Прадухіленне самагубстваў

Пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 10 верасня адзначаецца ва ўсім свеце як Дзень прадухілення самагубстваў.

    Штогод каля 800 тысяч чалавек гіне ад суіцыдаў. Гэта глабальная праблема чалавецтва. Асноўныя прычыны – страх, хатнія і школьныя праблемы, беднасць, беспрацоўе, душэўныя хваробы. На думку псіхолагаў, суіцыдальныя паводзіны з’яўляюцца феноменам, які складаецца з комплексу асабістых, сацыяльных, культурных і біялагічных фактараў.

     Многія суіцыды здзяйсняюцца імпульсіўна. Часам самазабойцы адкрыта папярэджваюць пра свае намеры, таму да такіх пагроз неабходна ставіцца сур’ёзна. Своечасовая дапамога і добрыя словы могуць выратаваць чалавека. Факты кажуць, што лячэнне дэпрэсіі, алкагалізму і таксікаманіі, кантакты з людзьмі, якія спрабавалі здзейсніць самагубства, але адмовіліся ад яго, зварот да псіхатэрапеўта або псіхолага могуць дапамагчы ў крызіснай сітуацыі.

    Суіцыдальныя паводзіны дзяцей і падлеткаў – адна са значных грамадскіх праблем. Па ўзросце пік самагубстваў прыходзіцца на 15-16 гадоў, практычна не сустракаецца да 8 гадоў, прычым больш схільныя да гэтага хлопчыкі. 92% самагубцаў не знаходзіліся на ўліку ў псіхіятра.

    Дзіця можа вырашыцца на самагубства, калі яно:

    – сацыяльна ізалявана, адчувае сябе нікому не патрэбным;

    – жыве ў нестабільным асяроддзі (асабістыя або сямейныя праблемы);

    – адчувае сябе ахвярай фізічнага, сэксуальнага або эмацыянальнага гвалту;

    – прадпрымаў раней спробы самагубства;

    – мае схільнасць да суіцыду (гэта здзяйснялася кімсьці з сяброў, знаёмых або родных);

    – перанёс цяжкую страту (смерць блізкіх, развод бацькоў);

    – занадта крытычна ставіцца да сябе.

     У падлеткавым узросце смерць успрымаецца як нейкі эксперымент. Шмат у чым гэтаму паспрыяў Інтэрнэт: камп’ютарныя гульні, дзе ў героя ёсць некалькі спроб жыцця, і калі “загінуў”, яго заўсёды можна “ажывіць”. За камп’ютарам сучасныя падлеткі праводзяць у сярэднім 3-4 гадзіны ў дзень. Як засцерагчыся ад негатыўнага ўплыву сусветнай павуціны?

    Неабходна кантраляваць, чым займаецца падлетак у Інтэрнэце. Калі дзіця ўвесь вольны час праводзіць каля манітора, пазбягае жывых зносін, то варта звярнуць на гэта ўвагу. Магчыма, з ім ужо нешта не так.

      Для падлеткаў, схільных да самагубства, характэрны высокая ўнушальнасць і імкненне да пераймання. Таму, калі здараецца адно самагубства, яно можа стаць сігналам да дзеяння для іншых. Яшчэ адзін момант – эвалюцыя школьнай дзедаўшчыны – калі над дзецьмі здзекуюцца не толькі ў школе, але і ў сацыяльных сетках. Але асноўная прычына – адсутнасць блізкага чалавека, з якім можна было б падзяліцца сваімі праблемамі.

    Калі вы западозрылі схільнасць школьніка да самагубства, перш за ўсё:

  1. Уважліва паслухайце падлетка, прыкладзіце ўсе намаганні, каб зразумець праблему, утоеную за словамі;
  2. Ацаніце сур’ёзнасць намераў і пачуццяў, глыбіню эмацыйнага крызісу;
  3. Уважліва пастаўцеся да ўсіх, нават самых нязначных, крыўд і скаргаў;
  4. Не бойцеся спытаць, ці не думае падлетак пра самагубства. Вопыт паказвае, што такое пытанне рэдка прыносіць шкоду. Дзіця можа адчуць палёгку пасля размовы, але важна не пакідаць яго ў адзіноце нават пасля паспяховай гутаркі;
  5. Падтрымлівайце яго і будзьце настойлівыя. Чалавеку ў стане душэўнага крызісу патрэбныя строгія і сцвярджальныя ўказанні.

     Ёсць агульнае правіла: сачыце за дзецьмі. Калі раптам іх паводзіны мяняюцца, гэта нагода задумацца і абавязкова пагаварыць.

    У сям’і павінна панаваць атмасфера даверу, бацькам неабходна размаўляць з малымі, цікавіцца іх захапленнямі, што дапаможа выявіць і прадухіліць праблемы. Не трэба саромецца пры неабходнасці звяртацца да спецыялістаў.

    Тэлефонная лінія для аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі «Тэлефон даверу» ў Мінску для дзяцей і падлеткаў: 8 (017) 2460303, 8 (017) 2150000 кругласутачна.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars