Зрабілі дзецям свята

    Работнікі сэрвіснага цэнтра і станцыйнага ўчастка раённага вузла электрасувязі сабралі грошы і набылі школьную форму, а таксама неабходныя школьныя канцылярскія прылады для трох дзяўчынак з адной вішнеўскай сям’і. Да дабрачыннай акцыі не па прымусу, а па душэўнай патрэбе далучыліся некаторыя іх сваякі і суседзі.

    Такую ідэю напярэдадні новага навучальнага года падкінула сяброўкам па рабоце Галіна Чаславаўна Юша. Яна добра ведае сям’ю, дзе пасля гібелі маці засталіся тры дзяўчынкі. Іх цяпер гадуюць бацька і бабуля. Дык вось, дзякуючы спагадлівым людзям, шасцікласніца Надзя, чацвёртакласніца Паліна і самая маленькая з сястрычак Юля, якая пойдзе ў другі клас, падрыхтаваны да школы не горш, а можа нават і лепш за сваіх равеснікаў з поўных сем’яў. Нельга не сказаць, што калі ў магазіне “Усходнія тавары”, размешчаным на “Еўраопце”, даведаліся, для чаго жанчыны выбіраюць школьнае адзенне на вялікую суму, то зрабілі скідку ў 25 працэнтаў. Ідывідуальны прадпрымальнік Сяргей Макоўскі і яго сям’я ўвогуле ўсе канцылярскія тавары перадалі ў падарунак. А для Юлі – яшчэ і школьны ранец.

    Калі ўсё гэта багацце “прыехала” ў Вішнева, то дзяўчынкі і іх родныя не паверылі сваім вачам. Столькі новых і прыгожых рэчаў яны ніколі не трымалі ў руках! Школьніцы ў адзін голас зазначылі, што гэта самы шчаслівы дзень у іх жыцці. За свае ўжо грошы Галіна Чаславаўна з любоўю, як уласным унучкам, набыла стужкі, вобручы, заколкі ў валасы.

    Сям’я Юша і сям’я іх дачкі Аксаны ўзялі за правіла раз у месяц на пэўную суму набываць для гэтай сям’і прадукты харчавання. І кожны іх візіт ператвараецца таксама ў свята, бо Галіна Чаславаўна, акрамя крупаў, макароны, алею і іншых прадуктаў, абавязкова купляе невялікія салодкія ласункі для сястрычак.

    …Практычна кожны з нас можа выкраіць з сямейнага бюджэту 10-20 рублёў і ахвяраваць іх на добрую справу. І я ведаю, што многія з маіх знаёмых рэгулярна гэтым займаюцца. Нехта пералічвае грошы хворым дзеткам, набраўшы канкрэтны тэлефонны нумар, нехта збірае рэчы і адпраўляе іх пасылкамі ў адрас дома-інтэрната, іншыя адносяць адзенне і абутак, посуд, цацкі ў Чырвоны Крыж. А тут людзі ўзялі шэфства над асобнай сям’ёй, у якую неспадзявана прыйшла бяда. Яны бачаць шчаслівыя вочы дзяцей, аддачу ад сваёй справы. Верыцца, што гэта была не аднаразовая акцыя і ў святочныя дні дзяўчынкі не застануцца без падарункаў.

    Галіна Чаславаўна сказала, што ў сям’і няма пісьмовага стала, дзе б сястрычкі маглі спакойна размясціцца і рабіць урокі. Калі, магчыма, у кагосьці з чытачоў такі стол лішні ці ўжо стаў непатрэбным, дык перадайце яго ў Вішнева. Таксама сям’і Круцько патрэбна мікрахвалевая печка, каб дзяўчынкі маглі самастойна разаграваць сабе ежу. Думаю, што набыць такую рэч пасільна нават невялікай талакой. Давайце аб’яднаемся і будзем разам рабіць дабро!

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars