У дбайнага гаспадара ўсё запісана

Общество

23 жніўня сваё прафесіянальнае свята адзначаць работнікі дзяржаўнай статыстыкі. У нашым раёне падлікамі супольнага гаспадарання і грамадскага жыцця займаецца невялікі калектыў аддзела статыстыкі, якім кіруе вопытны і высокаадукаваны чалавек – Галіна Эдуардаўна Малажавая. У яе падначаленні – намеснік Святлана Міхайлаўна Пятровіч, галоўны спецыяліст Вольга Анатольеўна Пасека, спецыяліст па даследаванні Таццяна Расціславаўна Захарэвіч. 

Чатыры жанчыны ведаюць, аналізуюць і накіроўваюць у вышэйстаячыя ўстановы інфармацыю пра работу аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Валожыншчыны, функцыянаванне аб’ектаў сацкультбыту і колькасныя характарыстыкі грамадскага стану, эфектыўнасць прыватнага бізнесу і штодзённыя клопаты асобнага чалавека. Акрамя ўліку і збору праўдзівых звестак, статыстыка забяспечвае выкананне важнейшых дзяржаўных праграм. Напрыклад, на дадзены момант рыхтуецца адказнае мерапрыемства – перапіс насельніцтва.

Да нядаўняга часу ўсе справаздачы вяліся на паперы. Таму колькасць статыстычных работнікаў патрабавалася куды большая. На чале аддзела ў складаныя 90-я гады стаяў Вацлаў Аляксандравіч Харук. Ён даўно на заслужаным адпачынку, але былыя калегі і зараз успамінаюць яго як чулага чалавека, выдатнага кіраўніка і спецыяліста. У тым, што раённы аддзел статыстыкі трывала трымаецца ў ліку лепшых – вялікая заслуга Вацлава Аляксандравіча.

Напярэдадні прафесійнага свята мы звярнуліся да былых работнікаў статыстычнай службы з просьбай падзяліцца ўспамінамі пра перажытае…

    Алімпіяда Лукінічна Сплендар,

вядучы эканаміст:

– Аддзел статыстыкі – адзінае маё месца работы. Прыйшла сюды ў далёкім 1985 годзе. Нас было 6 эканамістаў, 1 інжынер, 5 аператараў. У кожным калгасе працавалі яшчэ філіялы з аператарамі. З дапаможных сродкаў – толькі драўляныя лічыльнікі. У справаздачныя перыяды здараліся аўралы, мы без спрэчак заставаліся пасля работы і выконвалі ўсё ў тэрмін. Сваімі настаўнікамі магу назваць Марыю Уладзіміраўну Голуб, Таццяну Васільеўну Сухадолец, Тамару Уладзіміраўну Кулак. У Гардынаве жыве старэйшы спецыяліст нашай справы 87-гадовая Зоя Рыгораўна Сівая. З нагоды свята дасылаю ёй віншаванні і пажаданні здароўя яшчэ на многія гады.

 Ад-лічыльнікаў-да-ЭВМ

АД ЛІЧЫЛЬНІКАЎ ДА ЭВМ У АДНОЙ БІЯГРАФІІ

    Таццяна Васільеўна СУХАДОЛЕЦ яшчэ школьніцай вырашыла, якую выбраць прафесію: у іх вёску прыехала дзяўчына, малады спецыяліст у галіне статыстыкі. Гэта прыгажуня потым выйдзе замуж, а на яе месца прыйдзе працаваць Таццяна і сорак гадоў будзе займацца статыстычнымі падлікамі. Вось што расказвае Таццяна Васільеўна:

– Прадстаўнікі старэйшага пакалення былі вельмі працавітымі. І ў адносінах да хатніх спраў, і да службовых абавязкаў. Раней у статыстыцы падлікі вяліся ўручную. Мы літаральна танулі ў папяровым моры. Да нас бясконца ішлі людзі са справаздачамі, даведкамі, пацвярджэннямі, іншымі дакументамі. Я знала ўвесь раён і мяне ўсе ведалі. Участак дастаўся клапатлівы – нарыхтоўкі. 17 сельвыканкамаў, 27 калгасаў і саўгасаў пастаўлялі інфармацыю пра здачу збожжа, прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Нярэдка нават даводзілася прыносіць дадому квартальную справаздачу і прасіць дамашніх дапамагчы яе запоўніць. Але, нягледзячы на цяжкасці, у калектыве панавала добразычлівая атмасфера.

Старэйшая калега Зоя Рыгораўна Сівая давала парады не толькі ў прафесіянальным плане, але і вучыла нас, маладых дзяўчат, азам дамаводства. І мы імкнуліся з усіх сіл і на рабоце быць у ліку лепшых, і гаспадынямі добрымі станавіцца. Зоі Рыгораўне дасылаю шчырае прывітанне і нізкі паклон, заўсёды раўняюся на яе і лічу вялікай удачай, што лёс падарыў знаёмства з гэтай жанчынай.

Добрым словам хачу ўспомніць былых кіраўнікоў аддзела статыстыкі. У 1969 годзе, калі я прыйшла працаваць сюды пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума, начальнікам быў Вікенцій Пятровіч Сокал, яго змяніў Васіль Сцяпанавіч Станілевіч, потым прыйшла чарга Пятра Пятровіча Іванова. Вельмі змянілася работа аддзела статыстыкі пры Вацлаве Аляксандравічу Харуку – ім былі закуплены камп’ютары, і мы, не без боязі, пачалі асвойваць праграмы ўліку і кантролю. Нават і не здагадваліся, што гэта тэхніка здольная на 90 працэнтаў замяніць руціну статыстыкі…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий