Канапляная атрута

    Старэйшае пакаленне яшчэ помніць часы, калі наркотыкі і наркаманы былі з’явай экзатычнай, для нашага грамадства не характэрнай. Аднак, нягледзячы на меры супрацьдзеяння, незаконны абарот наркотыкаў стаў сумнай рэальнасцю і ў нас.

    Штогод судом Валожынскага раёна да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца дзясяткі асоб, якія ўжываюць, захоўваюць або збываюць наркатычныя рэчывы. Насцярожвае і той факт, што ў пагоні за лёгкай нажывай злачынцамі становяцца пажылыя грамадзяне. Яны вырошчваюць “зелле” на ўласных агародах, захоўваюць яго і пры першай жа магчымасці гатовы абмяняць “ураджай” на грошы. А трапіўшы ў поле зроку праваахоўнікаў, пачынаюць апраўдвацца: “Я пажылы чалавек, нічога пра наркотыкі не ведаю, мак і каноплі саджу, каб у булкі дабаўляць…” Толькі цяжка паверыць, што нехта зараз не ведае пра забарону на вырошчванне некаторых раслін і пра тую бяду, якую называюць “наркаманія”.

    Сёння наш суразмоўца па гэтай набалелай тэме – першы намеснік начальніка РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі В. У. КІШКО.

    – Віталь Уладзіміравіч, на каго ў раёне ўскладзены абавязкі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў і псіхатропных рэчываў?

   –  Пры РАУС дзейнічае спецыяльная група па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Аднак кожны ўчастковы інспектар міліцыі, кожны аператыўны работнік не застаецца ўбаку ад праблемы абароту наркотыкаў і павінен праяўляць пастаянную пільнасць. Нам дапамагаюць іншыя структуры: органы мясцовай улады, супрацоўнікі МНС, медыкі, педагогі і выхавацелі. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з суседнімі раёнамі – Мінскім, Маладзечанскім – у нас абстаноўка лепшая. Аднак паслабляць барацьбу з гэтым сацыяльным злом нельга. Падчас рэйдаў даводзіцца затрымліваць маладых людзей у стане наркатычнага ап’янення, трапляюцца іншагароднія наркаманы, якія прыязджаюць у пошуках наркатычнай сыравіны.

    – А што, у нашым раёне ім і сапраўды ёсць чым пажывіцца?

    – Мы побач з Мінскам. У раён лёгка дабірацца аўтамабільным ці чыгуначным транспартам. А пахадзіўшы, можна адшукаць бабульку ці дзядулю, якія прыхавалі на продаж жменю макавай саломкі.

    – Наколькі складана выяўляюцца злачынствы такой накіраванасці?

    – Дапамагаюць уважлівасць і вопыт. Здараецца, міліцыя выязджае на разборкі сямейнага скандалу, а паралельна знаходзіць наркотыкі. Нядаўна пры аглядзе месца правапарушэння на падаконніку між вазонаў была выяўлена падазроная знаходка. Экспертыза паказала, што гэта высушаная марыхуана. Паступаюць і сігналы ад нераўнадушных грамадзян. Менавіта дзякуючы такой наводцы намі затрыманы мужчына, які вырошчваў каноплі ў прамысловых маштабах. За высокім плотам, далей ад людскіх вачэй ён садзіў і даглядаў больш за 200 кустоў забароненай расліны. У яго канфіскавана 35 кілаграмаў высушанай марыхуаны, ці, гаворачы афіцыйнай мовай, небяспечнага наркатычнага рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах. У доме знойдзена таксама і годнае для пасеву насенне канопляў, хаця мужчына сцвярджаў, што расліна вырасла сама. 

    – Чым тлумачыў чалавек сваё незаконнае агародніцтва?

    – Гаварыў, што каноплі ён падмешваў у харч курам, а сушаную расліну выкарыстоўваў як прыправу да плову. У такую “кулінарыю” паверыць складана. Мужчыну чакае крымінальная адказнасць па частцы 1 артыкула 328 і магчымае пакаранне ў выглядзе да пяці гадоў пазбаўлення волі.   

    – Мера пакарання залежыць ад колькасці захаванай наркасыравіны?

    – Не залежыць. Нават некалькі грамаў макавай саломкі захоўваць дома нельга! А калі ўстаноўлены факт рэалізацыі, то можна “загрымець” на нары і на 15 гадоў.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars