Работа з моладдзю: планы і перспектывы

Нядаўна ў Гомельскай вобласці адбыўся рэспубліканскі семінар-практыкум “Удасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Форум праводзіўся ў рамках выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і сабраў прадстаўнікоў са сталіцы і ўсіх абласцей Беларусі.

Пачалося мерапрыемства ў гарадскім пасёлку Лоеў, дзе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да стэлы мемарыяльнага комплексу. Практычную работу ў азначаным кірунку прадставілі ўстановы і прадпрыемствы Рэчыцкага раёна. Гутарка ішла пра ролю моладзі ў інавацыйнай палітыцы прадпрыемстваў, дзіцячую і маладзёжную экалагічныя ініцыятывы, маладзёжнае самакіраванне. Вялікая ўвага ўдзялялася падтрымцы таленавітай моладзі, рашэнню яе сацыяльных праблем праз калектыўны дагавор. Ішла гаворка і пра выхаванне падрастаючага пакалення праз прызму зберажэння народных традыцый.

Другі дзень семінара быў прысвечаны азнаямленню з рэспубліканскай выставай, прысвечанай сучасным метадам работы з моладдзю ў рэгіёнах Беларусі. На пленарным пасяджэнні абмеркавана работа ўсіх зацікаўленых бакоў у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

     Валожыншчыну на семінары прадставілі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Міхайлаўна Канановіч. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад форуму.

Ігар Уладзіміравіч ШАКУН:

    – Я ўпершыню прымаў удзел у маштабнай сустрэчы ідэалагічнага актыву краіны. Лічу, што пытанні, якія склалі праграму, з’яўляюцца сёння найбольш актуальнымі для нашага грамадства. Моладзь – заўтрашні дзень дзяржавы. Таму на ўсіх узроўнях неабходна пільна сачыць за тым, чым жывуць юныя грамадзяне, аказваць ім усебаковую падтрымку, даваць магчымасць развівацца, удасканальваць здольнасці, лідарскія якасці. Асабіста мяне ўразіла работа “БелАЗа”. Намеснік па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства яскрава прадставіў просты і няпросты адначасова алгарытм работы з маладымі кадрамі. Ён адзначыў, што з будучымі работнікамі патрэбна пачынаць працаваць тады, калі яны яшчэ вучацца ў школе, – знаёміцца, ладзіць сумесныя мерапрыемствы, дапамагаць з набыццём прафесіі. Пасля, калі патэнцыяльныя кадры ўжо стануць членамі калектыву, адзначаць дні нараджэння, ладзіць провады ў армію, сустракаць са службы, гуляць вяселлі, дапамагаць гадаваць дзяцей. Хлопцы і дзяўчаты павінны адчуваць: яны патрэбны і могуць разлічваць на дапамогу. Гэта стымулюе добрасумленна працаваць, прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы, годна наладжваць асабістае жыццё. У бліжэйшы час мы таксама будзем надаваць больш увагі кантролю за працаўладкаваннем моладзі. Для гэтага плануем стварыць базы даных аб працоўных месцах і тых, хто не працаўладкаваны. Думаем праводзіць кірмашы вакансій, магчыма, арганізуем браніраванне працоўных месцаў для юнакоў і дзяўчат, што набылі прафесіі ці жадаюць іх набыць без адрыву ад вытворчасці.

Ганна Міхайлаўна КАНАНОВІЧ:

    –  Для спецыяліста, што працуе з людзьмі маладога ўзросту, удзел у семінары не проста карысны, а жыццёва неабходны. У краіне існуе мноства цікавых і выніковых праектаў, навошта ж “вынаходзіць веласіпед”? Многае з убачанага можна з пэўнымі змяненнямі ўкараніць на Валожыншчыне. Мяне найбольш уразіў  магілёўскі Інтэрнэт-праект “Горад, дзе хочацца жыць”. Ініцыятыўная група вывучае меркаванні маладых людзей аб тым, якім яны бачаць свой абласны цэнтр. Вядома, што ў юных людзей цудоўна працуе фантазія, да таго ж яны шмат часу праводзяць за камп’ютарам. Вось і пастараліся аўтары ініцыятывы сумясціць крэатыўнасць і прагрэсіўнасць маладых магіляўчан. У выніку многія месцы для адпачынку, паркі, скверы, фасады будынкаў аформлены згодна з ідэямі ўдзельнікаў праекта.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars