Сцяжынка да новых вяршынь

Апошнія летнія дзянькі заўсёды напоўнены клопатамі аб надыходзячым навучальным годзе. Вучні і іх бацькі праводзяць канчатковую рэвізію набытых да школы рэчаў, адказныя службовыя асобы правяраюць гатоўнасць будынкаў і памяшканняў прыняць дзяцей у сваё “лона”, а педагагічнае брацтва рыхтуе традыцыйную жнівеньскую канферэнцыю, на якой не толькі ацэньваецца іх прафесіянальная дзейнасць, але і расстаўляюцца акцэнты ў рабоце на бліжэйшую будучыню.

    Грамада настаўнікаў, выхавацеляў, іншых работнікаў навучальных устаноў сёлета склікалася 29 жніўня. Дэвізам педканферэнцыі сталі словы “Адукацыя – ключавы фактар устойлівага развіцця Валожынскага раёна”. Форум стартаваў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, дзе разгарнулася выстава пад назвай “Прадуктыўны педагагічны вопыт: ключавыя фактары поспеху”. Тут кожная школа і ўстанова дашкольнага выхавання пастаралася паказаць свае здабыткі ў вучэбным, выхаваўчым, спартыўным і творчым працэсах. На двух паверхах будынка хапіла месца і творчым майстэрням, дзе можна было прайсці кароткі курс па прыкладным мастацтве.   

    Немагчыма было не затрымацца каля стэнда з фатаграфіямі ў фае кінатэатра “Юнацтва”. Настаўнікі і вучні, аддаючы павагу Году малой радзімы, сфакусіравалі аб’ектывы фотакамер на маляўнічай прыродзе Валожыншчыны, яе жыхарах, памятных падзеях. Цвёрдая рука майстра адчувалася ў работах Алега Шарко з Сакаўшчынскай СШ, Іллі Пашкоўскага і Артура Харлінскага з Дорскай СШ. А фотапартрэт з назвай “Зямля бацькоў – зямля святая”, выкананы васьмікласнікам Вадзімам Адамовічам з Сівіцы, – гатовы плакат для ўпрыгожвання нашых вуліц і плошчаў.

     Пасля дэманстрацыйнай часткі праграмы распачалося афіцыйнае мерапрыемства. Адкрыў канферэнцыю намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Яго выступленне нікога не пакінула раўнадушным. У кароткай прамове была і падзяка, і вера ў прафесіяналізм і творчыя сілы  настаўнікаў, і надзея, што заваяваныя пазіцыі адукацыі на Валожыншчыне не будуць здадзены.    

     Пасля цёплых слоў і пажаданняў браць новыя вяршыні ён уручыў Падзякі тым, хто ўнёс вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года: загадчыцы ясляў-сада “Вясёлка” Ірыне Ралавец, дырэктару Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу Веры Суша, дырэктару Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Паўлу Хількевічу. Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала настаўніца гімназіі № 1 Галіна Лушнова. Яе вучань Арцём Галоўскі стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу па англійскай мове, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў.          

    Самы кранальны момант жнівеньскіх канферэнцый – знаёмства з новымі членамі педагагічнай сям’і. Сёлета працаваць на выхаваўчай і адукацыйнай ніве ў раёне будуць 34 маладыя спецыялісты, трэць з іх – прадстаўнікі “моцнай” паловы чалавецтва. Перад дарогай у краіну прафесійнага майстэрства наказ моладзі дала настаўніца хіміі СШ № 2 г. Валожына Таццяна Вячаславаўна Халявінская.

    Кульмінацыяй жнівеньскага педсавета быў, безумоўна, даклад начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяны Мікалаеўны Крыкала. Яна пастаралася ахапіць усе напрамкі педагагічнай работы ў раёне, а таксама засяродзіць увагу на сацыяльных аспектах па падтрымцы настаўнікаў.

   Потым на сцэну былі запрошаны людзі, якія ўжо маюць за плячамі багаты вопыт, карыстаюцца павагай як спецыялісты, якіх любяць за сардэчнасць і адданасць выбранай справе. З рук галоўнага інжынера-тэхнолага па харчаванні галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяны Міхайлаўны Фінскай Ганаровыя граматы атрымалі пяць асоб. Сярод іх – настаўніца гісторыі з Сакаўшчынскай СШ Марына Васільеўна Чэрнік. Разам са сваімі вучнямі яна вядзе актыўную краязнаўчую работу і летась атрымала дыплом пераможцы міжнароднага конкурсу ў Маскве.

    Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама адзначана плённая, шматгадовая праца 11 педагогаў. Так, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Алеся Фадзееўна Бекіш займаецца рэалізацыяй рэспубліканскага эксперыментальнага праекта. 12 загадчыкаў дашкольных устаноў, дырэктараў школ і вучэбна-педагагічных комплексаў атрымалі Падзякі начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама за ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

     А каб надзейна замацаваць святочны настрой, адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны самымі крэатыўнымі, самымі таленавітымі і любімымі артыстамі – нашымі дзецьмі. Гэта былі вучні СШ № 1 і СШ № 2 г. Валожына, Івянецкай СШ, гімназісты, выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Яны спявалі, танцавалі, дэкламавалі, ігралі на музычных інструментах, паказаўшы прыстойны выканаўчы ўзровень. Што стала яшчэ адным доказам: у нас працуюць творчыя, высокапрафесійныя настаўнікі.

Алена ЗБІРЭНКА,

Намеснік старшыні райвыканкама І. У. ШАКУН толькі што ўручыў Ганаровыя граматы за плённую працу Веры Іосіфаўне СУША, Галіне Васільеўне ЛУШНОВАЙ, Ірыне Пятроўне РАЛАВЕЦ.

Наведвальніца гуртка па лепцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ксенія МАМЫШ сваё бачанне свету імкнецца выказаць праз работу з глінай.

Настаўніца гісторыі Пугачоўскай СШ Святлана Іванаўна ШНІП і пяцікласнікі Ілля ШНІП і Лізавета СЫМАНОВІЧ прадстаўляюць стэнд, які адлюстроўвае творчыя праекты школы. 

   

Побач з наФстаўніцай хіміі з СШ №2 г. Валожына – маладыя спецыялісты, якія вярнуліся дадому, каб працаваць на ніве адукацыі.

Ліцэіст Аляксандр ПАРШУКОЎ – будучы слесар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars