Імчаць новенькія аўтобусы

Общество

Аўтапарк № 14 не так даўно набыў у лізінг тры камфартабельныя аўтобусы, якія ўжо курсіруюць па маршруце Валожын – Мінск: “Газель” да 19 пасадачных месцаў і два “МАЗы” для перавозкі 22 пасажыраў. У самы бліжэйшы час на баланс прадпрыемства паступіць яшчэ і мікрааўтобус “Мерседэс”, які таксама будзе задзейнічаны на аўтатрасе М6 у кірунку сталіцы. Гэта сур’ёзны выклік для прыватных “маршрутак”: за кліентаў давядзецца пазмагацца.

Як расказаў дырэктар ААТ “Мінаблаўтатранс” філіяла “Аўтамабільны парк № 14”  Уладзімір Дзесюкевіч, на кошце білетаў новаўвядзенні не адбіліся: яны па-ранейшаму застаюцца таннейшым, чым у канкурэнтаў. А вось вопыт, калі пасажыраў “збіраюць” па горадзе, узяты на ўзбраенне. Цяпер даехаць да сталіцы можна не толькі з вакзала, але і з прыпынкаў на плошчы Свабоды, каля магазіна “Еўраопт”, а таксама каля СШ № 1. Пры ажыццяўленні зваротнай паездкі там таксама прадугледжваецца высадка пасажыраў. Канечны пункт прыбыцця – Мінская аўтастанцыя па вуліцы Адоеўскага, дадатковы прыпынак – станцыя метро “Каменная Горка”.

Графік адпраўлення складзены з улікам найбольшай зручнасці для пасажыраў: жадаючыя выехаць з Валожына павінны арыентавацца на гадзіннік, які паказвае 6.40, 9.10, 11.00, 14.00, 16.20, 18.30. З Мінска дадому вас забяруць у 7.40, 10.20, 12.20, 15.50, 17.30, 19.20.

Паколькі аўтобусы аўтапарка рухаюцца з усімі прыпынкамі, то жыхары вёсак, што размяшчаюцца па маршруце, таксама без праблем могуць дабрацца ў сталіцу.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий