Да вытокаў вяртаемся

У кожнага чалавека ёсць тая малая радзіма, да якой, чым больш жывеш, тым часцей вяртаешся думкамі і памяццю душы. Успамінаеш шчымлівае да болю далёкае маленства, такімі маладымі і светлымі бачыш абліччы родных і блізкіх, настаўнікаў і сяброў. Многіх з іх няма даўно на свеце, яле яны жывуць у памяці. Зашчыміць сэрца, і любоў да Бацькаўшчыны цягне туды, дзе ты пачынаўся як асоба, як чалавек.

У мясцінах майго маленства і юнацтва блізкіх і родных людзей не засталося. Але, як толькі зашуміць лістападам восень, мяне нешта пачынае непакоіць. Тады кідаю нават самыя неадкладныя справы і еду ў свой любы край.

Самая вялікая сям’я ў нашай вёсцы – сям’я майго дзеда Іосіфа Качалкі. У яго было шасцёра сыноў. Працавалі яны па ўсяму свету: і на Поўначы, на шахтах у Эстоніі, і на чыгуначнай станцыі ў Радашковічах. А ў родным калгасе засталіся толькі мой бацька Станіслаў і дзядзька Іосіф. На жаль, нікога з гэтай сям’і ўжо няма ў жывых.

Станіслаў працаваў пастухом. Ніколі ні з кім не спрачаўся, жыў ціха, памяркоўна, сумленна адносіўся да сваіх абавязкаў. Вяскоўцы яго ласкава называлі Стасюком. У вольныя часіны ён ішоў да брата ці да сяброў, з якімі любіў вечарам пасядзець і пагаварыць пра жыццё, будучы сенакос і іншыя надзённыя справы.

Лета заўсёды пачыналася з сенавання – нялёгкай, аднак чыстай і вясёлай, амаль святочнай работы. Сенакос быў далёка ад нас, дарога туды – цяжкая. На работу ехалі ўсе працаздольныя мужчыны з вёскі, і знаходзіліся яны там да той пары, пакуль не паставяць сена ў копны. Узімку кожны звозіў сваё сена дадому. Аднойчы бацькаў воз перакуліўся, і ён трапіў пад яго, выратавацца дапамагалі сябры. Потым ляжаў у бальніцы ў Вішнева з пераломамі.

Ёсць свая мудрасць у тым, што “кожная жаба хваліць сваё балота”. Да роднага кута вядуць усе сцежкі. Ён, як той адкрыты аэрадром, што прыме нас у любое надвор’е.

Як бы далёка я ні паехала, колькі б часу мне не прыйшлося быць у разлуцы з Радзімай, усё роўна сюды вярнуся, каб прывесці ў парадак думкі, жыццё…

Альбіна Ліпніцкая,

жыхарка вёскі Камень

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars