Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

    Падведзены вынікі раённага этапу абласнога агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі. У ім прынялі ўдзел 24 школы, вучэбна-педагагічныя комплексы і дзіцячыя сады. Вызначаны лепшыя ўстановы ў трох намінацыях: “Лепшае знешняе азеляненне”, “Лепшае ўнутранае азеляненне” і “Тэрыторыя бяспекі”.

Пераможцам у першай намінацыі журы прызнала Сівіцкі ВПК «Дзіцячы сад-базавая школа». Другое месца прысуджана Суднікаўскай СШ, трэцяе падзялілі Сакаўшчынскі і Багданаўскі ВПК. Лепшай ва ўнутраным азеляненні прызнана гімназія № 1, другое месца заняў Дорскі ВПК. Трэцяе месца было вырашана не прысуджаць. Па ўсіх крытэрыях лепшая тэрыторыя бяспекі абсталявана ў СШ № 2 райцэнтра, на трэцім месцы – Яршэвіцкі ВПК. Сярод дашкольных устаноў адукацыі лепшым у першай намінацыі прызнаны дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”. У другой і трэцяй намінацыях першынствавалі Пяршайскі ВПК і дзіцячы сад № 2 “Вясёлка” з райцэнтра. Пераможцы ва ўсіх намінацыях прадстаўлены на абласны этап агляду-конкурсу.

 

    У ліпені і жніўні райвыканкам прыняў рашэнне аб назначэнні сямейнага капіталу 7-і сем’ям раёна, дзе нарадзілася трэцяе і наступныя дзеці. На гэты раз “руліць” Івянецкі край.

Сямейны капітал налічаны жыхаркам Івянца Наталлі Іванаўне Бутарэвіч, Наталлі Пятроўне Гудвіловіч, Алене Анатольеўне Яцукевіч, Вераніцы Данекаўне Ключнік, якія нарадзілі па трэцяму дзіцяці. Па 10 тысяч долараў ЗША прызначаны таксама жыхарцы Валожына Таццяне Аляксандраўне Васілеўскай, Марыне Георгіеўне Цімаховіч з вёскі Галімцы Івянецкага сельсавета і Анжэле Георгіеўне Кафтан з вёскі Раднікі гэтага ж сельсавета. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама да разгляду рыхтуюцца заявы яшчэ пяці сем’яў.

 

    Добра вядомы ў Валожыне чалавек, майстар па дрэве, фатограф з душой мастака Міхаіл Васільевіч Станкевіч гэтым летам атрымаў дакумент на права кіравання маламернымі судамі.

Для таго, каб атрымаць дакумент, Міхаілу Васільевічу давялося ездзіць на заняткі ў Маладзечна, праслухаць праграму ў 90 гадзін і здаць экзамен. Але ён стаў не першым у нашым раёне, хто мае аналагічны дакумент. Сёлета са сваёй праверанай камандай з 3-4 сяброў М. В. Станкевіч пабываў на Нёмане, Дняпры, Заходняй Бярэзіне, Свірскіх азёрах. І кожны раз адкрывалі для сябе новыя, маляўнічыя краявіды роднага краю. А гараджане чакаюць своеасаблівыя справаздачы з гэтых водных падарожжаў – новыя серыі фотаработ майстра, члена народнага аб’яднання “Скарбніца” РЦК.

 

    У новым навучальным годзе ўпершыню ў раёне будзе адкрыта група аграрнай накіраванасці. Стартавай пляцоўкай абраны 10 клас сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Група фарміруецца ад 5 вучняў і больш.

Таксама працягнуць працаваць групы педагагічнай накіраванасці, якія замянілі педагагічныя класы. Набор вядзецца ў дзясятыя класы СШ № 1 райцэнтра, Івянецкую і Ракаўскую СШ. У гэтых жа ўстановах адукацыі ёсць ужо і адзінаццатыя класы з групамі педагагічнай накіраванасці.

 

    Выйшаў у свет першы нумар новага масавага навукова-папулярнага часопіса “Наша гісторыя”, які прысвечаны гісторыі Беларусі.

У ім змешчаны артыкул па гістарычным фарміраванні канона нацыянальнай кухні гаспадара аграсядзібы “Марцінова Гусь” Алеся Белага пад назвай “Зацірка і рэстаран “стэла”. Часопіс будзе выходзіць штомесяц.

 

   У мінулую пятніцу ў сваім ведамасным летніку “Чайка” на Стаўбцоўшчыне УП “Мінскаблгаз” праводзіў квэст “Па слядах тампліераў”.

Замест звыклых традыцыйных спартакіяд сёлета вырашылі правесці мерапрыемства ў новым фармаце. Складаўся квэст з трох этапаў. У ім удзельнічалі 10 каманд па 8 чалавек. У складзе каманды “Дзяржынскгаза” былі тры прадстаўнікі Валожынскага раёна газазабеспячэння: майстар службы ўліку газа і кантралёр гэтай службы Святлана Рэут і Вераніка Шырокава, слесар аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандр Барадака. Асобнай камандай выступалі прадстаўнікі СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”.

Квэст праходзіў у вельмі напружаным рытме. Толькі на першым этапе было 10 заданняў, удзельнікі стралялі з лука, кідалі нажы і мячы, скакалі на канаце і шмат у чым павінны былі дэманстраваць свае спартыўныя навыкі. Былі таксама інтэлектуальныя і жартоўныя заданні. У выніку каманда Дзяржынскгаза заняла 5-е месца, СГУ “Бабровічы” – 7.



Добавить комментарий