Каб дзеці ўсміхаліся

Цудоўнае дзіцячае свята адбылося ў мінулую суботу ў райцэнтры. Ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра адбылося ўрачыстае адкрыццё інклюзіўнай пляцоўкі “Babys Smile”. Каб няўстойлівае надвор’е не сапсавала настрой юным жыхарам горада і іх бацькам, асноўныя мерапрыемствы арганізатары вырашылі ладзіць у памяшканні спартыўнай залы. Цікава, што ў самы адказны момант, калі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун і намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Генрыхаўна Пракопчык перарэзалі сімвалічную ленту і запрасілі гасцей першымі ступіць на тэрыторыю пляцоўкі, з-за хмар выглянула сонейка.

Пачалося ўсё з ідэі, якую ад імя валожынцаў выказала дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай. Ініцыятыву падтрымаў старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка, замежныя партнёры і спонсары – Фонд развіцця мясцовых суполак, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Каб наблізіць момант, калі добрае пачынанне ператворыцца ў штосьці рэальнае, шмат намаганняў прыклалі прадстаўнікі грамадскасці, кіраўнікі і калектывы Валожынскіх арганізацый, у першую чаргу – РУП “Валожынскі жылкамунгас”, філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”, ААТ “ПМК-188”, ДЮСШ Валожынскага раёна.

У вітальным слове Ігар Уладзіміравіч Шакун выказаў шчырую падзяку ўдзельнікам інклюзіўнага праекта. Ён падкрэсліў: “Гэта важна, што ў нашым горадзе будзе дзейнічаць утульны куток, дзе з карысцю змогуць бавіць час усе дзеці  горада, у тым ліку і з інваліднасцю. Галоўнае, каб тут заўсёды панавала дружба”. Прадстаўнік улады паабяцаў: работа па развіцці і пашырэнні месца адпачынку будзе прадаўжацца. Паступова яно павінна разрасціся ў прыгожы парк.  Вольга Генрыхаўна Пракопчык асабліва падкрэсліла заслугу жыхароў горада, якія прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні пляцоўкі і падрыхтоўцы свята.

Праграма была насычана мноствам сюрпрызаў. Малых і дарослых парадаваў сваім з’яўленнем незвычайны персанаж – містар Чух-Чух, які запрасіў прысутных у вясёлае падарожжа па краіне “Baby’s Smile”. Няўрымслівыя вандроўнікі наведалі станцыю “Востраў здароўя”, дзе добры доктар Айбаліт з дапамогай музыкі высветліў, пра што гавораць дзіцячыя сэрцы, а затым адбылося вымярэнне іх усмешак. Пазней адбылася сустрэча з феяй Пясочнай краіны. На станцыі “Мульцяшнае царства” дзеці разгадвалі загадкі, а затым у цэнтры падзей аказаліся Смяшарыкі – Нюша і Крош. На працягу ўсяго мерапрыемства шматлікіх гасцей падбадзёрвалі вядучая і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Творчымі набыткамі радавалі Святлана і Марына Гомель, удзельнікі вакальнага гуртка РЦК пад кіраўніцтвам Таццяны Рыснік “Вясёлыя ноткі”, выхаванцы харэаграфічнага гуртка Івянецкай школы-інтэрната. Пасля таго, як хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі на трэнажорах, набегаліся падчас гульняў, можна было трохі адпачыць і наведаць зону творчасці, дзе ладзіліся майстар- класы па вырабе лялек і паштовак, уменні накладваць аквагрым. Людна было і ў месцах, спецыяльна абсталяваных для фотаздымак. Напрыканцы свята яго ўдзельнікаў сабраў адмысловы салодкі стол.

Назва пляцоўкі “Усмешка дзіцяці”, якая дала назву і самой падзеі, поўнасцю апраўдала сябе. Арганізатары сапраўды зрабілі ўсё дзеля таго, каб дзеці ўсміхаліся.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Каб-дзеці-ўсміхаліся-1

Каб-дзеці-ўсміхаліся-2

Каб-дзеці-ўсміхаліся-3

Каб-дзеці-ўсміхаліся-4

Каб-дзеці-ўсміхаліся-5

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars