На зямлі, дзе гонкія яліны…

Культура

Міхась Курыла

*  *  *

На зямлі, дзе гонкія яліны

Дастаюць да неба галавой, –

Думаць я ніколі не пакіну

Пра сваю адзіную Айчыну…

І пра час, ляціць які стралой.

На зямлі, дзе ёсць дзівосаў безліч,

Шмат што прад вачыма ажыло…

Думаю пра пушчы вечнай веліч,

Што ўкрывае край сваім крылом!..

Серабрыцца тонкай ніткай Іслач,

Коціць воды ў даль Беразіна –

Гэта ўсё красы жывой аблічча,

Гэта ўсё – Паэзія… Яна –

Не, не за заслугі нам даецца,

Проста ўсім на радасць існуе,

Як і край, радзімым што завецца,

Як і мары светлыя твае!..

…На зямлі, пагоркамі стракатай,

Сам нямала пратаптаў дарог;

Бачыў прыгажосці я багата,

Без якой і дня пражыць не мог.

З новай песні, нібыта малітвы,

Пачынаўся мой працоўны дзень.

Кожны верш, з любові ён адліты,

З думкаю пісаўся для людзей –

Землякоў, хто працай памнажае

Славу дарагіх сэрцу мясцін,

Нашы звычкі, мову паважае,

Бо ў душы – і ён хрысціянін!..

І  радкі, як струны, зноў звінелі,

Славіў я ў свеце Прыгажосць!..

Каб душой ніколі не чарсцвелі,

Каб на свет адкрыта мы глядзелі,

Шанавалі тое, што ў нас ёсць.



Добавить комментарий