Мікалай Сцяпанавіч Шчуцкі: “Я – шчаслівы чалавек…”

Люди и судьбы

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

Мікалай Сцяпанавіч ШЧУЦКІ:

“Я – ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК…”

    Напрыканцы жніўня былы старшыня калгаса “1 Мая” Мікалай Сцяпанавіч ШЧУЦКІ адзначыць важкі юбілей. Амаль тры дзясяткі гадоў аддаў ён гэтай гаспадарцы. Калі ў 1971 годзе пагаджаўся на прапанаваную пасаду, добра ведаў, што з 32 калгасаў першамайскі знаходзіўся на… 32-м месцы. За час старшынства Мікалай Сцяпанавіч не проста вывеў яго з заняпаду, а зрабіў перадавым. За дасягненне высокіх паказчыкаў у сельгасвытворчасці ўзнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам “Знак пашаны”. Вельмі даражыць і яшчэ адной адзнакай працы, толькі ўжо на іншай ніве – Граматай Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і абразам Святога Філарэта.

Калісьці адзін з кіраўнікоў раёна назваў Шчуцкага, як яму здавалася, вельмі паважліва і ёміста – гаспадар. Аднак Мікалай Сцяпанавіч пакрыўдзіўся, патлумачыўшы, што кожны мужчына па сутнасці гаспадар: у сваім доме, у сваёй сям’і, а вось ён – гаспадарнік. І ў гэтым слове закладзены зусім іншы сэнс: не проста загадваць, кіраваць, але дбаць. І ў першую чаргу пра людзей, а пасля ўжо пра паказчыкі. Бо клопат пра працаўніка – галоўны рэсурс паспяховай работы. Зямля застаецца адна і тая ж, і толькі дзякуючы руплівым рукам яна ператвараецца ў сапраўдную карміцельку.

“Памятаю пасляваеннае дзяцінства, – узгадвае М. С. Шчуцкі. – Луста хлеба, намазаная маслам, збітым у бойцы. Гэта не проста ежа – свята для дзяцей, узнагарода за добры ўчынак: можа добра напасвіў кароў, можа дапамагаў дарослым. Увогуле, лусту хлеба трэба было зарабіць… А як выйдзеш з ёй на вуліцу, абавязкова хацелася сустрэцца з сябрамі, пахваліцца, лепшаму сябруку – даць адкусіць, пры гэтым абмежаваць “адкус” пальцам… Даўно ўжо прайшоў той час, які можна назваць “барацьбой за выжыванне” – людзі сталі жыць “не хлебам адзіным”. Дзеці слухаюць такія расказы старэйшага пакалення, як казку. Хто верыць, хто – не. Але аб гэтым варта гаварыць, пісаць, каб нашчадкі ведалі цану Хлеба, якога, дарэчы, цяпер хапае ўволю – розных гатункаў, смачнага і недарагога. А вось вырошчваць яго ва ўсе часы – вельмі цяжкая праца, бо луста хлеба пакрыта салёным сялянскім потам…”

Па жыцці Мікалай Сцяпанавіч кіруецца адным галоўным прынцыпам: “Я шчаслівы”. Нават напісаў эсэ на дзве з паловай старонкі з адпаведнай назвай, у якім сціпла ўмясціліся восем (!) дзясяткаў гадоў:

“Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і: Зінка, Янька, Манька, Колька, Сашка. У полі. Маці сярпом жала пшаніцу. Я шчаслівы.

    Уся сям’я – дзяды, бацькі, цёткі, сёстры, браты – жылі дружна, былі (і ёсць, хто жывы) вельмі працавітыя. Я шчаслівы.

    З дзяцінства зведаў, што такое голад, холад. Хадзіў басанож, абуваўся ў лапці, апранаўся (лепш казаць апраналі) у саматканку. Я шчаслівы.

    У школу хадзіў за 5 кіламетраў, а пасля – за 10. Я шчаслівы.

    Служыў у пагранвойсках Савецкай Арміі. Па загадзе зампаліта напісаў на шпалерах лозунг: “Наша мэта – камунізм”, за што быў прыняты ў члены КПСС (жарт з доляй праўды). Я шчаслівы.

    Вучыўся ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Атрымаў спецыяльнасць “Вучоны-аграном” (аб чым марыў). Я шчаслівы.

    Ажаніўся па каханні на самай прыгожай дзяўчыне горада Гродна. Я шчаслівы.

    Працаваў аграномам, старшынёй калгаса. Усё жыццё прысвяціў простым вясковым людзям (адкуль да іх прыйшоў і сам). Я шчаслівы.

    Выгадавалі з жонкай цудоўных дзяцей: сына і дачку. Я шчаслівы.

    Растуць і вучацца нашы любімыя і дарагія 2 унукі і ўнучка. Я шчаслівы.

    Меў многа сапраўдных сяброў. Я шчаслівы.

    Зведаў здрадніцтва сяброў і таварышаў па службе. Няхай і яны будуць шчаслівыя.

    Жыццё круціла, кідала, але не зламала. Я жыву і лічу сябе шчаслівым, чаго і ўсім жадаю. Самае вялікае няшчасце – страта родных і блізкіх людзей”.

У гэтым невялікім нарысе на вольную тэму няма ніводнага слова пра працоўныя здабыткі. А яны грунтоўныя і важкія, бо за кожным ордэнам стаяць нестандартныя рашэнні, бяссонныя ночы, галаўны боль і… яркі вынік, які з ліхвой пакрывае ўсе перажыванні і надае сілы рухацца наперад. На пытанне “Як жа ўдалося дасягнуць вышынь і што галоўнае ў працы кіраўніка-гаспадарніка?” М. С. Шчуцкі распавядае: “Карову за год не выгадуеш, так і сапраўдным старшынёй можна стаць толькі праз гады. Маімі настаўнікі былі кіраўнікі з вялікай літары – былыя старшыні калгасаў імя Леніна (на той час гаспадаркі-мільянера)  Міхаіл Іванавіч Уласік і Сяргей Паўлавіч Супрон з “Вернага шляху”, да якога, дарэчы, раніцай ездзіў на планёркі – слухаў, як ён іх праводзіць, як працуе са спецыялістамі.

Пачынаў з людзей і з зямлі. У наяўнасці меліся 2 легкавыя машыны: на “Ніве” ездзіў сам, а “Волга” прызначалася для людскіх патрэб – аб гэтым дакладна ведалі ўсе, і кожны мог скарыстацца такой магчымасцю пры патрэбе. На тэрыторыі калгаса налічвалася 19 вёсак. У першую чаргу пашырыў на 3 метры брукаваную дарогу праз Сакаўшчыну, бо на той час яна з’яўлялася цэнтральнай шашой Мінск-Гродна. Колькі турбот-клопатаў было, бо платы адносіліся на метр-два, але падтрымаў людзей: за кошт гаспадаркі выдалі штыкетнік і слупы. Пабудаваў 5 лазняў і адзін лазнева-пральны камбінат, якім карысталіся ўсе калгаснікі. Гаспадарчым спосабам узвялі 40 дамоў у Сакаўшчыне, 8 – у Жураўцах для працаўнікоў чартавіцкай фермы па адкорме свіней, 6 – у Стайках для работнікаў новай МТФ. Купілі 17 дамоў непасрэдна ў вёсках для спецыялістаў. У дамы вяскоўцаў прыйшоў прыродны газ.

Узвялі комплекс па адкорме БРЖ на 1500 галоў. Калгас стаў насенняводчай гаспадаркай па вырошчванні траў – самі акадэмікі з Рэспубліканскага інстытута земляробства і раслінагадоўлі праводзілі ў нас вопыты па прымяненні мінеральных угнаенняў. Жытнёвыя палеткі давалі да 3,5 тысяч тон зерня, працавалі 4 зернесушылкі, адна з іх – на блакітным паліве. Дарэчы, паглядзець наш зерняток прыязджаў сам Пётр Міронавіч Машэраў. Сярэднясутачныя прывагі бычкоў на адкорме дасягалі да 1200 грамаў у суткі, ад адной каровы надойвалі да 3,5 тысяч кілаграмаў малака ў год.

Аднак галоўным скарбам Мікалай Сцяпанавіч лічыць людзей: кадры тут “гадавалі” самі, у далейшым многія са спецыялістаў з “1 Мая” сталі кіраўнікамі. Правай рукой старшыні быў сакратар парткама Р. М. Болвах, талковымі работнікамі ў сваёй галіне з’яўляліся інжынеры А. І. Болвах і Ю. Б. Сушко, аграномы І. І. Рай і М. В. Ракавец, заатэхнікі І. М. Лінкевіч і М. С. Слабодскі, галоўны ветурач Р. В. Юшко.

Увогуле ў калгасе налічвалася каля 1000 чалавек, працавалі дружна, згуртавана, а тон задаваў старшыня. Менавіта да яго прыйшла ідэя добраўпарадкавання могілак у Сакаўшчыне. Успамінае, як у першы дзень разам з жонкай пайшлі правіць чужыя магілы, высякаць кустоўе і дрэвы, выносіць смецце – на іх глядзелі, як на дзівакоў. На другі дзень да справы далучыліся 2 чалавекі, а пасля паступова прыйшлі ўсе. У выніку за духоўную работу атрымалі грамату ад Уладыкі, якую М. С. Шчуцкі лічыць агульнай узнагародай.

Колькі вось такіх добрых спраў на рахунку юбіляра – цяжка падлічыць! Самае ж важнае, што дабро заўсёды вяртаецца дабром, можа не з таго боку і не ад таго чалавека, аднак падзяка абавязкова будзе. Галоўнае, што Мікалай Сцяпанавіч – шчаслівы чалавек! І мы ад усёй душы жадаем яму не страціць гэтага пачуцця, якога так шукаюць людзі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *