INФЭСТ на Валожыншчыне

     Сёлета нашаму раёну выпаў гонар стаць першаадкрывальнікам турыстычнага маршруту для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Галоўным месцам “паломніцтва” стала экалагічная сцежка ў ваколіцах Белакорца, якая задумвалася ў рамках праекта “Валожын без бар’ераў”. 

    “INФЭСТ” ставіў задачу прадэманстраваць магчымасці ўзаемадзеяння паміж грамадзянамі, уладай, арганізацыямі, прадпрыемствамі, якія зацікаўлены ў стварэнні даступнага асяроддзя і развіцця турызму для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У рамках фэсту прайшла канферэнцыя “Валожын без бар’ераў: як мы змаглі”, дзе былі абмеркаваны мясцовыя ініцыятывы і разгледжаны варыянты далейшага супрацоўніцтва.

Усе выдаткі па мерапрыемстве фінансаваліся Еўрапейскім Саюзам. Аднак супрацоўнікам сацыяльнай службы як гаспадарам клопатаў хапіла. Давялося папрацаваць ва ўзмоцненым рэжыме і раённым праваахоўным органам, медыкам, выратавальнікам. Аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства забяспечваў прыезджых гарачымі стравамі тройчы на дзень. І кожны раз повары чулі ў свой адрас словы падзякі за смачнае меню і ветлівае абслугоўванне.

Піянерам турыстычнага руху для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі наш раён стаў не выпадкова. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Галіна Рай), дзённага аддзялення для маладых інвалідаў (загадчыца Ларыса Шчарбачэвіч), карэкцыйнага цэнтра развіцця дзіцяці (дырэктар Ірына Кірыловіч) не шкадуюць душэўнага цяпла для сваіх падапечных, працуюць на поўную аддачу і як прафесіяналы славяцца на ўсю рэспубліку. Не раз даводзілася чуць ад замежных гасцей: на Валожыншчыне ўмеюць працаваць з інвалідамі так, што іншым варта павучыцца.

Пры садзейнічанні райвыканкама, ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, фонду “Інтэракцыя”, Беларускага ГА “Адпачынак у вёсцы” ў раёне 30 грамадскіх і культурных аб’ектаў сталі даступнымі для калясачнікаў,  сацыяльнай службай набыты спецыяльны аўтамабіль для перавозкі інвалідаў, пяць аграсядзіб адаптаваны для адпачынку хворых людзей. Плануецца, што першы ў Беларусі хостэл для людзей з інваліднасцю таксама запрацуе ў Валожыне.

А пакуль што людзі з абмежаванымі магчымасцямі асвойваюць кароткатэрміновы адпачынак на свежым лясным паветры. Маладыя інваліды з нашага раёна таксама пабывалі ў якасці турыстаў у Налібоцкай пушчы. Начоўка ў палатках, вячэра, прыгатаваная на кастры, дыскатэкі пад кіраўніцтвам сталічнага дзіджэя – усё гэта ім надоўга запомніцца. А яшчэ яны прымералі на сябе ролю настаўнікаў: вучылі новых знаёмых вязаць габелены, майстраваць разнастайныя сувеніры. І ўласным прыкладам паказалі, што чалавек з фізічнымі ці псіхічнымі недахопамі можа не толькі жыць у грамадстве, але і прыносіць карысць, забяспечваць сябе матэрыяльна.

Дарэчы, у фінальны дзень злёту, у суботу, калі для турыстаў і іх суправаджаючых, а таксама для ўсіх жадаючых ладзіўся фэст, вырабы наведвальнікаў дзённага аддзялення для маладых інвалідаў Валожынскага раёна ўразілі сваім асартыментам і высокамастацкім выкананнем.

З задавальненнем наведвалі госці імправізаваныя палаткі іншых валожынскіх майстроў, якія прадстаўлялі як прыкладную творчасць, так і адпачынак у сельскай мясцовасці. Ганчар Алег Капуста з Івянца прапаноўваў паспытаць сілы ў лепцы з гліны. Кіраўнікі гурткоў дзённага аддзялення Аляксандр Секочус і Юлія Гісіч давалі майстар-класы па апрацоўцы дрэва і дэкоры паштовак. Гаспадары аграсядзіб “Ганка” і “Раўнавага” частавалі экалагічнымі прадуктамі.

…Заяўленае свята для ўсіх “INФЭСТ” было аб’яўлена адкрытым у 15.00 18 жніўня. Ад імя кіраўніцтва раёна да сабраных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. Потым слова ўзяла дэлегат Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза Ірына Іванова і іншыя афіцыйныя асобы, якія непасрэдна займаюцца праектам “Валожын без бар’ераў: умацаванне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю”. Імі было адзначана, што Валожыншчына стала цэнтрам даступнага турызму ў Беларусі. Тут ужо цяпер можна карыстацца адпаведнай інфраструктурай, якая ў перспектыве будзе толькі пашырацца.

Пад вечар над лагерам загучала “жывая” музыка. Гэта запрошаныя загадзя музычныя калектывы “Разбітае сэрца пацана”, “Tomato jam”, “:B:N:”, “Akute” прыехалі даць канцэрт пад адкрытым небам, далучыўшы такім чынам маленькую вёсачку Белакорац да сучаснай маладзёжнай культуры.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея БОБРЫКА

INФЭСТ-1

INФЭСТ-2

INФЭСТ-3

INФЭСТ-4

INФЭСТ-5

INФЭСТ-6

INФЭСТ-7

INФЭСТ-8

INФЭСТ-9

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars