Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

    Валожынскі вузел электрасувязі па ўмовах калектыўнага дагавору выдзеліў матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку да школы двум мнагадзетным сем’ям, у якіх ёсць школьнікі. Па 100 рублёў на дзіця-школьніка наймальнік пералічыць на бацькоўскія банкаўскія карткі.

Сям’я кабельшчыка-спайшчыка Сяргея Андрэевіча Сташэўскага такую дапамогу атрымае на дачку, а сям’я яшчэ аднаго кабельшчыка-спайшчыка Аляксея Іванавіча Нахая – на двух сыноў школьнага ўзросту.

 

    За кошт бюджэтных сродкаў на бягучы рамонт дашкольных устаноў раёна за 7 месяцаў зрасходавана 1045 рублёў. Набыта кухоннага абсталявання на суму 5993 рублі. Найбольш важкі набытак – кухоннае вентыляцыйнае абсталяванне для дзіцячага сада № 3 райцэнтра, якое будзе ўстаноўлена да 1 верасня.

На бягучы рамонт школ сёлета выдзелена 81 тысяча 670 рублёў бюджэтных сродкаў. Кухоннага і тэхналагічнага абсталявання для іх закуплена на 3477 рублёў. Гэта ў пераважнай большасці халадзільнікі, маразільнікі, электрапліты, машынкі для здрабнення мяса, мотакосы.

 

    За першае паўгоддзе гэтага года становішча 78 непаўналетніх прызнана сацыяльна небяспечным, яны пражываюць у 39 сем’ях на тэрыторыі раёна.

21 працэнт небяспечных сем’яў жыве ў горадзе, 79 – у сельскай мясцовасці. 37 працэнтаў бацькоў вядуць амаральны лад жыцця, у 24 працэнтаў сем’яў нездавальняючыя жыллёвыя ўмовы, пэўны працэнт не выконвае бацькоўскія абавязкі па ўтрыманні і выхаванні непаўналетніх і іншыя прычыны.

З пачатку года двое непаўналетніх былі вернуты ў адну біялагічную сям’ю. Праходзілі рэабілітацыю ў сацыяльным прытулку 8 дзяцей з пяці сем’яў, 1 дзіця было змешчана ў прыёмную сям’ю і 2 вучацца ў Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі.

 

9 жніўня 13 членаў клуба “Лэдзі”, які дзейнічае пры дзённым аддзяленні для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у рамках Года малой радзімы здзейснілі паездку на хутар Дзяржынава.

У мінулыя дзесяцігоддзі месца, дзе нарадзіўся Ф. Э. Дзяржынскі, было больш прыцягальным для турыстаў. Але і цяпер жанчынам было цікава ўспомніць гісторыю, палюбавацца маляўнічымі краявідамі. У той дзень яны пабывалі таксама ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

А 22 жніўня для валанцёраў, якія ўдзельнічаюць у праекце па рабоце з пажылымі людзьмі, і для людзей, што нарадзіліся да 9 мая 1945 года, будзе арганізавана паездка ў Гродна. Яны пазнаёмяцца з гісторыяй і славутасцямі абласнога цэнтра, наведаюць заапарк і Аўгустоўскі канал.

 

    Маляўнічыя мясціны нашага раёна прыцягальныя для турыстаў ва ўсе часы года. Аднак найбольш прывабліваюць яны гасцей не толькі са сталіцы, але і з іншых рэгіёнаў летам, калі ладзяцца розныя святы пад адкрытым небам і турыстычныя злёты.

У жніўні на паляне ля вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета праводзілі турыстычны злёт работнікі абласной ДАІ. А 18 жніўня на паляне “Сутокі” ля вёскі Рудня прайшоў турзлёт Міністэрства юстыцыі. У яго арганізацыі і правядзенні дапамагалі работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

 

    На працягу летніх канікулаў тры групы школьнікаў з Івянца пабывалі на адпачынку ў Польшчы.

Група з дзевяці дзяцей з 23 чэрвеня па 2 ліпеня знаходзілася ў Беластоку, яшчэ 10 падлеткаў з 1 па 10 ліпеня аздараўляліся ў курортным гарадку Яшчэмбе Гура, адкуль выязджалі на экускурсіі ў Гданьск, Сопат, Гдыню. На мінулым тыдні з суседняй краіны вярнулася апошняя група, якая адпачывала ў Судзетах. Найбольш уразіў школьнікаў сваёй прыгажосцю Вроцлаў і яго знакамітыя гномікі.

Са славутымі мясцінамі і рэлігійнымі храмамі Варшавы, Кракава і Чэнстахова ў гэтыя дні знаёмяцца 40 дарослых жыхароў Івянца. Падарожжа працягваецца амаль два тыдні.



Добавить комментарий