Іван Паўлавіч Тамковіч: “Саўгас “Падбярэззе” стаў выпрабаваннем на трываласць…”

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

Іван Паўлавіч Тамковіч:

“САЎГАС “ПАДБЯРЭЗЗЕ” СТАЎ ВЫПРАБАВАННЕМ НА ТРЫВАЛАСЦЬ…”

    Валожыншчыне Іван Паўлавіч Тамковіч аддаў тры дзясяткі гадоў, дваццаць тры з якіх – ракаўскай зямлі: працаваў дырэктарам саўгаса “Ракаўскі”, а пасля – старшынёй Ракаўскага сельсавета. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак пашаны”, медалём “За доблесную працу”, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, двойчы – знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, граматамі райкама КПБ, таварыства “Веды”, яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Неаднойчы выбіраўся дэпутатам абласнога і раённага Савета дэпутатаў.

    За вялікімі пашанамі хаваюцца вельмі сціплая і надзвычай добразычлівая душа, моцная рука сапраўднага кіраўніка і гаспадарніка, які дасягнуў усяго сам.

Нарадзіўся наш герой у вёсцы Астроўкі Салігорскага раёна ў 1933 годзе. Бацьку свайго памятае толькі з расказаў маці – яго не стала, калі Івану было некалькі годзікаў. У сям’і падрастаў яшчэ малодшы брат, таму падтрымкі і дапамогі чакаць не было адкуль. У школу пайшоў пераросткам – у 10 гадоў, як і большасць дзяцей вайны. Скончыў толькі восем класаў і атрымаў павестку на тэрміновую службу. Хацеў стаць лётчыкам, аднак без сярэдняй адукацыі туды не бралі. Але жаданне юнака ўсё-такі ўлічылі: накіравалі ў авіяцыйныя войскі, служба ў якіх на той час доўжылася чатыры гады. Менавіта ў арміі ў Івана Паўлавіча праявілася вялікая прага да ведаў. З адзнакай скончыўшы гадавую авіяцыйную школу радыёмеханікаў, накупляў падручнікаў і самастойна пачаў рыхтавацца па прадметах за 9-10 класы. І сёння з удзячнасцю ўспамінае камандзіра аддзялення, масквіча, які пакінуў яму канспекты пасля сябе. “Такіх дзівакоў больш не было, – разказвае І. П. Тамковіч. –  Падчас звальнення таварышы па службе адпачывалі, хадзілі ў кіно, а я ўпотайкі вучыўся – пра гэта ніхто нічога не ведаў”. Экзамены за курс сярэдняй школы здаў экстэрнам і адразу ж паехаў паступаць у Горкаўскую беларускую сельгасакадэмію. На факультэце механізацыі конкурс тады быў сем чалавек на месца, да таго ж зялёная вуліца давалася медалістам, а такіх набралася палова ад плануемага набору. Тым не менш, старанне і вялікае жаданне прынеслі плён. І праз пяць гадоў вучобы дыпломны праект пад назвай “Агратэхніка апрацоўкі кукурузы з дэталёвай распрацоўкай сеялкі для сяўбы кукурузы” ён абараніў на выдатна.

Першым працоўным месцам стаў саўгас “Чарнелі” Іўеўскага раёна, дзе маладога спецыяліста прызначылі загадчыкам майстэрняў. Неўзабаве пачалося разбуйненне гаспадарак, пад якое трапіў саўгас “Багданаўскі”: на той час ён адносіўся да Гродзенскай вобласці. У выніку ўтварыўся яшчэ адзін саўгас – “Падбярэззе”, толькі размешчаны ў нашым раёне. Менавіта сюды летам 1963 года Іван Паўлавіч быў накіраваны галоўным інжынерам. “Да работы ехалі праз Вішнева па шашы, але хутка дарога скончылася, – з усмешкай прыгадвае ён сваё знаёмства з падбярэзскай зямлёй. – У мяне валасы дыбам сталі: які дурань, чаго ж я еду ў нейкую глуш, што нават і дарогі няма!

На справе новы саўгас – гэта пустое месца: ні майстэрні, ні памяшкання, ні такарнага станка, ні зварачнага агрэгата, нават электрычнасць не паўсюдна падведзена. У Гродзенскім сельгасупраўленні далі невялікую машыну-лятучку, і паехаў у горад Серпухаў на ваенны завод. Адтуль прывёз крыху абсталявання: безумоўна ж, не новае, аднак і такая тэхніка была на вагу золата. Зоя Макараўна Задора, якая працавала тады брыгадзірам паляводчай брыгады, у вёсцы Анцэлеўшчына выдзеліла паўканюшні – там першы час рамантавалі трактары.

У моду толькі пачалі ўваходзіць матацыклы, і па просьбе жадаючых арганізавалі курсы матацыклістаў пры Маладзечанскім ДТСААФ. Назбіралася каля 30 чалавек: чарнельцы, вішнеўцы, багданаўцы. Экзамены па ваджэнні здалі ўсе з першага разу.

За тры гады работы “Падбярэззе” трывала стала на ногі – падабраліся моцныя кадры. У маёй памяці яно засталося як выпрабаванне на трываласць”.

Столькі ж часу адпрацаваў І. П. Тамковіч у саўгасе “Багданаўскі” і пасля заканчэння кіраўніцкіх курсаў змяніў Аляксандра Пятровіча Анціпенку на пасадзе дырэктара саўгаса “Ракаўскі”. Прыехаў сюды ў снежні 1970 года. Гаспадарка “хадзіла ў серадняках”: меліся тры кароўнікі ў Бакачах, Міхалове і Зарэччы на 200 галоў у кожным, адкормачнік па ўтрыманні БРЖ, 1600 гектараў зямлі. Але галоўнай своеасаблівасцю сельскагаспадарчай вытворчасці была ўласная птушкаферма – менавіта на яе новы старшыня і зрабіў акцэнт, распачаўшы мадэрнізацыю. За некалькі гадоў пагалоўе птушкі вырасла ў два разы і склала 70 тысяч. Тры яйцавозы штодня накіроўваліся ў розных напрамках з дыетычнай прадукцыяй з Ракава. Прыкметна ўмацавалася эканоміка саўгаса, павысілася яго рэнтабельнасць. Наспела неабходнасць у будаўніцтве яшчэ адной малочнатаварнай фермы. За сродкі гаспадаркі быў пабудаваны 8-кватэрны жылы дом для работнікаў саўгаса, узведзена воданапорная вежа для насельніцтва ў Дубашах, адрамантаваны аварыйны мост з Ракава да майстэрняў. Дзякуючы настойлівым памкненням кіраўніка, у Міхалове, Бакачах, Бузунах з’явіліся магазіны. Паступова наладжваўся быт вяскоўцаў, набылі аўтобус, на якім працаўнікі ездзілі на экскурсіі ў Кіеў, Маскву, Адэсу.

Іван Паўлавіч умеў працаваць з людзьмі, усёй душой хварэў за свой калектыў – за гэта яго паважалі і слухаліся. “Мяне лічылі занадта мяккім, – кажа мой суразмоўца. – Я ніколі не сварыўся і не павышаў голас. Лічыў, калі чалавек у нечым правініўся, то пагутару з ім толкам – і дастаткова”. Правай рукой быў галоўны бухгалтар Аляксандр Аляксандравіч Домнін: граматны спецыяліст, адказны работнік, на якога ва ўсім можна было паспадзявацца. Прыкладам у кіраўніцкай рабоце стаў дырэктар саўгаса “Багданаўскі” Дзмітрый Паўлавіч Альфер. Удзячны І. П. Тамковіч і Зоі Макараўне Задора, што навучыла, як трэба працаваць з зямлёй.

Пасля дванаццаці гадоў плённай працы ў “Ракаўскім” Івану Паўлавічу прапанавалі ўзначаліць мясцовую ўладу. Пасада, безумоўна ж, высокая, аднак фінансавыя магчымасці абмежаваны. У Ракаве ў 1982 годзе пражывала 2 тысячы чалавек, людзі звярталіся ў сельвыканкам за талонамі на брыкет, дровы, выдзяленнем участкаў пад будаўніцтва дамоў – такога паломніцтва ў мястэчка іншагародніх, як зараз, не назіралася. У сувязі з будаўніцтвам аўтастрады ў цэнтры Ракава быў пакладзены асфальт, добраўпарадкоўваліся і вуліцы. Людзі ішлі да старшыні не толькі за патрэбай, але і за парадай: ведалі, што іх тут уважліва выслухаюць, разважаць, зробяць усё магчымае, каб дапамагчы. Менавіта такім памятаюць Івана Паўлавіча Тамковіча ракаўчане.

У свае 85 гадоў ён не сядзіць без справы – узначальвае ветэранскую арганізацыю, сустракаецца з моладдзю, шчодра дзеліцца назапашаным вопытам. Любіць радзіму, любіць людзей і рабіць толькі дабро – галоўныя прынцыпы, з якімі заўсёды ішоў па жыцці І. П. Тамковіч. Менавіта яны дапамаглі простаму вясковаму хлопцу стаць чалавекам з вялікай літары.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars