Развіталіся з летам на “Алімпіі”

У апошнія выхадныя жніўня ў Валожынскі раён з’ехаліся маладыя людзі з усёй краіны. Каля вёскі Міхалова, што пад Ракавам, праходзіў традыцыйны летні фестываль працуючай моладзі “Алімпія”. У гэтым годзе ён сабраў 16 каманд – больш за 700 удзельнікаў.

     Тэматыка турыстычнага злёту ў гэты раз была прысвечана II Еўрапейскім гульням, якія прыме Мінск праз год. За некаторы час да адкрыцця фестывалю адбылася жараб’ёўка, дзе капітаны зборных выцягвалі краіну-ўдзельніцу спартыўнай падзеі. Далей каманды выступалі ў адпаведных вобразах: уладкоўвалі палатачныя лагеры ў стылістыцы сваёй краіны і прэзентавалі страву нацыянальнай кухні. Прадстаўляць Беларусь выпаў гонар Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту. Пераможцы “Алімпіі” мінулага года – каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь – на тры дні “ператварылася” ў Азербайджан. Прадстаўнікі Валожыншчыны ўваходзілі ў склад зборнай Мінскага абласнога камітэта АА “БРСМ” – ім выпала Польшча. Праграма турзлёту была разлічана на тры дні.

     На цырымоніі адкрыцця выступілі з прамовамі і добрымі пажаданнямі ганаровыя госці “Алімпіі”: старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, намеснік дырэктара фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Хмель, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк. Таксама прысутнічалі і спартсмены, якія падзяліліся з моладдзю вопытам і натхнілі прыкладам: алімпійскія чэмпіёны, весляры Аляксандр Багдановіч і Сяргей Макаранка, пераможца I Еўрапейскіх гульняў па веласпорце Алена Амялюсік. Менавіта ёй даверылі запаліць “алімпійскі” агонь, што дало сімвалічны старт мерапрыемству. Далей прайшоў парад каманд.

    Адразу пасля адкрыцця адбыўся дыялог са спартсменамі і арганізатарамі форуму на тэму Еўрапейскіх гульняў. Удзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні адзін аднаму, абмеркаваць іх, уступіць у дыскусію. Потым быў праведзены першы творчы конкурс візітовак: каманды прадстаўлялі сябе ў гумарыстычным фармаце.

    Наступны дзень турзлёту пачаўся з занятка па фітнесу і працягнуўся майстар-класам па танцах, які правяла першая віцэ-міс міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства Марыя Салаўёва. Далей – шматлікія спартыўныя спаборніцтвы: турніры па футболе і валейболе, падняцці гіры, дартсе, стральбе з лука, здача нарматываў ГПА, сплаў на байдарках па рацэ Іслач. Не абмінулі і інтэлектуальную праверку: прайшла гульня “Плацінавая сава”, дзе ўдзельнікі адказвалі на разнастайныя пытанні, дэманстравалі ўзровень ведаў і агульную развітасць. Скончыўся насычаны дзень фестывалем бардаўскай песні і маштабнай дыскатэкай.

     Апошнія спаборніцтвы перад цырымоніяй закрыцця турзлёту – перацягванне каната і прагляд тэхнікі пешаходнага турызму. Пасля гэтага журы змагло падвесці канчатковыя вынікі і вызначыць лідараў.

     Па колькасці атрыманых за тры дні балаў абсалютным пераможцам у намінацыі “Спорт” стала каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, самымі творчымі прызнаны гродненцы. Зборная Мінскага абласнога камітэта АА “БРСМ” узяла “золата” ў турніры па футболе, прыйшла да фінішу з амаль лепшым вынікам на байдарках, а са стравай, якую ўдзельнікі прыгатавалі для конкурсу нацыянальнай кухні, стала трэцяй. Трэцяе месца на “алімпійскім” п’едэстале заняў Камітэт дзяржаўнага кантролю, другое – МНС Рэспублікі Беларусь. Лепш за ўсіх у гэтым годзе паказала сябе каманда “Саюз бывалых студэнтаў” Гродзенскай вобласці: яны добра справіліся са спартыўнымі заданнямі, а ў творчых конкурсах ім не было роўных.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars