На старце рэалізацыі

Ёсць усе падставы спадзявацца, што восенню ў Валожыне пачне працаваць першая лінія цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння.

     На мінулым тыдні намеснік дырэктара РУП “Валожынскі жылкамунгас” П. В.  Клімянкоў правёў некалькі сустрэч з жыхарамі шматпавярховак, каб увесці іх у курс спраў, адказаць на пытанні. Праблема гарачага водазабеспячэння наш горад непакоіць даўно, таму Паўлу Вячаслававічу давялося трымаць размову нялёгкую і доўгую. Сёння цікавасць чытачоў раёнкі да гэтай тэмы пастараецца задаволіць галоўны інжынер прадпрыемства Ігар Іванавіч ЛЯШКЕВІЧ:

“З раённага бюджэту на рэалізацыю праекта выдзелена паўтара мільёна рублёў. Частка грошай ужо паступіла і асвойваецца. Заказчыкам работ выступае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, падрадчыкам – профільная будаўніча-мантажная сталічная арганізацыя.

Згодна з планам, першая лінія гарачай вады будзе запушчана ў 12 панэльных дамах. Па вуліцы Партызанскай гэта дамы №№ 6А, 22 і дзесяць шматпавярховак у мікрараёне Папоўка па вуліцах Гагарына і Міру. Чаму менавіта ім выпала стаць “піянерамі”? Таму што ў такіх збудаваннях вельмі небяспечна карыстацца газавымі воданагравальнымі калонкамі – самымі папулярнымі ў нашых жыльцоў бытавымі прыборамі. Зімой была спроба адключыць калонкі з мэтай папярэджання бяды, аднак многія жыльцы аддаюць перавагу гарачай вадзе, а не ўласнай бяспецы.

Пры правядзенні будаўніча-мантажных работ у падвалах дамоў размесцяцца новыя цеплапункты з аўтаматычным рэгуляваннем тэмпературы вады ў дамах. Расходы па іх устаноўцы бярэ на сябе дзяржава, гаспадары жылых памяшканняў аплацяць толькі пламбіроўку лічыльнікаў расходу гарачай вады ў памеры прыкладна 6 рублёў. У ванным пакоі пажадана павесіць спецыяльную батарэю для сушкі ручнікоў. Яе, вядома, набываць будуць самі жыльцы.

Для пракладкі новых труб сантэхнікам спатрэбіцца доступ да разводкі, які, як правіла, размяшчаецца за задняй сценкай санвузла. Калі туалет цалкам выкладзены абліцовачнай пліткай, то давядзецца яе здымаць. Разводныя трубы ад стаяка да кранаў у ванным пакоі і кухні будуць пракладвацца або “ўтопленымі” ў сцяну, што патрабуе значных рамонтных работ, або паверх яе.

Што датычыцца тэхнічных характарыстык гарачага водазабеспячэння, то ўсё запрацуе ў адпаведнасці з нарматывамі хімічных і тэмпературных патрабаванняў. Сёння мы маем мадэрнізаваную кацельню з двума магутнымі катламі, неабходную трубаправодную сетку, станцыю абезжалезвання і ачышчальныя збудаванні. Раю ўсім спажыўцам адказна аднесціся да рэалізацыі нашага праекта, і ўсё з гарачай вадой у горадзе паступова прыйдзе ў норму.  Функцыянаванне сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Валожыне нічым не будзе адрознівацца ад таго, што дзейнічае ў іншых гарадах. Вось толькі папярэдне газавікам давядзецца адключаць і дэманціраваць газавыя калонкі.

Карыстаючыся нагодай, хачу звярнуцца да жыхароў горада з просьбай: забяспечыць доступ у кватэры і падвалы для правядзення будаўніча-мантажных работ. Непакоіць нас і праблема несанкцыянаваных падключэнняў да водаправодаў. Асабліва вялікі расход вады назіраецца ў вясенне-летні перыяд, калі людзі займаюцца палівам агародаў. Напамінаю, што самавольныя падключэнні караюцца вялікімі штрафамі”.

Мы ўдзячны Ігару Іванавічу за інфармацыю, аднак пытанняў па гарачай вадзе ўсё адно застаецца шмат. Людзі заклапочаны расходамі на рамонт, набыццё кранаў і сумяшчальнікаў. Калі меркаваць па званках у рэдакцыю, ёсць ужо і такія, хто гатоў адмовіцца ад устаноўкі водаправода з гарачай вадой. Жыльцы тых дамоў, у якіх рамонт распачаўся, выказваюць незадаволенасць якасцю і тэмпам работ.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars