Завітала да Віты муза

Жыў калісьці ў вёсцы Брылькі Уладзімір Алешка. Быў ён чалавекам адукаваным, цікаўным і прагрэсіўным. І калі ў яго нарадзілася дачка, то імя ёй даў рэдкае, незвычайнае – Віта, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае жыццё.

Дзяўчынка вырасла, выйшла замуж, змяніла прозвішча на Мішчанок, а жыць засталася ў роднай вёсцы. Шмат гадоў працавала паштальёнам, не раз пра яе як лепшую па прафесіі пісала наша “Працоўная слава”. А нядаўна ў рэдакцыю праз сацыяльныя сеткі прыйшло паведамленне ад пляменніка Віталіі Уладзіміраўны Мікіты пра тое, што яго цётка – выдатны кандыдат для рубрыкі “На ўсе рукі майстар”.

Сама жанчына жартуе: напрыканцы мінулага года наведала мяне Муза і натхніла на творчасць. За кароткі адрэзак часу Віталія Уладзіміраўна сабрала вялікую калекцыю сваіх вырабаў. А займаецца яна дэкорам шкляных бутэлек, бляшанак і іншых ёмістасцей. Работа гэта вельмі карпатлівая, бывае, адзін экзэмпляр цэлы тыдзень нараджаецца. Тэхніка заўсёды мяняецца: то дэкупаж прымяняецца, то гарачы клей у ход ідзе, то металічныя ніткі, а каб дабіцца састарэлага выгляду, то клеіцца здробненае яечнае шалупінне.

Неяк гасціла ў Мішчанкоў сваячка і так упадабала занятак Віталіі, што затрымалася на некалькі дзён, каб павучыцца. Так Віта, не будучы вучаніцай, стала настаўніцай.

Звычайная тара, якую мы прывыклі выкідаць на сметнік, ператвараецца ў прывабныя вазачкі і становіцца цудоўным падарункам для сяброўкі на дзень нараджэння ці з нагоды 8 Сакавіка. Першым “ацэншчыкам” кожнага вырабу выступае сын Ілля. Зараз хлопец студэнт тэхнічнага ВНУ, але з дзяцінства вызначаўся добрым густам і ўменнем прыгожа маляваць. Маму ён падтрымлівае і на пахвалу не скупіцца.

Але сын дома бывае нячаста і не заўважае, колькі часу адымае ўвесь працэс. А вось муж ужо не раз спачуваў: “Глянь на часы! Ноч на зыходзе, а ты ўсё клеіш..!” Толькі ж нездарма кажуць, што ахвота – горш за няволю. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі работы ў вёсцы становіцца трохі менш, Віталія Уладзіміраўна аддаецца творчасці. Кажа, што са з’яўленнем новага захаплення забылася пра дрэнны настрой, хваробы і пражытыя гады. Рэальна адчувае сябе памаладзеўшай. І раіць усім землякам мець хобі, ствараць прыгажосць і да глыбокай старасці радавацца жыццю.

Алена ЗБІРЭНКА

Завітала-да-Віты-муза-1

Завітала-да-Віты-муза-2

Завітала-да-Віты-муза-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars