Крокі да поспеху

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

КРОКІ ДА ПОСПЕХУ

    Гімназістку Ульяну Ціганіну, нягледзячы на тое, што ёй толькі 14 гадоў, можна назваць чалавекам сур’ёзным і глыбокім. Дзяўчынка з інтэлігентнай сям’і, дзе патрабавальнасць да сябе на ўзроўні перфекцыянізму – норма, з маленства прывучана да адказнасці. Яшчэ з садаўскага ўзросту запомніла наказ маці: “Не старайся быць лепшай за іншых, проста рэалізуй усё добрае, што ёсць у табе”. І яна параду прыняла да ведама. Сёння сямікласніца – сярод тых, хто прызнаны пераможцамі раённага конкурсу “Вучань года-2018”.

На першы погляд можа падацца, што светлавалосая прыгажуня толькі і робіць, што глядзіць перадачы пра моду (вельмі ж элегантна выглядае яе танклявая постаць). Але гэта ўражанне знікае, як толькі пачуеш разважанні пра жыццё, вучобу, сям’ю, дружбу. Прызнаецца, што столькі сядзець за падручнікамі, колькі гэта даводзіцца рабіць, цяжка. Хочацца і пагуляць, і паспаць даўжэй, але матывацыя да вучобы такая высокая, што дапамагае перадольваць ляноту.

З першага класа ў яе ўсе школьныя прадметы ідуць на выдатна. З гуманітарнага цыкла асабліва цікавіць руская і беларуская мова і літаратура, а з “царыцай навук” – матэматыкай – асаблівая дружба. На працягу апошняга навучальнага года неаднойчы станавілася прызёрам розных конкурсаў і алімпіяд. Адзначана дыпломам 1-й ступені за ўдзел у раённай дыстанцыйнай алімпіядзе па матэматыцы. З абласнога матэматычнага турніру разам з камандай прывезла дыплом 3-й ступені. Ульяна прызнаецца: ёсць у яе імкненні да выдатных паказчыкаў у вучобе і прастора для росту. Плануе ў бліжэйшы час “падцягнуць” англійскую мову, а ў далейшым хацела б асвоіць яшчэ адну з найбольш распаўсюджаных у свеце моў. Упэўнена: валоданне замежнымі мовамі пашырае гарызонты ў плане камунікацыі, дапамагае расці ў прафесіі, дазваляе рэалізаваць творчы патэнцыял.

Апроч заняткаў у гімназіі мае мноства цікавых захапленняў. У пачатковых класах шмат часу ўдзяляла пляценню з саломкі, вышыванню, не закінула набытыя ўменні і зараз. Любіць шыць, нават мае ўласную (падарунак) швейную машыну. Скончыла 4-ы клас музычнай школы па класе фартэпіяна, наведвае гурток харэаграфіі, умее прыгожа заплятаць валасы. У якасці мадэлі – любімая малодшая сястрычка. Ёсць у спакойнай з выгляду дзяўчыны-падлетка і лідарскія якасці, якія ў поўнай ступені рэалізуе падчас адпачынку ў летніх аздараўленчых лагерах.

Ульяна пакуль не агучвае свае планы ў дачыненні да будучай прафесіі, але паведаміла, што больш за ўсё цікавяць яе медыцына і сфера IT. Першая – таму, што звязана з дапамогай людзям, другая – за прагрэсіўнасць.

Паслухаўшы амаль дарослыя разважанні, верыш, што яе выбар абавязкова будзе абдуманым і сур’ёзным.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars