Натхнілі краявіды Валожыншчыны

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

    Марыя СОБАЛЕВА сярод вучняў 9-11 класаў перамагла ў намінацыі “Лепшы ў творчых конкурсах”.

    За 11 гадоў вучобы ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра Марыя паказала сябе стараннай і адказнай вучаніцай, добрай і шчырай сяброўкай, творчым чалавекам. Любоў да прыгожага прывіла ёй маці, якая працуе педагогам дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дзяўчынка з захапленнем наведвала разнастайныя гурткі гэтай установы і са сваімі работамі прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах. Штогод яе вырабы прадстаўляліся на рэпубліканскі конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”, дзе атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. Напрыклад, сёлета яе сімвал года “Сабака”, выкананы ў тэхніцы саламянай скульптуры і прыроднага матэрыялу, на абласным этапе заваяваў Дыплом II ступені.

    Але галоўным захапленнем для Марыі Собалевай стала фатаграфія. У гэтай справе яскрава раскрыліся яе творчы патэнцыял і індывідуальнасць. Дзяўчыну з дзяцінства захаплялі краявіды Валожыншчыны. Ужо колькі гадоў фотааматар стараецца захаваць на здымках прыгожыя пейзажы, гістарычныя будынкі, твары блізкіх і знаёмых. І гэта ёй добра ўдаецца, бо юная мастачка ўмее падабраць момант, месца і ракурс для кожнай работы. У любімай справе яна дабілася значных вынікаў. Свае фота Марыя дасылае на розныя конкурсы: удзельнічала ў рэспубліканскіх выставах дзіцячай творчасці “Пад небам сінім”, “АрхНавацыя”, рэспубліканскіх конкурсах фотаработ “Маёй зямлі вянкі сплятаю”, “Мая чароўная Беларусь” і нават міжнародных. Яе работы нідзе не заставаліся незаўважанымі, прыносілі аўтару шматлікія ўзнагароды. Дзяўчына старанна беражэ іх і спадзяецца звязаць сваю будучыню з любімай справай.

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars