Валожыншчына рыхтуецца адзначыць «Дажынкі»!

Менавіта пра такіх людзей – нашых дарагіх хлебаробаў – гавораць: іх рукі пахнуць хлебам. І гэта сапраўды так. Цэлы год шчыруюць яны на зямлі дзеля таго, каб засекі сельгаспрадпрыемстваў былі даверху запоўнены збажыной, а ў дамах лунаў водар свежага хлеба. Іх намаганнямі ствараецца харчовая бяспека роднай Беларусі. Падчас уборачнай кампаніі ў аб’ектыў нашых камер трапілі некаторыя з лепшых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Валожыншчыны. На вялікі жаль, неспрыяльнае надвор’е не дазволіла ім паказаць прывычна высокія вынікі па намалотах, аднак усе яны да апошняга дня змагаліся за кожнае зерне, што падарыла нам змучаная засухай ніва.

Больш за 10 гадоў працуе механізатарам у ААТ “Багданаўскае” Дзяніс Юр’евіч ДАВІДОВІЧ. Падчас уборачнай кампаніі 2018 года на камбайне “Медыён” займаўся жнівом зерневых. Наперадзе ў працаўніка асенняя пасяўная. Аснову будучага ўраджаю ён плануе закладваць з дапамогай свайго вернага жалезнага сябра – трактара МТЗ-12-21.

     Праца Івана Леанідавіча РАГЯЛЯ відаць здалёк – пасля таго, як яго прэс-падборшчык праедзе па зжатым полі, яно нібы ўсыпана акуратнымі белымі цыліндрамі спрасаванай саломы. Увогуле ж, механізатар КСУП “Сакаўшчына-агра” выконвае розныя віды работ: апрацоўвае глебу, сее, убірае сена. Дарэчы, салома на ўсіх палях, дзе раслі зерневыя культуры (а гэта 1600 гектараў), спрасавана ім.

 

Работа кладаўшчыка ААТ “Агра-Вішнеўскае” Святланы Іосіфаўны САБАЛЕЎСКАЙ не менш важная, чым у камбайнераў. Яна адказвае за захоўванне зерня. У свой час жанчына працавала загадчыцай свінафермы, таму да дакладнасці ёй не прывыкаць. Гэта рыса пры яе рабоце патрэбна. Адпраўка каштоўнага грузу на дзяржзаказ, размол на муку, выдача на зароблены рубель членам калектыву, абмен на камбікорм – усё павінна выконвацца максімальна дэталёва.

 

     Рупліўцы ААТ “Суднікаўскі” не задаволены сёлетнімі намалотамі. Ураджай, на жаль, сабраны не багаты, але працы давялося ўкласці ў яго нямала. Уладзімір Іосіфавіч ШКЕЛЬ намалаціў больш за ўсіх. Вопытны механізатар у мінулыя гады не аднойчы станавіўся на жніве тысячнікам, мае мноства заслужаных узнагарод. Калегі характарызуюць яго як цудоўнага сем’яніна, дбайнага гаспадара.

     Жыццё Іосіфа Браніслававіча ГРЫБА з Подберазі цесна звязана з мясцовай гаспадаркай. Мужчына – пенсіянер, але без справы сядзець не можа, таму працягвае плённа працаваць на карысць КСУП “Падбярэззе”. Аўтамабілю “ГАЗ-53” ужо даволі шмат гадоў, аднак вадзіцель арганізаваў за ім такі догляд, што лятае яго пяцьдзясяттройка нібы толькі з канвеера. Менавіта Іосіф Браніслававіч падчас жніва перавёз найбольшую колькасць зерня – 588 тон. Асабістае жыццё гэтага чалавека таксама выклікае захапленне – ён годны гаспадар, акуратыст і цудоўны сем’янін.

 

     Аляксей Уладзіміравіч БАРЭЙКА ў адказнай кампаніі ўдзельнічаў ужо трэці раз. У каманду дубінскіх механізатараў прыбыў з Адамова. Спрытны малады чалавек (між іншым, бацька траіх дзетак!), па думцы кіраўніцтва, з’яўляецца тым, на каго можна абаперціся ў любую хвіліну. Усе віды работ, з якімі даводзіцца спраўляцца на працягу года, ён выконвае з душой, хай гэта будзе жніво ці, як цяпер, ворыва.

 

     Ірына Віктараўна МАЙСЮК з Суднікаў працуе ў мясцовай гаспадарцы паляводам. Яе ўклад у работу сельгаспрадпрыемства падчас жніва адзначаны падзякай старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Выдатнай працаўніцы, якая хутка і якасна спраўляецца з любым заданнем, уручаны і каштоўны падарунак. Дарэчы, разам з мужам, а ён таксама працуе ў гаспадарцы, Ірына Віктараўна гадуе чацвярых дзетак.

 

Адным з лепшых працаўнікоў КСУП “Падбярэззе” з’яўляецца Віктар Станіслававіч ТАМАШЭВІЧ. На трактары “МТЗ-82” ён цудоўна праявіў сябе і на касавіцы, і на адвозе саломы. Цяпер, калі ідзе закладка сянажных ям, перавозіць зялёную масу. У зімовы перыяд яго задачай з’яўляецца абслугоўванне ферм. Як адзначаюць калегі, па працавітасці з гэтым чалавекам мала хто можа параўнацца – настолькі прывык любую работу выконваць на выдатна.

     Экіпаж камбайнераў Анатолія Іванавіча ЖАМОЗДЗІКА і Вадзіма Анатольевіча АДАМОВІЧА з КСУП “Пяршаі-2014” добра вядомы жыхарам Валожыншчыны. Разам мужчыны працуюць трэцюю ўборачную кампанію. Сёлета, як і ў папярэднія гады, яны сталі лідарамі жніва ў гаспадарцы і раёне. На камбайне “Лексіён-560” мужчыны ўбралі ўраджай з плошчы 547,7 га, пры гэтым агульны ўмоўны намалот склаў 1215,7 тоны.

    Анатолій Іванавіч ужо трыццаць тры гады шчыруе на сельгаспрадпрыемстве. Падчас уборачнай нязменна садзіцца за штурвал камбайна і адказна выконвае свой абавязак. Самаадданая праца прыносіць задавальненне і заслужаныя ўзнагароды, кожнае жніво ён у ліку лепшых майстроў хлебнага поля. За доўгі час у мужчыны змянілася некалькі напарнікаў. З Вадзімам Анатольевічам у іх склаўся выдатны працоўны тандэм. Мужчыны разумеюць адзін аднаго з паўслова, таму і справа ладзіцца.

     Барыс Мікалаевіч НОВІК – жыхар вёскі Доры, ветэран пажарнай службы. Па дагаворы падраду дапамагаў на жніве ААТ “Агра-Дубінское”. Для пастаянных членаў вялікага дружнага калектыву амаль адразу стаў сваім. Тут паважаюць працавітых людзей, а Барыс Мікалаевіч менавіта з такіх. Сам механізатар таксама ацаніў цудоўнае стаўленне да людзей у гэтай гаспадарцы. Пасля таго, як завяршылася ўборка зерневых, даў згоду на ўдзел ва ўборцы лёну.

    Вадзіцель аўтамабіля «САЗ-35-08» Аляксандр Георгіевіч РУСІНОВІЧ доўгі час працаваў у калгасе імя Леніна. Пасля аб’яднання гаспадарак жыхар Валожына далучыўся да калектыву КСУП “Сакаўшчына-агра” і ўжо шмат гадоў за рулём сваёй не новай, але дагледжанай машыны калясіць па дарогах і палях прадпрыемства. Падчас уборкі перавозіў зерне, травы. І цяпер у любую хвіліну ён гатовы адправіцца ў рэйс.

     Працоўны стаж Палікарпа Іванавіча РЫНДЗЕВІЧА з КСУП “Пяршаі-2014” складае больш за сорак гадоў. Мужчына ўжо даўно на заслужаным адпачынку, але любімай справе механізатара не здраджвае. Працуе на пагрузчыку, таму работы хапае ў любы сезон. Падчас уборачнай кампаніі грузіць і складзіруе рулоны, у зімні перыяд дапамагае з дастаўкай сена, саломы на фермы. Свайго чатырохколавага сябра Палікарп Іванавіч ведае да апошняга шрубка, бо сам займаецца яго рамонтам. Адказным, сумленным стаўленнем да працы механізатар заслугоўвае глыбокай павагі.

  Дзмітрый Мікалаевіч САНКОЎСКІ васямнаццаць гадоў працуе механізатарам у КСУП “Пяршаі-2014”. За гэты час яго імя неаднойчы можна было сустрэць на старонках раённай газеты. Мужчына з энтузіязмам і пачуццём адказнасці бярэцца за кожную даручаную справу. У калектыве яго паважаюць, кіраўніцтва ўпэўнена, што гэты работнік ні ў якім разе не падвядзе.

    Сёлета падчас уборачнай кампаніі Дзмітрый Мікалаевіч шчыраваў на рулонным прэс-падборшчыку, а калі таго патрабавала справа – мяняў яго на прычэп і адвозіў зерне ад камбайнаў. Надвор’е спрыяла хуткай і прадукцыйнай працы. Салома была сухая, лёгка скручвалася, таму яе нарыхтоўка вялася адразу ж пасля абмалоту камбайнам. Механізатар за сезон спрасаваў 1560,4 тоны саломы. За дасягнутыя высокія вынікі ў ходзе ўборкі ўраджаю, за прафесійнае майстэрства, творчы падыход да справы нядаўна Д. М. Санкоўскі быў узнагароджаны Падзякай начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. С. Чычкіна і старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК В. С. Гідлеўскага.

Анжэла РАДЫНА, Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтараў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars