Прыйшло свята ў Ганчыцы

Культура

     У мінулую суботу жыхары Ганчыцаў адзначылі свята вёскі. Падворак Ігара Іванавіча і Святланы Мікалаеўны Сакалоўскіх, старанна ўпрыгожаны самімі гаспадарамі і работнікамі культуры, гасцінна запрасіў вяскоўцаў на вясёлае мерапрыемства.

Адміністрацыя ААТ “Агра-Дубінское” і Валожынскі сельвыканкам адзначылі падарункамі самую старэйшую жыхарку – 87-гадовую Антаніну Пракопаўну Рынкевіч і юбіляраў розных узростаў. У выніку прыемны сюрпрыз падняў настрой Ядвізе Іванаўне Рынкевіч (85 гадоў), Ірыне Уладзіміраўне Пашкоўскай (80 гадоў), Ганне Уладзіміраўне Пашкоўскай (75 гадоў), Васілю Яўгеньевічу Рынкевічу (50 гадоў), Сяргею Сяргеевічу Сікорскаму (50 гадоў), Ігару Іванавічу Сакалоўскаму (45 гадоў) і Яўгенію Аляксандравічу Саку (35 гадоў).

Адзначылі і самых дбайных гаспадароў, чые падворкі – гонар вёскі. Паколькі дзесьці палавіна жыхароў – мясцовыя, а палавіна – дачнікі, было прынята рашэнне прызнаць лепшымі ў справе падтрымання парадку і прыгажосці прыезджых Алену і Мікалая Беразанскіх і жыхароў вёскі Лілію і Міхаіла Якаўлевых. Без падарунка не засталіся і гасцінныя гаспадары, якія згадзіліся арганізаваць на сваёй сядзібе святочную прастору.

Вядучыя Марына Чабай і Валерый Мазура разам з удзячнымі гледачамі зазірнулі ў мінуўшчыну вёскі, узгадалі працоўныя заслугі яе жыхароў. Самадзейныя артысты Лілія Рамановіч, Валерый Язерскі, Ларыса Шарко і Ларыса Тур радавалі прысутных добрымі песнямі. На ўра ўспрымалі вяскоўцы і гумарыстычныя маналогі ў выкананні Валерыя Мазуры. Не абышлася ўрачыстасць і без караваю, важкі кавалак якога дастаўся кожнаму з прысутных, а гэта – каля сотні чалавек. Ганчыцы гулялі амаль цэлы дзень. За гэты час некалькі разоў пырскаў дождж, пасля зноў і зноў з-за хмар выглядвала сонца. А музыка, спевы і танцы ніяк не дазвалялі паставіць кропку ў душэўным мерапрыемстве. Карысным  можна назваць і ўдзел каманды райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікі правялі гутарку на тэму пажарнай бяспекі, раздалі памяткі і ад шчырага сэрца павіншавалі вяскоўцаў са святам вёскі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Прыйшло-свята-ў-Ганчыцы-1

Прыйшло-свята-ў-Ганчыцы-2jpg



Добавить комментарий