Адпачываць з камфортам

Зараз у раёне дзейнічаюць 4 зоны масавага адпачынку людзей на вадаёмах. Яны зацверджаны рашэннем райвыканкама, якое накіравана на папярэджанне гібелі людзей на водах. За кожнай зонай адпачынку замацаваны абслуговыя прадпрыемствы. Добраўпарадкаваннем Жоўтага берагу займаецца ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, за чысцінёй і парадкам участку ракі Заходняя Бярэзіна ў Сакаўшчыне сочыць мясцовае сельгаспрадпрыемства, пра Валожынскае вадасховішча і месца адпачынку ў Пагарэлцы клапоцяцца камунальнікі.

У адпаведнасці з санітарнымі нормамі і “Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” усе зоны адпачынку ўкамплектаваны грамадскімі туалетамі, кабінкамі для пераапранання, гульнявымі пляцоўкамі, навесамі ад сонца, а таксама альтанкамі, інфармацыйнымі стэндамі, транспартнымі стаянкамі, мосцікамі для заходу ў ваду.

Спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі кожны тыдзень наведваюцца ў зоны масавага адпачынку і правяраюць іх чысціню, даследуюць якасць вады ў месцах купання. Сёлета да пачатку купальнага сезона і падчас яго было ўзята 105 проб вады. Усе пробы па паказчыках бяспекі адпавядаюць патрабаванням Гігіенічнага нарматыву.

Кожны раз, праводзячы маніторынг прыродных зон, мы выяўляем тыповыя парушэнні. Так, каля грыбкоў і лавак у зоне адпачынку “Сакаўшчына” пастаянна ўтвараюцца кучы смецця з цвёрдых бытавых адходаў, несвоечасова ачышчаюцца кантэйнеры і кантэйнерныя пляцоўкі, не заўсёды ў час вядзецца абкошванне травы. Вёска Буні і Жоўты бераг засмечаны, некаторыя малыя архітэктурныя формы тут пашкоджаны адпачываючымі. Рамонту патрабуюць альтанкі, шлагбаум, агароджы. Вакол Валожынскага вадасховішча і на тэрыторыі адпачынку “Пагарэлка” расце пустазелле, параскідана смецце каля урн і лавак, у альтанках, не прыбіраецца надводная расліннасць.

Пасля праверак намі вынесена 26 рэкамендацый, накіраваны 13 інфармацыйных пісем арганізацыям, якім даручана абслугоўваць зоны адпачынку. За невыкананне патрабаванняў складзены 1 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да адказнай службовай асобы і накладзены штраф у памеры 49 рублёў.

Галіна ШАЛАКАВА,

памочнік урача-гігіеніста Валожынскага РЦГіЭ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars