Прагучаў першы званок і для валожынскіх гімназістаў

      Як паведаміла раней дырэктар школы Алена Іванаўна Клачко, педагагічны калектыў напружана працуе, каб стварыць самыя адмысловыя ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу вучняў.

     Галоўная задача настаўнікаў – падрыхтаваць сваіх выхаванцаў да жыцця, дапамагчы ім з сацыялізацыяй. Вялікую ўвагу ў гімназіі, як заўсёды, будуць надаваць вучнёўскаму самакіраванню, валанцёрскаму руху, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, конкурсам у розных кірунках вучэбнай і выхаваўчай работы. Па-ранейшаму будзе весціся профільнае навучанне па выбары дзяцей і іх бацькоў. Абяцае мець працяг і вывучэнне кітайскай мовы – з дня на дзень у гімназіі чакаюць прыбыцця трэцяга валанцёра-выкладчыка. Да новага навучальнага года праведзены неабходны рамонт усіх класаў і іншых памяшканняў, набыты аўдыторныя дошкі і інфармацыйныя стэнды. У пэўнай ступені абноўлена і абсталяванне харчаблока. Тут з’явіўся новы вытворчы стол і мноства кухоннага і сталовага посуду.

      Зранку 1 верасня ва ўтульным двары навучальнай установы было людна. 400 навучэнцаў, іх родныя, 48 настаўнікаў (з іх 38 – 1-й і вышэйшай катэгорый і 1 настаўнік-метадыст), а таксама ганаровыя госці – такім было дружнае кола тых, хто завітаў на першую ў новым школьным годзе ўрачыстасць. Асаблівая ўвага па традыцыі – перашакласнікам, якіх сядзе за парту аж 48 чалавек – два класы.

     У святочны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак віншавалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская, начальнік аддзела запісі актаў грамадзянскага стану Тамара Уладзіміраўна Яныш, прадстаўнікі воінскай часці і РА МНС.

    М. М. Камінская за значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі ўручыла ганаровыя граматы настаўнікам Жанне Аляксандраўне Бобрык, Таццяне Георгіеўне Сцерахавай, намесніку дырэктара Наталлі Аляксандраўне Таўгень, а таксама дыплом 1-й ступені творчаму калектыву гімназістаў пад кіраўніцтвам Алы Уладзіміраўны Вашкевіч за ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст”. Тамара Уладзіміраўна Яныш таксама выканала ганаровую місію – адзначыла падарункамі ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў “Права на дзяцінства”, што ладзіўся Міністэрствам юстыцыі. У спіс лепшых юных мастакоў, якія змаглі годна раскрыць складаную тэму, увайшлі Мацвей Радзівілка (2 “А” клас), Данііл Шакун (2 “Б” клас), Аляксандра Нахай (3 “А” клас) і Ягор Волкаў (4 “А” клас).

     Пасля таго, як выступілі прадстаўнікі самых малодшых і самых старэйшых гімназістаў, адзінаццацікласнікі ўручылі першакласнікам падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі – кнігу “Беларусь – наша Радзіма”. Затым у руках вучняў 1 класа Марыі Баркоўскай і Цімафея Гульбы аказаўся традыцыйны званочак. Менавіта гэтым юным прадстаўнікам дружнага калектыву было прадастаўлена права даць сігнал да пачатку першага ў новым навучальным годзе ўрока.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars