Праблемы важныя – дапамога аператыўная

Общество

Ужо стала звыклым правядзенне “Прамых ліній” старшынёй райвыканкама У. А. Наумовічам з жыхарамі раёна. Такая форма работы ўлады з насельніцтвам прыжылася і таму, што яна запатрабаваная людзьмі, і як пацвярджэнне – званкі паступаюць пастаянна.

Ёсць субяседнікі, якія тэлефануюць у абавязковым парадку, у ліку такіх некаторыя івянчане. У іх заўсёды знаходзяцца падставы для нейкіх прэтэнзій, гучаць просьбы, заўвагі і г. д. У апошні час у раёне праводзяць “Прамыя лініі”, прыёмы грамадзян прадстаўнікі розных рэспубліканскіх ведамстваў. Таму жыццёва важныя пытанні адрасуюцца і ім і вырашаюцца ў аператыўным рэжыме. Але грамадзяне дакладна разумеюць, што першааснова мабільнай дапамогі – гэта райвыканкам і яго структуры. Бо ўсе звароты і просьбы, якія ўзнімаліся на любых узроўнях, у рэшце рэшт замыкаюцца на раённай вертыкалі.

І дагэтуль нярэдка гучалі і, відаць, яшчэ не раз будуць узнімацца ў будучым праблемы добраўпарадкавання гарадскіх вуліц. 25 лютага на “Прамую лінію” з удзелам старшыні райвыканкама У. А. Наумовіча паступілі тэлефанаванні з мікрараёна Валожына, дзе размешчаны вуліцы Гасціловіча, Старога Уласа. У дрэнным стане дарожнае палатно, таму ў пару бездарожжа гараджане адчуваюць вялікі дыскамфорт. Да таго ж аўтаўладальнікам некаторых сядзіб няпроста дабрацца да сваіх дамоў, вуліцу трэба “закальцаваць”, каб не прыходзілася на машыне рабіць круг аж праз цэнтральную плошчу. Тэму добраўпарадкавання ўзнімалі і жыхары гарыстай вуліцы Кірава. Праўда, тут з-за частых рамонтаў значна “патаўсцела” асфальтаванае палатно, таму патокі вады нярэдка атакуюць сядзібы, што размешчаны паабапал праезнай часткі.

Не першы год хвалюе валожынцаў і стан Кастрычніцкай. Перыядычныя прафілактычныя работы не знялі напружання. Зразумела, што патрэбны кардынальны падыход да яе добраўпарадкавання. І ў бліжэйшы час такія работы пачнуцца.

Паступіў крытычны званок і наконт стану пешаходнай дарожкі, па якой прыхаджане з навакольных вуліц дабіраюцца да праваслаўнага храма святых Канстанціна і Алены. Паабяцана садзейнічанне і дапамога.

Жыхароў дамоў № 6, № 8 па вуліцы Гагарына райцэнтра непакоіць небяспечны будаўнічы кар’ер, непадалёк якога забаўляюцца дзеці, а таксама адсутнасць належнай гульнявой пляцоўкі для юных валожынцаў.

Сярод “свежых” пытанняў чарговай “Прамой лініі” была просьба пасадзейнічаць у наладжванні сувязістамі праваднога вяшчання раённага радыё ў некаторых дамах гараджан на вуліцы Гасціловіча і суседніх з ёй.

У ліку штатных пытанняў, якія ставяцца і на многіх прыёмах грамадзян, і ў час адкрытых тэлефонных дыялогаў, па-ранейшаму лічыцца спілоўванне старых дрэў, якія тояць патэнцыяльную небяспеку жылым і гаспадарчым пабудовам. Аналагічнае тэлефанаванне паступіла на гэты раз з вёскі Улазавічы. Жыхары вёскі Сівіца заклапочаны газіфікацыяй уласных жылых дамоў, якія ў былыя гады па нейкіх прычынах засталіся без гэтых бытавых, газаацяпляльных выгод. З Родзеўшчыны прасілі аднавіць водазабеспячэнне вёскі, дарэчы, гэта праблема аператыўна вырашана. Патэнцыяльных пасажыраў з Забрэззя прымусіў пазваніць на “Прамую лінію” не зусім зручны графік работы аўтобуса.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий