За словам – справа, а за справай – вынік

Менавіта так павінны працаваць кіраўнікі раённых службаў на месцах, каб зменшыць колькасць праблемных пытанняў і нараканняў у свой адрас.

    Старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА ў мінулую суботу правёў чарговую “прамую лінію”. За тры гадзіны прамога дыялога кіраўніка раёна з насельніцтвам паступілі 9 званкоў.

Жыхарку вёскі Дубіна Юрздыцкая хвалюе высечка дрэў на могілках у Забрэззі: па словах жанчыны, некалькі дрэў спілавалі, а далей работы не вядуцца. Там пахаваны яе бацькі, месца апошняга спачыну родных даглядае і трымае ў парадку. Калі ж пачалі займацца добраўпарадкаваннем, то справу трэба даводзіць да канца.

У мінчанкі ў вёсцы Крыніца засталася ў спадчыну палова дома, якую яна, у сваю чаргу, перааформіла на дзяцей. Нядаўна прыйшло пісьмо з падатковай інспекцыі аб неабходнасці выплаты падаткаў, дзе пазначана ўнушальная сума ў параўнанні з той, што плаціла на працягу 20 гадоў. У падатковай інспекцыі жанчыне патлумачылі, што другая частка дома была прададзена дачніку — ён аформіў яе як кватэру. Жанчына не разумее, чаму прынятае ў аднабаковым парадку рашэнне суседа паўплывала і на яе ўласнасць.

Пытанне догляду за фруктовым садам, які размешчаны ў мікрараёне Папоўка ў Валожыне, узняў ветэран педагагічнай працы. Больш за паўстагоддзя назад ён быў пасаджаны рукамі работнікаў калгаса імя Леніна, таму ў народзе яго і называюць калгасным. Ужо шмат гадоў за садам ніхто не даглядае, міжраддзе заросшы быльнягом амаль у рост чалавека, пасля непагадзі некаторыя дрэвы зламаліся, валяецца нямала галля. Сёлета яблыні і грушы шчодра ўрадзілі, але, на жаль, нікому не патрэбны. Між тым, па словах пенсіянера, да збору садавіны можна было б прыцягнуць школьнікаў: прадукцыю здаць нарыхтоўшчыкам з райспажыўтаварыства і тым самым зменшыць кошт харчавання ў школе. Як прадстаўнік старэйшага пакалення ён прывучаны, каб на зямлі быў парадак. Хацелася б, каб гэтаму вучылася і моладзь.

З 2009 года не можа разбрацца, дзе ж праходзяць межы ўчастка, інвалід I групы з вёскі Улазавічы: сцвярджае, што ў землеўпарадкавальнай службе і патрэбныя здымкі са спадарожніка рабілі, а сусед усё адно “залез” на яго тэрыторыю. Цяпер той надумаў гараж пабудаваць на адлегласці ўсяго ў адзін метр ад яго гаража. Мужчына занепакоены, што пры будаўніцтве будзе парушаны супрацьпажарны мінімум. З пытаннем звяртаўся ў аддзел архітэктуры, у пажарную службу, аднак, па яго словах, там толькі спасылаюцца адзін на аднаго, а дакладнага адказу не даюць.

Маладая маці з вуліцы Загарадная ў райцэнтры папрасіла садзейнічання ва ўладкаванні дзіцяці ў другі гарадскі сад. Адпаведную заяву напісала ва ўпраўленне адукацыі, калі немаўляці было ўсяго 4 месяцы. Цяпер, калі надышла пара аддаваць дзіця, ва ўстанове ёй патлумачылі, што няма месцаў, і параілі вадзіць у дзіцячы сад у мікрараёне Сельгастэхніка. Жанчына скардзілася на вялікую адлегласць і нязручнасць, звярнуўшы ўвагу на тое, што і вуліца незаасфальтаваная – у непагадзь там не прайсці, а тым больш з малым на руках.

Пенсіянерка з вёскі Жомайдзь пастаянна атрымлівала прадпісанні ад пажарнай службы аб неабходнасці рамонту пячнога ацяплення ў доме. Нарэшце, жанчына сабрала крыху грошай, і ёй зрабілі печку. Аднак тых сродкаў не хапіла, каб аплаціць за работу. Бабуля запыталася, ці можна разлічыцца чэкамі “Маёмасць”?

Наступныя два тэлефанаванні тычыліся добраўпарадкавання. У прыватнасці, дапамагчы высечы кустоўе і дрэвы каля магазіна ў вёсцы Даўбені папрасіла жыхарка гэтага населенага пункта. Калісьці там была сядзіба, а цяпер з кожным годам разрастаецца хмызняк. Толькі абяцанні на свае звароты і просьбы ў рамонце дарогі па вуліцы Садовай у Валожыне пастаянна чуюць насельнікі: па словах мужчыны, вуліца капана-перакапана, яма на яме, а рабіць яе так ніхто і не збіраецца.

Па ўсіх узнятых у тэлефанаваннях праблемных пытаннях старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка даў даручэнне разабрацца адпаведным службам.

Гэта была ўжо трэцяя па ліку “прамая лінія”, што сёлета правёў кіраўнік раённай улады. А ўвогуле, задаць хвалюючае пытанне жыхары раёна маюць магчымасць кожную суботу з 9 да 12 гадзін – менавіта ў гэты час на прамой сувязі працуюць намеснікі старшыні і кіраўнік спраў райвыканкама. Так, за 6 месяцаў сёлета праведзены 26 “прамых тэлефонных ліній”, куды паступілі 69 званкоў. Асноўнымі пытаннямі, з якімі звярталіся грамадзяне, тычыліся камунальнай і дарожнай гаспадарак, землекарыстання, гадлёвага абслугоўвання.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars