнасць і вярталіся на малую радзіму, працавалі ў канторы.

Шмат было зроблена ў калгасе “1 Мая”, калі яго ўзначальваў М. С. Шчуцкі: пабудаваны фермы, гаражы, КБА (баня, швейны цэх, пральня), сталовая, садзік і інш. Мікалай Сцяпанавіч падрыхтаваў для іншых гаспадарак такіх кіраўнікоў, як М. В. Ракавец (узначаліў калгас імя Суворава). А. К. Ляўковіч (“Залескі”), В. Ю. Мошка (“Багданаўскі”), П. І. Бітэль (“Брылькоўскі”).

…На месцы былога КБА індывідуальная прадпрымальніца Ірына Чаславаўна Багданчык і яе муж Пётр Міхайлавіч адрамантавалі памяшканне і адкрылі магазін “Пачастунак”, які абсталявалі ўсім неабходным. Там вялікі выбар прадуктаў і нехарчовых тавараў, ёсць усё неабходнае для насельніцтва. Хочацца падзякаваць за тое, што ў вёсцы працуюць сумленныя людзі, што падтрымліваюць высокую культуру абслугоўвання.

Яшчэ хочацца адзначыць жанчыну, якая ўнесла вялікі ўклад у захаванне здароўя мясцовага насельніцтва. Ч. Ю. Макрыцкая працавала фельчарам у Сакаўшчыне з 1956 года да выхаду на заслужаны адпачынак. Часлава Юльянаўна чалавек сваёй справы. Многія людзі і цяпер звяртаюцца да яе за парадай. Кіраўніцтва яе цаніла і адзначыла заслугі жанчыны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх Ордэн “Знак пашаны”, медаль “Заслужаны фельчар РБ”, пяціканцовая зорка “Выдатнік санітарнай абароны СССР”, што дало ёй права на атрыманне персанальнай пенсіі. Ад імя ўсіх жыхароў хочацца падзякаваць ёй за самаадданую працу і пажадаць моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Васіль КАРЗЮК,

жыхар вёскі Сакаўшчына

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars