Першакласны настрой

    Сёлета ў раёне за парты сядуць 360 першакласнікаў. А для таго, каб гэты знакавы дзень жыцця запомніўся кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы, грамадскія арганізацыі (прафсаюзы, Белая Русь, БРСМ) аказалі матэрыяльную падтрымку іх сем’ям.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Сабяры партфель першакласніку” стартавала на Валожыншчыне ў сельскай мясцовасці: вясковыя дзеці ўжо атрымалі падарункі да навучальнага года. Прафсаюзныя арганізацыі аграпрамысловага комплексу закупілі канцылярскія і спартыўныя тавары, школьную форму, абутак і ўручылі абноўкі тым, каму найбольш патрэбна была дапамога. У першую чаргу ўвага ўдзялялася шматдзетным і няпоўным сем’ям. Асабліва запомніцца гэты навучальны год СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз»: тут адразу ў двух сем’ях выхоўваюцца блізняты-першакласнікі.

У калектыўных дагаворах усіх арганізацый і прадпрыемстваў прадугледжаны выплаты работнікам, дзеці якіх – школьнікі. Падтрымка да школы гарантуецца ў філіяле ДП “Мінаблпаліва”, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, на Валожынскім участку ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, у райспажыўтаварыстве, бальніцы і іншых арганізацыях.

Кульмінацыйны момант акцыі “Сабяры партфель першакласніку” прайшоў на мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры, дзе адбылося сапраўднае свята. Арганізавалі яго раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя рэспубліканскага ГА “Белая Русь”, раённы камітэт ГА “БРСМ”. З вітальным словам да сабраных (а гэта былі не толькі дзеці, а і прадстаўнікі старэйшага пакалення) звярнулася прафсаюзны “галава” Вераніка Загорская. Лідар маладзёжнага руху Юлія Лагуціна ўручала падарункі і частавала малых цукеркамі. На грошы грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі не паскупіліся, у складчыну іх сабралі нямала.

Пастараўся і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, супрацоўнікі якога зладзілі забаўляльную праграму. Работнікі Валожынскага РАНС змаглі зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак карыснай інфармацыяй, сувенірамі, “мульцяшнымі” героямі, фотасесіяй.

Мерапрыемства даказала ў чарговы раз – агульнымі намаганнямі можна зрабіць многае. Нават падарыць шчасце…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Першакласны-настрой-1

Першакласны-настрой-2

Ксюша ІВАНОВА:

    – Я пайду ў першы клас у гімназію. Там вучыцца і мой старэйшы брат. Мама мне ўжо купіла сукенку і туфлі. У школу хочацца. А сёння я атрымаю падарункі, якія спатрэбяцца на ўроках. Тут весела: многа дзетак, можна пабегаць, патанцаваць. Настрой у мяне добры. Асабліва спадабаўся вядучы, што гуляў з намі ў розныя гульні, а таксама героі з мульцікаў…

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars