Радуе сям’ю і школу

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

РАДУЕ СЯМ’Ю І ШКОЛУ

Педагогі ў кожнай школе зацікаўлены ў тым, каб вучні атрымлівалі добрыя веды, раслі выхаванымі і здаровымі, мелі магчымасць своечасова зарыентавацца ва ўласных здольнасцях, развіваць іх для паспяховай рэалізацыі ў дарослым жыцці.

Лічыцца, што ад прыроды ўсе дзеці адораныя, настаўніку варта толькі даць парасткам талентаў “праклюнуцца” на паверхню. Але каб гэта было і сапраўды лёгкай справай, то Нобелеўскія лаўрэаты хадзілі б калонамі. На самай жа справе і дарослыя знакамітасці, і вучні-выдатнікі – “тавар” штучны, якім ганарацца школа, бацькі, грамадства.

Як расказала намеснік дырэктара СШ № 1 г. Валожына па вучэбнай рабоце Алена Вацлаваўна Трус, “селекцыйную” работу выхавання цуда-дзяцей яны пачынаюць яшчэ ў пачатковых класах. Кожны жнівень абнаўляецца база з прозвішчамі патэнцыяльных геніяў, потым на працягу навучальнага года з імі праводзяцца індывідуальныя заняткі адзін-два разы на тыдзень. Для настаўнікаў, якія працуюць па такой праграме, прадугледжана дадатковае фінансаванне. У Калектыўным дагаворы навучальнай установы ёсць спецыяльны пункт для стымуляцыі здаровых амбіцый: калі выхаванцы дабіваюцца значных поспехаў, то педагог атрымлівае гарантаваныя прэміяльныя выплаты. Лепшыя школьнікі таксама матэрыяльна заахвочваюцца.

     Па выніках мінулага года найбольш гучна заявілі пра сябе настаўніца працоўнага навучання Іна Леанідаўна Кербедзь і яе вучаніца Марыя ЦМЫКАВА. Дзяўчынка паспяхова вучыцца, дзясяты клас скончыла школу з сярэднім балам 9,2. Пры гэтым мае залатыя рукі: вышывае, вяжа, шые на машынцы і ўручную. Будучы дзевяцікласніцай, раскрыла свае таленты на раённай прадметнай алімпіядзе па працоўным навучанні, дзе заваявала Дыплом ІІІ ступені. А праз год дзяўчынка пакарыла такі  ж п’едэстал на вобласці. Акрамя практычнага задання (пашыў зададзенага вырабу), ёй давялося вытрымаць складаны экзамен па тэорыі. 

Класны кіраўнік Марыі Ірына Вячаславаўна Садоўская адзначае вучаніцу як прыкладную ва ўсім. Яна не толькі выдатніца, але і як асоба вельмі цікавая. Відавочна, дзяўчынка атрымала дома добрае выхаванне, а школа дапамагла ёй палюбіць вучобу, раскрыць свае здольнасці. Фотаздымкі работ Марыі Цмыкавай класны кіраўнік захоўвае і ахвотна паказвае сябрам і знаёмым.

Першай жа настаўніцай Марыі была Таццяна Леанідаўна Каланцэр. Менавіта яна “прышчапіла” дзяўчынцы цікавасць да практычных і тэарэтычных навук. На гэтым трывалым падмурку можна ў будучым вырасці ў выдатнага прафесіянала і нават будаваць увесь лёс. Нездарма ў адрас педагогаў пачатковых класаў паэты і кампазітары так ахвотна пішуць самыя кранальныя творы! Стаўшы васьмікласніцай, Марыя Цмыкава зрабіла выбар на карысць групы педагагічнай накіраванасці. І вось ужо трэці год будзе паглыблена вывучаць гэту высакародную прафесію.

Але канчаткова дзяўчына яшчэ не вызначылася, да якой справы цягнецца яе душа. Бацькі з радасцю гатовы прыняць любое яе рашэнне, давяраюць яе розуму і самастойнасці. Дачка з маленства была ўраўнаважанай, спакойнай, не дастаўляла ніякіх турбот. Умела ціхенька забаўляцца з цацкамі, добра ладзіла з бабуляй Зінай са Шчалканаў – яна часам прыходзіла паглядзець за ўнучкай. Вось так без наведвання дзіцячага садка і выгадавалася. Чытаць вучылася ўжо ў школе і даволі хутка дагнала аднакласнікаў, якія прыйшлі ў першы клас падрыхтаванымі. А потым і ў лідары выбілася. Прыродныя здольнасці да вучобы, загартаваны фізічнай працай характар, вопытныя настаўнікі – вось тыя “кіты”, што дапамаглі Марыі Цмыкавай стаць выдатніцай.

Сям’я Цмыкавых жыве ў Бяляках. Паколькі мама Станіслава Іосіфаўна працуе поварам у Валожыне, а тата – механізатарам у Сакаўшыне, то адказнасць за парадак у доме і догляд па гаспадарцы ляжыць на Марыі і яе старэйшай сястры Вользе. Яны полюць агарод, дояць карову, жнуць збажыну.

Зараз сёстры Цмыкавы адпачываюць у Іспаніі. Гэта не першае далёкае падарожжа Марыі. У дзевяцігадовым узросце яна два месяцы гасціла ў Італіі, куды з групай дзяцей ездзіла ад касцёла Св. Юзафа. З кожнай паездкі яна прывозіць новыя ўражанні, назіраючы за ўкладам чужога жыцця, набіраецца вопыту. І верыць, што недзе там, у дарослым жыцці абавязкова зловіць сваю птушку шчасця.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars