Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

На тэрыторыі воінскай часці ў райцэнтры поўным ходам вядуцца работы па добраўпарадкаванні. Распачаты яны ў ліпені, а на канец кастрычніка запланавана здача аб’екта.

Вядзецца ўкладка пліткі па ўсёй тэрыторыі, будуць заменены ліўнёўка, каналізацыя, светлавыя апоры, прадугледжаны іншыя віды работ. Працуюць тут спецыялісты пяці філіялаў КУП “Мінскаблдарбуд” – Валожынскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага, Дзяржынскага і Клецкага. У сувязі са значнымі аб’ёмамі работ на дадзеным аб’екце КУП “Мінскаблдарбуд” выдзеліла нашаму ДРБУ № 167 новыя экскаватар і пагрузчык фірмы “Амкадор”.

 

    Гарачая пара ў дні ўборкі ўраджаю не толькі ў працаўнікоў жніва, але і ў работнікаў культуры. У абедзенны час канцэртнай пляцоўкай для іх становіцца любое месца, дзе харчуюцца камбайнеры і вадзіцелі.

За першы тыдзень, з 20 па 27 ліпеня, былі дадзены 12 канцэртаў у шасці сельгаспрадпрыемствах: ААТ “Агра-Дубінское”, ААТ “Багданаўскае”, КСУП “Сакаўшчына-Агра”, СГУ “Бабровічы”, філіялах ТАА “Тарасава” ў Дорах і Пугачах. Культработнікі і самадзейныя артысты Дубінскога, Багданаўскага, Сакаўшчынскага СЦК, Бабровіцкага КСЦ, Дорскага і Пугачоўскага СДК падрыхтавалі тэматычныя канцэртныя праграмы.

З 27 ліпеня па 3 жніўня былі праведзены 13 канцэртаў з удзелам работнікаў Падбярэзскага, Сакаўшчынскага і Багданаўскага СЦК, Суднікаўскага СК. Для падняцця настрою ўдзельнікам жніва работнікі культуры не менш актыўна шчыравалі і на мінулым тыдні.

 

    Мясаперапрацоўчае прыватнае прадпрыемства “Аграсэрвіс-6”, якое доўгі час працавала ў гарадскім пасёлку Івянец, спыніла сваё існаванне яшчэ восенню мінулага года.

Свае плошчы здалі ў арэнду ТДА “Юлайн” у г. Маладзечна, якое адкрыла тут адзін са сваіх філіялаў і таксама займаецца мясной вытворчасцю. Прадпрыемства пачало працаваць з вясны бягучага года. Адкрыта больш за 80 рабочых месцаў. Набор спецыялістаў працягваецца.

 

    Падыходзіць да лагічнага завяршэння летняя аздараўленчая кампанія. У летніках з дзённым знаходжаннем пабывалі 860 вучняў раёна, у лагерах з кругласутачным знаходжаннем – 625.

Сёлета ў раёне аздаравілі на 50 чалавек больш, чым у 2017 годзе, і гэта пры тым, што няма свайго стацыянарнага лагера. Было выдаткавана каля 8 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў на змяншэнне кошту пуцёвак для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот і інвалідаў.

13 жніўня на базе Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната пачаў працаваць эколага-краязнаўчы лагер “Наследнікі”, куды на 9 дзён заехалі 53 хлопчыкі і дзяўчынкі. Яшчэ 20 пуцёвак размеркаваны ў лагер “Вілія” на базе ДРЦ “Надзея” ў Вілейскім раёне. Апошняя змена тут пачнецца 22 жніўня.

 

    Калі на пачатак бягучага года ў Івянцы налічвалася 28 прыватных гандлёвых кропак, то на 1 ліпеня ўжо 33.

Практычна да нуля звяло свае пазіцыі ў гарпасёлку райспажыўтаварыства. Сяк-так выжывае толькі кафэ “Маладзёжнае”. А вось некалі прыгожы гандлёвы цэнтр цалкам здадзены ў арэнду, там цяпер размясціліся самыя розныя крамы і крамкі, што вельмі задавольвае саміх івянчан. На двух паверхах можна набыць гаспадарчыя тавары, рыбалоўныя снасці, запчасткі да аўтамабіляў, веласіпеды, абутак, адзенне, парфум, галантарэю і многае іншае. Неўзабаве ажыве і былая сталовая, яна аддадзена пад дыскаўнтар “Востраў чысціні”. Цяпер будучыя гаспадары прыводзяць у парадак фасад будынка. Ёсць прэтэндэнты і на арэнду плошчаў рэстарана ў гэтым гандлёвым комплексе.

 

    Адкрыты летне-асенні сезон палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну.

Паляваць дазваляецца толькі пры наяўнасці разавых альбо сезонных пуцёвак па пятніцах, суботах, нядзелях і панядзелках, а таксама ва ўсе святочныя дні, аб’яўленыя нерабочымі, у светлавы час сутак. А такім часам з’яўляецца адна гадзіна да ўзыходу сонца і адна гадзіна пасля яго заходу. Паляўнічы сезон працягнецца да 9 снежня бягучага года.

З 11 жніўня дазволена паляванне на перапёлку, вальдшнэпа, шызага голуба, фазана і вяхіра. З 1 верасня пачнецца паляванне на рабчыка і шэрую курапатку, з 15 верасня – на гуся белалобага, гуся гуменніка, гуся шэрага і канадскую казарку. Багатых вам трафеяў, паляўнічыя!

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars