Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

     У сістэму райспажыўтаварыства прыйшло сёлета 11 маладых спецыялістаў. Прыбылі яны ў наш раён па размеркаванні пасля заканчэння розных навучальных устаноў. Спецыялісты рабочых спецыяльнасцей павінны адпрацаваць адзін год, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй – два гады, з вышэйшай – тры.

    Дзве выпускніцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа прыступілі да работы яшчэ ў красавіку: адна дзяўчына працуе буфетчыцай у закусачнай “Мара” ў райцэнтры, другая гандлюе піражкамі на вынасным гандлі. Астатнія маладыя спецыялісты, як і большасць выпускнікоў, выйшлі на работу з 1 жніўня. Пасля заканчэння Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі ў Гомелі два чалавекі прызначаны бухгалтарам і эканамістам I катэгорыі. Выпускніца Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа працуе поварам у кулінарным цэху аддзела грамадскага харчавання, прадаўцом у магазіне “Ветразь” і буфетчыцай ва ўніверсаме “Ракаўскі” – выпускніцы філіяла ўніверсітэта ў Гомелі (былога гандлёвага каледжа). Два выпускнікі Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза працаўладкаваны аператарамі ЭВМ у бухгалтэрыю і рэвізійны аддзел. Два юнакі пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. Кедышкі працуюць рабочымі па комплексным абслугоўванні, рамонце будынкаў і збудаванняў.

 

     21 жніўня ў другі раз у бягучым годзе ў раёне прайшоў Дзень донара, які праводзіў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр гематалогіі і трансфузіялогіі.

    Бязвыплатна здалі кроў 47 чалавек. Адміністрацыя райбальніцы асабліва ўдзячна прадстаўнікам воінскай часці № 30695, якія заўсёды масава прымаюць удзел у гэтай высакароднай акцыі. Непасрэдна з жыхароў горада адгукнуўся толькі адзін чалавек. Донарская кроў кожны дзень ратуе дзясяткі жыццяў. Але, як паказвае практыка, пакуль не многія людзі свядома гатовы здаваць сваю кроў бязвыплатна.

 

     Штодня прадукцыя Валожынскага хлебазавода паступае на прылаўкі магазінаў ЗАТ “Дабраном” і дыскаўнтара “Капеечка” ў Маладзечне і Івянцы.

    Адміністрацыя прадпрыемства яшчэ ў маі заключыла дагавор на пастаўку ім хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Карыстаюцца папулярнасцю фармавы і падавы хлеб, батоны і багет, пірог “Майскі”. Добра разыходзяцца і асобныя кандытарскія вырабы.

 

     Рэстаран “Іслач” і сталовая, кафэ “ХХI стагоддзе” практычна адзіныя месцы ў райцэнтры, дзе можна падсілкавацца на працягу дня.

    Работнікі сталовай кожны дзень гатуюць больш за 80 абедаў для работнікаў свінакомплексу, які належыць “Данпроду”, для іх рыхтуюць таксама і пэўную колькасць “сухіх пайкоў”. Супрацоўніцтвам з “Данпродам” вельмі даражаць і стараюцца, каб на якасць абедаў не было нараканняў. Таксама шмат гадоў гатуюць ежу для сутачнікаў, якія ўтрымліваюцца ў РАУС. Гэту катэгорыю людзей кормяць па пэўных нормах, і дарма нехта думае, што адной “бурдой”. А ўвогуле, у сталовую прыходзяць падсілкавацца не толькі прыезджыя. Пастаяннымі наведвальнікамі сталі многія працуючыя гараджане, адзінокія пенсіянеры. У сталовай свабодны выбар страў, разнастайнае меню. Штодня тут харчуюцца да 70 і больш наведвальнікаў. У рэстаране падчас абедзеннага перапынку прапаноўваюць комплексныя абеды коштам ад 4,5 да 6 рублёў. Іншы раз на абед прыходзяць нават невялікімі калектывамі. Але раней на абед у рэстаран прыходзіла больш кліентаў. Многія перайшлі на “зсабойкі”. Вельмі добра гатуюць і ў кафэ “ХХI стагоддзе”, але і там на працягу дня няшмат наведвальнікаў.

 

    З карысцю праводзяць вольны час дарослыя і дзеці з вёскі Дубіна. Не так даўно гаспадары аграсядзібы “Дайнаўскі двор” Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава запрасілі іх на майстар-клас, які праводзіў вядомы ў раёне гаспадар яшчэ адной аграсядзібы – Алесь Лось.

    Ён паказваў працэс вырабу паперы рознымі старадаўнімі спосабамі, інструменты і прыстасаванні, якія для гэтага патрэбны. Сапраўдным адкрыццём для большасці ўдзельнікаў стала тое, што вырабляць паперу можна з крапівы, воўны, кастрыцы.

    Майстар-пячнік Анатоль Барташэвіч адрамантаваў печ і комін у доме-музеі настаўніка В. В. Рагяля. І яму падсаблялі вяскоўцы. Музей становіцца прыцягальным месцам для школьнікаў, асабліва ў дні канікулаў. На мінулым тыдні тут для іх правялі майстар-клас па сухім валянні з шэрсці, у планах – навучыць дзяцей мокраму валянню.



Добавить комментарий